Падзея, найперш, - для самога хору Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. І для яго кіраўніка- галоўнага хормайстра тэатра, народнай артысткі краіны Ніны Ламановіч. А для слухачоў? Сярод іх, дарэчы, было багата не толькі аматараў, але і вядомых спецыялістаў опернага і харавога мастацтва.
- Такая "поўнаметражная" прэзентацыя багатых магчымасцей калектыву,- падзялілася ўражаннямі кандыдат мастацтвазнаўства Алена Лісава, - патрабавала вельмі сур'ёзнай падрыхтоўкі. Тым больш, што праграма складалася не з папулярнай класікі і эфектных "бісовак", а пераважна з ціхіх, пранікнёных твораў, што патрабуюць удумлівага ўслухоўвання: духоўная музыка, лірычныя народныя песні, старадаўнія і сучасныя харавыя рамансы, хоры з опер, якіх цяпер няма ў нашай афішы. Рашыцца на такое мог толькі вельмі смелы і ўпэўнены ў сваім калектыве кіраўнік. Цудоўна, што ў цэнтры ўвагі апынуўся не толькі ўвесь хор, але і яго асобныя артысты. Яны саліравалі на роўных з прызнанымі опернымі прымадоннамі і спевакамі-прэм'ерамі, дэманструючы шыкоўныя галасы ды выдатную спеўную падрыхтоўку.
- Гэта феномен, таямніца, штосьці надзвычайнае! - не скупілася на азначэнні кампазітар Ганна Казлова. - Я ў жыцці не чула такога дзівоснага тушэ! А якая чароўнасць стэрэафанічнага гучання! Гук літаральна расцякаўся па ўсёй зале, пранікаў унутр цябе, яго хвалюючая фактура заставалася неразгаданай загадкай. Гэта ж якое ўменне патрабуецца, каб так спасцігнуць акустыку нашай опернай сцэны - і рабіць з яе дзівосы! Ведаю, што ў гэты хор бяруць спевакоў толькі з тэмбрыстымі галасамі. Але ж які талент патрэбен, каб іх як след з'яднаць! Кожная нота, кожнае слова - усё адгукалася ў душы яшчэ і праз абаянне хормайстра. У гэтай мініяцюрнай прыгожай жанчыне адчувалася не проста ўлада, а- харызма душы, якая абдымала не толькі хор (а ў канцы - і аркестр, за пульт якога яна ўстала), але і ўсю залу. Было адчуванне, што ўсе мы спявалі разам з артыстамі- у тэатры, дзе прынята адно ўважліва слухаць, што мы таксама сталі ўдзельнікамі гэтай дзеі.
На здымку: хор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.