Паясы: на кінастужцы і ў календары

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

28 лiстапада Нацыянальны мастацкi музей Рэспублiкi Беларусь стане пляцоўкай для прэзентацыі гiсторыка-культурнага праекта “Слуцкiя паясы — нацыянальная спадчына і гонар Беларусi”, прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

 

У рамках праекта, як паведамілі "К" у "Беларускім відэацэнтры", запланавана прэзентацыя настольнага календара на 2012 год "Слуцкiя паясы" і паказ хроніка-дакументальнага фiльма "Слуцкiя паясы- знакi лёсу" вытворчасці згаданай арганізацыі. І калі каляндар ужо з'явіўся ў продажы, дык стужку чакае адказная сталічная прэм'ера.

Аўтары (рэжысёр - Валерыя Скварцова, сцэнарыст - Галіна Злабенка) не толькі паказваюць гiсторыю ўзнiкнення слуцкiх паясоў, але і сведчаць аб прыгажосці ды велiчы гэтага скарбу беларускай культуры, раскрываюць сiмволiку нацыянальнай рэліквіі. Першымі ж ацанілі карціну жыхары старадаўняга Слуцка - калі горад адзначаў 895-годдзе з дня заснавання. Месца першага паказу- цалкам натуральнае, паколькі шэраг эпізодаў фільма здымаўся якраз там, дзе некалі знаходзілася славутая персіярня. Здымкі праходзілі ў Краязнаўчым музеі раёна, у Квасыніцкім цэнтры народных рамёстваў, на фабрыцы "Слуцкія паясы"... А 6 лістапада адбылася і тэлепрэм'ера стужкі на канале "Беларусь 1".

Дарэчы, правядзенне прэзентацыі ў Нацыянальным мастацкім - таксама не выпадковае. Па-першае, у пастаяннай экспазіцыі музея знаходзяцца ўзоры слуцкіх паясоў, што перададзены сюды на дэпазітнае захаванне. Па-другое, установа прапануе сваім наведвальнікам арыгінальную культурнаадукацыйную праграму "Прыйшоў час паясоў слуцкіх", заснаваную на вывучэнні гісторыі стварэння гэтых унікальных узораў ткацтва.

Дадамо, арганiзатарамi праекта выступаюць Мiнiстэрства культуры краіны, РУП "Мiнская друкарская фабрыка" Дзяржзнака, РУП "Беларускi вiдэацэнтр", Нацыянальны мастацкi музей.