У міжваенныя гады…

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Фактаграфія з архіваў і дакументаў

 

Неаднаразова ў перыёдыцы ўзнімалася праблема двух лёсавызначальных для ўсяго народа і, вядома ж, для развіцця культуры, духоўнасці дакументаў: Рыжскай мірнай дамовы - з моманту падпісання якой сёлета споўнілася 90 гадоў,- і Пакта Молатава-Рыбентропа 1939-га, калі нарэшце адбылося ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Тым не менш, і па сёння адкрываецца шмат "белых плям", звязаных, у прыватнасці, з драматычным лёсам праваслаўных святароў.

Як адзначае кандыдат багаслоўя Фёдар Крыванос у кнізе "Многи скорби праведным", што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве мінскага Свята-Петрапаўлаўскага сабора, на этнічных беларускіх землях, якія знаходзіліся да 1939 года ў складзе Польшчы, праводзілася жорсткая палітыка ў адносінах да праваслаўя. Больш за тое: рабіліся захады па знішчэнні шэрагу храмаў. Таму часу была ўласціва і дыскрымінацыя праваслаўных беларусаў у грамадзянскіх правах. Скажам, па звестках кандыдата багаслоўя Сергія Гардуна, на Брэстчыне ў агульнаадукацыйных школах ніводзін прадмет, за выключэннем Закону Божага, не выкладаўся па-беларуску. У такой сітуацыі, сведчыць даследчык, адны святары ішлі на кампраміс і выкладалі Закон Божы па-польску, за што атрымлівалі прывілеі, павышаны заробак, іншыя ж- імкнуліся як мага шырэй выкарыстоўваць родную мову.

Аднак менавіта пад час змены ўлады з верасня 1939-га распачаліся масавыя злачынствы ў адносінах да святароў і найбольш актыўных прыхаджан. Як адзначае Фёдар Крыванос, забойствы адбываліся тады, калі палякі ўжо не кантралявалі сітуацыю на месцах, а савецкія органы ўлады яшчэ не сцвердзіліся, не займелі яшчэ аўтарытэту на далучанай да БССР тэрыторыі. Пры гэтым актамі расправы з духавенствам кіравалі так званыя рэвалюцыйныя камітэты. Паводле пратакола допыту протаіерэя Юліяна Мілера, арыштаванага ў 1944-м, стала вядома: толькі ў межах Гродзенскай епархіі ў 1939 - 1941 гг. налічвалася "...да 10 святароў, забітых сваімі людзьмі".

Акрамя таго, пасля 17 верасня 1939-га было арыштавана шмат жыхароў заходніх абласцей Беларусі, у тым ліку - і многія святары, па падазрэнні ў супрацоўніцтве з польскай паліцыяй, а таксама за ўдзел у контррэвалюцыйным руху. Фёдар Крыванос звяртае ўвагу: у пераважнай большасці вынесеных прысудаў было адно і тое ж пакаранне: восем гадоў лагераў, што сведчыць і пра ўзровень расследавання віны арыштаванага.

Даследчык са спасылкай на дакументальныя і архіўныя крыніцы прыводзіць наступныя факты: да 22 чэрвеня 1941 года на тэрыторыі колішняй Заходняй Беларусі "...было арыштавана 53 святары, 10 з іх пазней вызвалілі, 37 зніклі без вестак і 6 памерлі і былі расстраляны"...

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"