Пра “...фантан” без фанатызму

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

На фантаны зараз мода: да тых, што ўпрыгожваюць гарадскія ландшафты, далучыўся “Бахчысарайскі фантан” на сцэне Палаца Рэспублікі. Як і мае быць, з жывым струменем вады ў адной са сцэн. На шчасце, гэты элемент сцэнаграфіі не можа лічыцца галоўнай вартасцю пастаноўкі. А як жа ўвесь балет? Ці ёсць у ім фантан творчых знаходак?

 /i/content/pi/cult/131/667/Bahfantan1.jpg
Пры ўсіх недахопах аднаго з самых паказальных балетаў савецкай эпохі, якім і быў у свой час “Бахчысарайскі фантан”, пагаджуся, што трупе быў неабходны ў рэпертуары чарговы класічны спектакль — трывала традыцыйны, з яркімі характарамі, дастаткова дэмакратычны і касавы (тым больш — паводле аднайменнай паэмы А.Пушкіна, што дазволіць паказваць яго зранку ў разліку на школьныя культпаходы). Можа, кірунак харэадрамы сёння цікавы, найперш, з гістарычнага пункта гледжання. Але прымем пастаноўку за здзейснены факт і звернем увагу на тое, што ў выніку ўсё ж прыдбаў тэатр.
Гэты спектакль дае магчымасць раскрыцца не аднаму-двум вядучым салістам,а вельмі і вельмі многім, прычым з розных бакоў. Бо, акрамя цэнтральных партый, у ім багата, гаворачы кіношнай мовай, “эпізодаў” — яркіх, запамінальных, са сваёй інтрыгай і эмацыйным запалам. Дый асноўныя пяць партый — суцэльны клубок дыялектычных супрацьлегласцей: Захад і Усход, каханне і нянавісць, летуценні і жарсці (гэты шэраг можна працягваць ды працягваць), а над усім — вайна і мір, жыццё і смерць. Што ні кажыце — умеў Пушкін запальваць іскру ў “паданнях даўніны глыбокай”: татарскі хан Гірэй бярэ ў палон польскую шляхцянку Марыю Патоцкую, але і сам трапляе ў палон, зачараваны яе прыгажосцю, і не патрэбны становяцца яму ні гарэм з любай Зарэмай, ні ваяўнічасць паплечнікаў. Марыі ж патрэбны забіты ханам Вацлаў, а смерць ад рукі Зарэмы — усяго толькі збаўленне ад душэўных пакут.Кожны з артыстаў уносіць штосьці сваё ў трактоўку герояў дый усяго сюжэта. Людміла Кудраўцава (Марыя) і Антон Краўчанка (Вацлаў), паводле класічных стандартаў, — далёка не “ідэальная пара”: высокі партнёр і надта “акуратненькая” салістка. Дый іх дуэт хутчэй
 /i/content/pi/cult/131/667/Bahfantan2.jpg
нагадвае сустрэчу двух адзіноцтваў, чым адзіны голас узаемнага кахання. Ірына і Алег Яромкіны ў гэтых жа партыях увасабляюць, наадварот, незямную гармонію, што паяднала закаханых, стварыўшы тым самым іх асабісты свет, не падуладны жорсткім законам рэчаіснасці. Толькі разам яны — штосьці цэласнае, і з забойства Вацлава ханам немінуча набліжаецца гібель Марыі. З розных выканальніцкіх складаў вылучаюцца дзве розныя Зарэмы — пакутная Марына Вежнавец і тэмпераментна імпульсіўная Кацярына Борчанка, два Гірэі — Юрый Кавалёў, больш “дзікі” ў выяўленні пачуццяў, і Дзяніс Клімук, герой якога схільны да ўнутранай экспрэсіі, два Нуралі — Віталь Пятроўскі, які танцуе адно на эмоцыях, і вельмі дакладны ў харэаграфічнай лексіцы Канстанцін Кузняцоў, які малюе больш неадназначны вобраз, чым апантаны татарскі ваяр.
У выніку атрымліваюцца два розныя спектаклі. Адзін з іх пра тое, што кожны ў гэтым свеце адзінокі — нават той, хто хавае сваю адзіноту ў ваяўнічым натоўпе. Рэзюмэ другога іншае: каханне ўратуе свет — калі свет уратуе каханне. Нязменнай застаецца хіба сцэнаграфія В.Окунева: у традыцыях 1950-х, але з парушэннем такой істотнай рысы харэадрамы, як гістарычная дакладнасць дэталей. Сцэнічныя строі нагадваюць стракатасць расійскага лубка з яго адценнем дзіцячай казкі.Музыка Б.Асаф’ева — не шэдэўр кампазітарскага мыслення ХХ ст., але дырыжор Леў Лях выціскае з яе максімум выразнасці, а шматлікія інструментальныя сола дазваляюць музыкантам “не сумаваць”. Харэаграфія Р.Захарава часта не супадае з характарам музыкі. Але яе аднаўленне нашым Юрыем Траянам зроблена бездакорна.
Усе гэтыя мінусы, не залежныя ад беларускай трупы, сталі яшчэ больш падкрэслена відавочнымі напярэдадні Юбілейнага фестывалю балетаў Валянціна Елізар’ева — да 60-годдзя з дня нараджэння выдатнага харэографа. Гэты фестываль, што распачаўся 2 кастрычніка і працягнецца да канца месяца, лепей за ўсе словы дэманструе, што прыдбала краіна з прыходам у Беларускі балет гэтага майстра. Яго спектаклі — гэта акурат “фантан фантазій”: яны вабяць шырокай асацыятыўнасцю вобразаў, глыбокім асэнсаваннем адлюстраваных з’яў, у іх у дзівоснай гармоніі суіснуюць музычныя шэдэўры — ад Ігара Стравінскага да Яўгена Глебава, філасофскія фантасмагорыі мастака Яўгена Лысіка і, канешне ж, яскравыя харэаграфічныя знаходкі. На гэтым фоне “Бахчысарайскі фантан” выглядае ўжо не столькі класікай мінулых дзесяцігоддзяў, колькі — пераходным этапам ад класікі да неакласікі. Можа, у гэтым і ёсць яго прызначэнне?

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА
На здымках:
1. Зарэма — Кацярына Борчанка;
2. Марыя — Ірына Яромкіна, Вацлаў — Алег Яромкін.