Традыцыйная выстаўка "Прастора і форма" прадставіла работы майстроў дэкаратыўнага шкла, габелена, керамікі ў сталічным Палацы мастацтва. У экспазіцыі - творы як сталых аўтараў, так і маладых мастакоў.
2011-ы - юбілейны для беларускага дэкаратыўна-прыкладнога: менавіта 50 гадоў таму была створана кафедра ДПМ на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. За тэрмін існавання кафедры прафесійную адукацыю атрымалі больш за 350 мастакоў, сярод іх - лаўрэаты дзяржаўных прэмій і міжнародных конкурсаў. Якраз яны акрэсліваюць тую плынь, у межах якой развіваецца сённяшняе айчыннае ДПМ. Формы яго з кожным годам становяцца ўсе больш складанымі, матэрыялы страчваюць сваю аднароднасць і набываюць характарыстыку ўзаемапранікнення. Тут шкло арганічна ўзаемадзейнічае з металам, у габелен уводзяцца керамічныя элементы, ніці сінтэтычнага матэрыялу падпяразваюць медзь, а гліна пачынае граць па-іншаму, сутыкнуўшыся з акрылам...
Тэматыка прадстаўленых работ - вельмі разнастайная: тут і спробы замацаваць музыку ў матэрыяле (работы М.Барысенкі ды П.Малаткова), і рэфлексія на тэму нацыянальных каранёў ("Ян Глябовіч - след мінулага" В.Багачовай), і новы погляд на звыклыя рэчы (творы А.Ткачова, В.Сазыкінай), і абстрактныя кампазіцыі, і нават... вопратка для русалак.
Па выніках жа выстаўкі 18 лістапада ў канферэнц-зале Палаца адбылася навукова-практычная канферэнцыя на тэму "Сучасны стан дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Рэспублікі Беларусь".
П.О.