Уганараваныя дзяржавай

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь удастоіў дзяржаўных узнагарод грамадзян краіны за шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, заслугі ў развіцці шэрагу галін дзяржавы, у тым ліку — сферы культуры. Адпаведны Указ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 лістапада.

 

Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта, ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны, у прыватнасці, мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" Леанід Захлеўны і дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук.

Сярод уганараваных медалём Францыска Скарыны - артысты беларускіх тэатраў, супрацоўнікі навучальных устаноў, тэлекампаній.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прысвоіў шэраг ганаровых званняў. У прыватнасці, звання народнага артыста Беларусі ўдастоена дырэктар - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка Таццяна Бандарчук.

Дзейнасць беларусаў замежжа пастаянна знаходзіцца пад увагай Кіраўніка нашай дзяржавы.

21 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні медалём Францыска Скарыны старшыні грамадскай арганізацыі "Севастопальскае таварыства "Беларусь", мастацкага кіраўніка народнага ансамбля беларускай песні "Белая Русь" Алы Гарэлікавай.

Як паведамляе Прэс-служба беларускага Лідара, Гарэлікава ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды нашай краіны за ўклад у развіццё і ўмацаванне дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай.

Севастопальскае таварыства "Беларусь" уваходзіць у склад Усеўкраінскага саюза беларусаў, што яднае тысячы нашых суайчыннікаў у краіне-суседцы. А народны ансамбль беларускай песні "Белая Русь" сёлета стаў госцем І Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які быў запамінальнай падзеяй у рамках "Славянскага базару ў Віцебску".