Нагадаем, Міжнародны дзіцячы конкурс "Музыка надзеі" арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама і аддзелам культуры гарвыканкама. Творчае спаборніцтва праходзіць пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, многія юныя зорачкі з часам сталі яго лаўрэатамі і стыпендыятамі.
"Да 6 снежня 72 удзельнікі з Беларусі, Бельгіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Турцыі, Украіны - скрыпачы і віяланчэлісты - у трох узроставых групах будуць спаборнічаць за пальму першынства. Ужо зараз можна казаць пра даволі прадстаўнічую геаграфію. Да ўсяго, важна і тое, што свае заяўкі на ўдзел падалі таксама ўсе вобласці нашай краіны", - паведаміла "К" прадстаўнік аргкамітэта конкурсу Лілія Карташова.
Базай для правядзення конкурсу сёлета стала Гомельская ДШМ № 1 імя П.І. Чайкоўскага. А прадстаўнічае міжнароднае журы форуму, што складаецца з прафесуры ВНУ, выкладчыкаў школ мастацтваў і музыкантаў, узначальвае выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны артыст краіны Уладзімір Перлін.