На подыуме — соль з дэвонскага перыяду

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Папараць-кветка з біяграфіяй у мільён гадоў

/i/content/pi/cult/352/6689/14-1.jpg

Неаднойчы на старонках "К" ішла гаворка пра спрадвечных спадарожнікаў чалавека - камяні, іх разнастайныя адметнасці, а таксама абрады і традыцыі, звязаныя з шанаваннем гэтых старажытных артэфактаў гісторыі. У той жа час, па-за ўвагай заставалася не менш унікальная з'ява: равесніца тых жа камянёў - соль, якая не толькі ўзбагачае смак разнастайных страў, але і захоўвае багата таямніц, схаваных у тоўшчы зямлі на глыбіні ў тысячу метраў.

Да прыкладу, у слаях беларускай солі айчыннымі шахцёрамі не так даўно былі знойдзены фрагменты дагістарычных жамярын і раслін, у тым ліку галінка папараці, закансерваваная на некалькі мільёнаў гадоў. Сёння гэтыя ды шэраг іншых унікальных прадметаў захоўваюцца ў Музеі працоўнай славы "Беларуськалія", які быў адкрыты колькі гадоў таму. Нягледзячы на адносна малую плошчу - усяго 130 квадратных метраў, - фонд музея налічвае больш за тысячу каштоўных экспанатаў, падзеленых у адпаведнасці з канцэпцыяй на дзве часткі: Залу гісторыі прадпрыемства і Прастору сучаснасці.

Зразумела, ніякай гісторыі прадпрыемства не было б без уласна карысных выкапняў. Як вядома, Старобінскае радовішча калійных солей - адно з найбуйнейшых у свеце і другое па велічыні на тэрыторыі СНД. А ўтварылася яно каля 300 мільёнаў гадоў таму напрыканцы дэвонскага перыяду геалагічнай гісторыі. Цікава, што калійныя солі размяшчаюцца ўнутры пластоў солі каменнай, а ўзоры сцен салігорскіх шахтаў нагадваюць нацыя н а л ь н ы я арнаменты, адлюстраваныя на традыцыйных беларускіх ручніках!

Уласна ж гісторыя прадпрыемства бярэ пачатак у першым пасляваенным дзесяцігоддзі - у 1949-м, калі і было адкрыта радовішча калійных солей. Як сведчаць прадстаўленыя ў музеі дакументы, першая буравая вышка ўяўляла з сябе недасканалае драўлянае збудаванне, у якім знаходзіўся свідравальны станок і працаваў просты рухавік у 22 конскія сілы. Маштабнае ж асваенне радові/i/content/pi/cult/352/6689/14-2.jpgшча пачалося толькі ў 1958 годзе з будаўніцтва Першага Салігорскага калійнага камбіната, І-я чарга якога была ўведзена ў эксплуатацыю ўжо ў снежні 1963-га.

Можна толькі ўявіць, колькі намаганняў давялося прыкласці стваральнікам прадпрыемства і шахцёрам, каб здабыць першыя тоны ўнікальнага рэчыва. Менавіта таму арыгінальныя дакументы, рарытэтныя фотаздымкі і разнастайныя прадметы шахцёрскай прафесіі, характэрныя для сярэдзіны мінулага стагоддзя, што захоўваюцца ў музеі, маюць велізарнае значэнне для спазнання гісторыі "Беларуськалія", а да таго ж, дазваляюць трапіць у прастору самой шахты. Да прыкладу, у экспазіцыі прадстаўлены здымкі пераможцаў працоўных спаборніцтваў, рэкардсменаў па здабычы і перапрацоўцы руды.

Музей, як адзначылі яго супрацоўнікі, мэтанакіравана збірае і захоўвае матэрыялы, якія /i/content/pi/cult/352/6689/14-3.jpgхарактарызуюць гісторыю, вытворчасць, эканоміку "Беларуськалія", а таксама прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры, што маюць гістарычную, навуковую і мастацкую каштоўнасць.

Колькі слоў варта сказаць і пра канцэпцыю музея, у адпаведнасці з якой залы падзелены дыяганальным разрэзам у выглядзе пластоў калійнай солі, што стварае дыярама шахты. Пры гэтым, у дыяганальным разрэзе з аднаго боку знаходзіцца панарама лавы з горназдабыўным комплексам. У той жа час, экспанаты размяшчаюцца на подыумах у выглядзе структуры руды. У прыватнасці, у прасторы музея можна сустрэць муляжы шахцёра і выратавальніка ў натуральную велічыню, тэхніку і абсталяванне, неабходнае для вытворчасці. Акрамя таго, узоры прадукцыі размешчаны ў шкляных цыліндрах на шматузроўневым подыуме.

Думаецца, чарговыя цікавыя экспанаты не прымусяць сябе чакаць, тым больш, у наступным годзе будзе ўведзена першая чарга новага Бярозаўскага рудніка, пры асваенні якога, як запэўнілі на прадпрыемстве, выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі.

На здымках: першыя геолагі ў Салігорску;

фрагмент экспазіцыі музея і яе "салёны" экспанат.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"