“Філасофія дрэва”

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Светлагорск: незвычайная выстаўка

/i/content/pi/cult/352/6694/13-3.jpg

Менавіта так, крыху нечакана, называецца выстаўка скульптурных твораў Яўгена Барысенкі, якая нядаўна адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава.

Аказваецца, дрэва можа мець пачуцці, памяць, той або іншы характар... Ёсць у яго і свая філасофія. Але такое здараецца толькі тады, калі яно сустракаецца з талентам, з творчай апантанасцю. А яна заўжды была ў Яўгена Аркадзьевіча, дзе і кім бы ён ні працаваў.

Нават назвы яго работ сцвярджаюць іх філасофскую і гістарычную заглыбленасць, натуральнасць асацыяцый: "Дыяніс. Прадчуванне асалоды", "Мроі аб каханні", "Пераадоленне хаосу"... Яўген Аркадзьевіч шукае прастаты, але не спрошчанасці. І -знаходзіць яе ў пачуццёвых праяўленнях. Эмацыйная напружанасць адчуваецца і ў "Апошнім коласе", і ў "Прароку", але асабліва ярка - у "Самасузіранні". Па-рознаму можна ўспрымаць аблічча героя гэтага псіхалагічна асэнсаванага твора. Але яго пакутлівая засяроджанасць на самім сабе - відавочная: вочы прыкрыты, лоб наморшчаны, бровы прыўзняты, у вуснах адчуваецца нямы боль... І наогул, ён нібыта зазірае ў таямнічую сутнасць сваёй душы. Нервова напружаная рука, якая падпірае шчаку... Вось яна, уразлівая загадкавасць самасузірання.

Акрамя таго, ёсць больш даступныя кожнаму сюжэтныя або партрэтныя ўвасабленні. З якой шчырасцю, з якім тонкім лірызмам Яўген Барысенка здолеў перадаць адчуванне яскравашчаслівай роднаснасці маці і ейнага сына! Відавочная пачуццёвая супакоенасць зыходзіць ад твора, які так і называецца - "Шчасце". Юныя светлагорцы (а іх часта можна ўбачыць у галерэі), безумоўна, парадуюцца такім выявам, як "Гном", "Хатабыч", "Лясныя жыхары", "Радасць"...

 Вось ужо больш за трыццаць гадоў увесь свой вольны час майстра аддае любімаму занятку - разьбе па дрэве, і назва выстаўкі- "Філасофія дрэва" - цалкам адпавядае яго творчай сутнасці.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск