Колькі палае кантрабас?

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Аркестр — “у рассыпную”

/i/content/pi/cult/353/6718/pic_29.jpgНародны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў, які ўзначальвае наш Дзяржаўны сімфанічны аркестр, здзіўляць умее. Але такога яшчэ не было!

Сапраўды, у гэтым калектыве, які хутка адзначыць 85-годдзе, апошнім часам, што ні канцэрт - прэм'ера за прэм'ерай. А колькі незвычайных праектаў. Нарэшце, кіраўнік вырашыў "рассыпаць" аркестр, падзяліўшы яго на часткі. Бо ў першым аддзяленні нядаўняга канцэрта гучалі адно струнныя - з дзіцячым хорам і салісткамі. Палову другога на сцэне ў паўзмроку валадарыў... сольны кантрабас, ды яшчэ з "наварочанай" сучаснай беларускай музыкай. Завяршала ж канцэрт асляпляльнае сонца духавых у творы Месіяна, што гучаў у нас упершыню.

Пры ўсім гэтым, праграма не "рассыпалася" на часткі, а з'ядналася ідэяй звароту да эпохі барока. "Stabat mater" Пергалезі сімвалізаваў пераходны гістарычны этап - ад барока да класіцызму. Неабарочная Саната для кантрабаса сола Вячаслава Кузняцова спалучала эстэтычныя законы даўніны з найноўшымі віртуознымі прыёмамі. Твор Месіяна вяртаў да біблейскіх крыніц, што ляжалі ў аснове барока. Але ж як пачуваў сябе беларускі кампазітар, чыя музыка апынулася ў такім атачэнні?

- Гэтая смелая ідэя, - выказаў сваё меркаванне Вячаслаў Кузняцоў,- утрымлівае не толькі цікавы драматургічны ход, але і строгую часавую канцэпцыю: яднанне аркестра ў часавай прасторы, калі мы думкамі вяртаемся да твораў, што прагучалі ў канцэрце раней, і складаем усю праграму, як пазлы ў мазаіцы, у адзіную "карцінку".

Кантрабас, як вядома, - далёка не самы сольны інструмент. І ў тым, што зала больш як 20 хвілін зацікаўлена сачыла за монаспектаклем драўлянага "некараля" інструментаў,- заслуга артыста аркестра, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Паўла Сідарэнкі і яго выкладчыка Мікалая Крывашэева. Апошні таксама працаваў у гэтым аркестры і быў першым выканаўцам згаданай Санаты. Яго вучань, беражліва выкарыстаўшы назапашанае настаўнікам і старэйшым калегам, знайшоў у творы і штосьці сваё. Ягоны кантрабас запалаў асаблівай містыкай шалёных шабельных пасажаў і "нябачных" абертонаў.

На здымку: Павел Сідарэнка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"