Надмагілле пінскага залатара

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

… Важкі абломак абчасанага чырвонага граніту, скрэслены сімваламі і стараславянскай вяззю, нядаўна быў дастаўлены ў Музей Беларускага Палесся. Паводле слоў дырэктара музея Валерыя Лытнева, пра знаходку паведамілі рабочыя, якія займаліся планіроўкай будучай пешаходнай зоны на галоўнай плошчы горада. Іх увагу прыцягнулі старадаўнія пісьмёны і знакі, таму камень не адправілі ў агульны адвал. Музейшчыкі і краязнаўцы былі настолькі здзіўлены знаходкай, што адразу пасля ачысткі аднеслі яе ў асноўную экспазіцыю — у залу гісторыі.

 /i/content/pi/cult/131/672/Kamenj.jpg
Рэдкі экспанат адразу “робіць” такую “кар’еру”.
А вось калі б землякопы не праявілі належнай увагі, магло б здарыцца непапраўнае... Зрэшты, у стаўленні да свайго мінулага мы часцей церпім страты, чым робім набыткі.
Наша галоўная плошча —такое месца, што дзе на ёй ні спынішся, пад нагамі— усе дзевяць вякоў пінскай гісторыі. Цяперашняя рэканструкцыя дарожнага і тратуарнага пакрыцця агаліла большую частку тэрыторыі археалагічнага помніка. Кожны раз на паверхні з’яўлялася нешта цікавае. Вось ля паўночна-заходняй часткі калегіума ў неглыбокай экскаватарнай траншэі бачны цэлы россып правізарскага посуду —- тут месцілася сярэднявечная аптэка.
Побач з магазінам “Цэнтр” у зямлі раскрыта цагляная кладка —- падмуркі гандлёвых радоў. Адшукаўся і замок ад крамы мясцовага купца. А праз дзесятак метраў на ўсход выявіліся рэшткі старажытнага Пінскага некропаля. У драўляных трунах ляжалі абезгалоўленыя целы. Іх даследаваў вядомы беларускі археолаг Пётр Лысенка.Аднак найбольш цікавай з нядаўніх знаходак матэрыяльнай культуры пінчукоў застаецца камень з надпісамі.
Асноўны і найбольш выразны тэкст уверсе не мае пачатку, а апошнія літары пашкоджаны. Удалося высветліць, што гаворка ідзе пра “залатара”, як раней называлі ювеліраў.
А разгадка знаходзілася на вышэйшым музейным паверсе. Абрысы літар, сам матэрыял нагадвалі адзін вельмі знаёмы ўсім наведвальнікам экспазіцыі прадмет — надмагільную пліту пінскага залатара Ждана. У яе ёсць асаблівая адметнасць: там, дзе павінна стаяць дата смерці,— пустое месца. Паўстае жудасная карціна: жыў чалавек, заможны рамеснік, падрыхтаваўся быць прыстойна пахаваным, а тут здарылася такое...
Прынята лічыць, што ўсяму віной падзеі, якія разгарнуліся ў Пінску ў верасні — кастрычніку 1648 года. Мяшчане перайшлі тады на бок украінскіх казакаў. У горадзе пачаўся бунт, ішла разня. А неўзабаве самі паўстанцы палі пад націскам рэгулярных войск Рэчы Паспалітай. Вось тады і загінуў залатар Ждан. Можа, яго надмагілле і было пастаўлена над труной, але ў фактычна абязлюдзелым горадзе не знайшлося каму высечы на камені дату скону. Прафесар П.Лысенка лічыць, што даследаваны ім участак могілак належыць да таго трагічнага часу.
Магілу Ждана парушылі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі плошчу рыхтавалі да перабудовы на сацыялістычны лад. Згодна з запісам у Галоўнай інвентарнай кнізе музея, экспанат паступіў у ліпені 1952 года ад ваеннаслужачых Ваенна-Марскога Флоту. Маракоў часта далучалі да работ па добраўпарадкаванні. Дарэчы, адно з падраздзяленняў пэўны час нават базіравалася ў мурах калегіума.“Залатар — да залатара”, — вырашылі ў музеі ўдзельнікі агляду новай знаходкі і паднялі камень у экспазіцыйную залу. Здагадкі цалкам пацвердзіліся: абодва фрагменты супалі па правым краі. Папоўненым графічным матэрыялам будзе прапанавана заняцца спецыялістам.
Так, праз стагоддзі, разрозненыя часткі, здавалася б, незваротна страчанага цэлага пачалі з’ядноўвацца. А колькі застаецца нераскрытых таямніц?..

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск
Фота аўтара