Як “Латарэя” стала падзеяй

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Славянская душа ў “закрытым фармаце”?

/i/content/pi/cult/354/6744/7-1.jpg

 6 снежня гала-канцэртам лаўрэатаў завяршыўся Міжнародны конкурс піяністаў - выканаўцаў славянскай музыкі з аркестрам імя С.Манюшкі. Перамагла на ім - Музыка. І рашэнне журы не выклікала ніякіх сумневаў ці спрэчак.

Конкурс рыхтаваўся ў надзвычай сціслыя тэрміны. Міністэрства культуры Беларусі здолела ажыццявіць арганізацыйны працэс літаральна за тры тыдні. Дый сама прапанова (а хутчэй, пажаданне) правесці спаборніцтва ў Мінску была выказана прапраўнучкай вялікага кампазітара, старшынёй Французскай асацыяцыі С.Манюшкі, прафесарам Парыжскай нацыянальнай кансерваторыі Кларай Манюшка ўсяго год таму, калі яна завітала на зладжаную ў нашай філармоніі прэм'еру ранняй оперы свайго прапрадзеда "Латарэя". Ранейшыя тры Фартэпіянныя конкурсы імя С.Манюшкі праходзілі ў Францыі, журы там узначальваў мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, прафесар Юрый Гільдзюк. Але тыя спаборніцтвы былі сольнымі, цяперашняе ж- з аркестрам. Таму конкурс па праве можа лічыцца Першым. І ўсе мараць, каб ён стаў традыцыйным.

Статыстыка на конкурсах - не самае галоўнае. Важна - каб было паболей сапраўды дзеючых асоб і паменей "статыстаў". У гэтым сэнсе цяперашняе спаборніцтва папраўдзе ўдалося. Добра папрацавалі тыя, хто ажыццяўляў папярэдні адбор удзельнікаў - у Польшчы, па дасланых DVD. Гэты адбор не праходзіла толькі Надзея Герасімава - як пераможца леташняга "сольнага" конкурсу імя С.Манюшкі ў Парыжы. І тое, што яе цяперашняе выкананне (не толькі ў конкурсе, але і на канцэрце адкрыцця) уразіла меней, чым выступленні астатніх,- дадатковае сведчанне: прыпынак у творчасці азначае крок назад.

Гнацца за колькасцю ўдзельнікаў не мела сэнсу яшчэ і таму, што кожны канкурсант, паводле рэгламенту, павінен быў атрымаць гадзіну рэпетыцыі з аркестрам. І на Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі прыпала па пяць-шэсць інструментальных канцэртаў на дзень. Але аркестравае суправаджэнне было выдатным, што не стамляліся адзначаць удзельнікі і члены журы. Музыканты на чале з Андрэем Галанавым не проста годна выконвалі свае партыі, а ішлі следам за салістам і ягоным прачытаннем.

/i/content/pi/cult/354/6744/7-2.jpgКлара Манюшка, выступіўшы артыстычным дырэктарам конкурсу, звяртала асаблівую ўвагу на праграму: "Ідэя гэтага конкурсу - з'яднаць не толькі саміх выканаўцаў, але і творчасць славянскіх кампазітараў. Таму хацелася, каб на ім гучала як мага больш розных твораў". Атрымалася ж - адзінаццаць піяністаў (трое з Польшчы, па двое - з Беларусі і Расіі, па адным - са ЗША, Паўднёвай Карэі, Узбекістана, Японіі) і чатыры канцэрты для фартэпіяна з аркестрам: А.Дворжака, Першы С.Пракоф'ева, Другі Ф.Шапэна (яго ігралі тройчы), і Другі С.Рахманінава (выконвалі шэсць разоў).

Сапраўдным адкрыццём нават для спецыялістаў стаў Канцэрт Дворжака, які, на жаль, амаль не гучыць з канцэртнай эстрады. Тым больш, "прэзентацыя" гэтага твора паўднёвакарэйскай піяністкай Ванжунг Анжэлай Лі была праведзена з сапраўдным славянскім адценнем. Выканаўцы з Усходу часта здзіўляюць неверагоднай тэхнікай, але часам іграюць, бы добра адладжаны механізм. Тут жа мы пачулі не толькі філіграннасць, але і музычнасць россыпаў, славянскую мяккасць, настальгічнасць, асаблівы шарм. Менш пашанцавала Канцэрту Пракоф'ева. У выкананні Юкіко Фудзімуры яго прахалодная лірыка набыла цеплыню, але гэтай японскай піяністцы не хапіла пракоф'еўскай вастрыні і энергетыкі.

 Па-рознаму трактаваўся Шапэн. Самая маладая канкурсантка, 16-гадовая Надзіра Дадамухамедава з Узбекістана выканала яго надзвычай шчыра, імпульсіўна, нават з нейкім юначым задорам. Дамініка Пешка з Польшчы - з ноткамі гераічнасці і імпэту, якія ярка кантраставалі пранікнёным лірычным астраўкам. Яе суайчыннік Лукаш Крупіньскі - з асаблівай выразнасцю, паэтычнасцю, вытанчанасцю, рамантычна імправізацыйнай манерай, фантастычнай кранальнасцю гуку (першая прэмія і спецпрыз "Спадчына" Акадэміі музыкі).

Не менш разнастайным аказалася і прачытанне Рахманінава. Расіянін Міхаіл Далгоў (другая прэмія) іграў настолькі "правільна" і амаль ідэальна, што не хапала хоць якой-небудзь разыначкі, якая парушыла б надта звыклую трактоўку. Амерыканец Пітэр Джон, узяўшы больш павольны тэмп, ператварыў яе ў гімн разважлівасці і прыгажосці, але пры гэтым пацярпела адзінства формы. Пшэмыслаў Вінніцкі з Польшчы падкрэсліў звонавасць, правёўшы яе з першых тактаў праз увесь твор і дасягнуўшы глыбокіх, насычаных гучанняў з абертонамі, яркасці, характарнасці вобразаў. У нашага Андрэя Шычко Канцэрт загучаў папраўдзе магутна і напорыста, ды амаль без кантылены. Другі беларускі ўдзельнік - Яўген Галанаў (трэцяя прэмія) - засяродзіўся на эмацыйных кантрастах, драматургічнай логіцы, але часам надта асцярожнічаў. Назіраючы за гэтым музыкантам не першы год, штораз радуешся яго творчаму росту, усё больш удумліваму выкананню, асэнсаванасці. У гэтым конкурсе ён, дарэчы, выратаваў "беларускую каманду". Павінен быў удзельнічаць іншы выхаванец прафесара Людмілы Шаламенцавай, але захварэў, і Жэня літаральна за чатыры дні да конкурсу аднавіў у памяці рахманінаўскі канцэрт, які быў у яго рэпертуары. Зрэшты, адметнасць беларускай фартэпіяннай школы была адзначана старшынёй журы, народным артыстам Расіі Юрыем Слесаравым яшчэ на прэс-канферэнцыі, што папярэднічала конкурсу.

Конкурс, без перабольшванняў, стаў падзеяй. Але ж ці знайшла яна адпаведнае прызнанне? Ці былі скарыстаны напоўніцу багатыя магчымасці конкурсу як майстар-класа? Інфармацыю СМІ атрымалі на прэс-канферэнцыі ў суботу 3 снежня. Таму нават у штодзённыя выданні "анонсы" маглі патрапіць хіба ў нумар за аўторак, калі вынікі ўжо былі падведзены. Няма чаго здзіўляцца, што Канцэртная зала філармоніі, нягледзячы на вольны ўваход, была напаўпустой. І запоўнілася толькі ў аўторак, на ўзнагароджванні лаўрэатаў. Слухачы даведваліся пра конкурс часцей не з афіш, што з'явіліся акурат у дзень адкрыцця, а з вуснаў у вусны. Праўда, за пару гадзін да пачатку тэлефонныя запрашэнні раздаліся ў музычных навучальных установах, але ў гэты суботні час большасць навучэнцаў і выкладчыкаў ужо адпачывала. Інфармацыя пра ўдзельнікаў была змешчана адно ў буклетах, якіх ледзь хапіла на канкурсантаў, іх выкладчыкаў і журы. Для чаго ж тады, прабачце, філарманічны сайт? На ім так і не з'явіліся ні імёны ўдзельнікаў, ні расклад іх выступленняў адпаведна лёсаванню, ні пералік пераможцаў - толькі даты правядзення конкурсу і няпоўны склад журы. Пэўна, да Другога конкурсу грамадскасць будзе падрыхтавана лепей?..

На здымках: лаўрэаты конкурсу Лукаш Крупіньскі, Міхаіл Далгоў і Яўген Галанаў; члены журы Эльжбэта Стэфаньска-Клыш і Клара Манюшка.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"