Трыццаць — “Ветразю...”

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Ініцыятыва з гісторыяй

/i/content/pi/cult/353/6731/pic_40.jpg26 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася сустрэча ўдзельнікаў будаўнічага атрада "Ветразь надзеі", які быў арганізаваны трыццаць гадоў таму - у 1981-м.

Будатрад тагачаснага Мінскага інстытута культуры славіўся як адзін з найлепшых у БССР. Сведчаннем таму - шматлікія ганаровыя граматы, падзякі ды іншыя ўзнагароды, прычым некаторыя з іх дайшлі да сваіх уладальнікаў толькі цяпер. Будынкі, узведзеныя рукамі беларускіх студэнтаў, стаяць у Карэліі, Цюменскай вобласці, розных кутках Сібіры. Удзельнікаў будатрада сустрэў рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў.

Ён распавёў пра сённяшні стан універсітэта, пра міжнародныя кантакты навучальнай установы (у тым ліку -з Цюменскай акадэміяй мастацтва, культуры і сацыяльных камунікацый, дзе навучаецца даволі шмат беларусаў Сібіры). Рэктар казаў і пра тое, што дзверы ўніверсітэта заўсёды адкрыты для колішніх выпускнікоў, і запрасіў іх да актыўнага супрацоўніцтва.

Пасля прывітальнай часткі сустрэчы для ўдзельнікаў будатрада песні савецкіх гадоў выканалі першакурсніцы БДУКіМ. Апошнюю ж ноту ў сустрэчы паставіў удзельнік будатрада, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Васіль Мінгалёў, які выканаў творы з сусветнай рамансавай класікі.

 

Аўтар: Пётр ОВАД