Біблія ў бронзе

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адкрыў памятны знак у гонар 430-годдзя выхаду ў свет Астрожскай Бібліі.

/i/content/pi/cult/354/6754/14-3.jpg

Знак устаноўлены ў вёсцы Тарасава, што ў некалькіх кіламетрах ад беларускай сталіцы. Помнік размешчаны непадалёк ад будынка Цэнтра праваслаўнай культуры імя Святога дабравернага князя Канстанціна Астрожскага, што ўзводзіцца на тэрыторыі мясцовага праваслаўнага прыхода.

Доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота падкрэсліў, што асвячэнне і адкрыццё памятнага знака, які стварыў скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Міхаіл Інькоў, закладвае і пачатак асветніцкаму Цэнтру ў колішнім маёнтку дабравернага князя Астрожскага.

Намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Ламека, які прысутнічаў на адкрыцці і асвячэнні памятнага знака, адзначыў, што яму, як і ўсім праваслаўным славянам, асоба Канстанціна Астрожскага вельмі дарагая і блізкая. На яго прыкладзе, на думку Уладзіміра Ламекі, варта выхоўваць і маладое пакаленне.

 Згодны з гэтай думкай і настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Тарасава, протаіерэй Сергій Кузьмянкоў. Па словах святара, ідэя стварэння Цэнтра праваслаўнай культуры з'явілася некалькі гадоў таму падчас святкавання 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Астрожскага. Тады ўдзельнікі і госці ўрачыстасцей адзначалі, што цягам апошняга стагоддзя гэтая вялікая гістарычная постаць была беспадстаўна забытая. Акрамя таго, дзякуючы падтрымцы з боку царквы і дзяржавы, з гэтага года ў межах праваслаўнага прыхода вёскі Тарасава праводзяцца "Астрожскія чытанні", якія збіраюць вядучых даследчыкаў айчыннай гісторыі.

На здымку: памятны знак.

Фота аўтара

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"