Як адзначыла загадчык рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва Таццяна Рослік, складальнікамі грунтоўнай працы з'яўляюцца Мікалай Трус і Янка Саламевіч. Па яе словах, работа над энцыклапедыяй вялася цягам 20 гадоў.
У выніку, энцыклапедыя налічвае каля 2000 артыкулаў, дзе, акрамя асвятлення зместу твораў паэта, іх тэматычнай і сюжэтнай скіраванасці, аналізу выяўленчых сродкаў, падаецца інфармацыя пра першыя публікацыі, пераклады на замежныя мовы. Змешчаны таксама артыкулы пра мастацкія і публіцыстычныя творы паэта. Асобную частку матэрыялаў энцыклапедыі склалі разнастайныя артыкулы пра творчасць М.Багдановіча і, у першую чаргу, яго цудоўную лірыку. Да таго ж некаторыя матэрыялы энцыклапедыі асвятляюць сувязь Багдановіча з замежнай літаратурай і мастацтвам. Шырока паказана і повязь класіка з выяўленчым, музычным ды тэатральным мастацтвам. У выданні ўпершыню апублікавана шмат новых і малавядомых грамадскасці матэрыялаў пра шлях творцы.
Вялікая роля ў стварэнні энцыклапедыі належыць супрацоўнікам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, які 8 снежня адзначыў сваё 20-годдзе.