Чацвёртая нага і знаходка карнавалу

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Уладас БАГДОНАС, артыст тэатра Эймунтаса Някрошуса “Meno Fortas”, наведаў Беларусь не ўпершыню. Зусім нядаўна ён і ў Аляксандра Яфрэмава здымаўся — у “Снайперы”, і ў ролі Атэла неаднаразова выходзіў на нашых сцэнах. А ў арміі ў свой час служыў у нашым Жалудку, што на Гродзеншчыне, — так-так, там, дзе здымалася “Масакра”. Але беларускай мове навучыўся не там, а на здымках стужкі “Ідзі і глядзі” Элема Клімава паводле Алеся Адамовіча, якая сталася сумесным праектам “Беларусьфільма” і “Мосфильма” сярэдзіны 1980-х.

/i/content/pi/cult/352/6668/Clip_18.jpg- Я іграў там беларуса і павінен быў размаўляць па-беларуску. Вельмі хваляваўся за сваё вымаўленне. Але са мной займалася жанчына: тлумачыла, што і як, дапамагала. І напрыканцы здымак прынесла мне цукеркі - як добраму вучню... Я і дасюль лічу тыя цукеркі найвышэйшай падзякай, уручанай мне "за ўдзел у адраджэнні нацыянальнай культуры"...

"Засвоіў" я і прафесію музыканта. У "Моцарце і Сальеры" ўвасабляў, вядома, Сальеры. Спяваў у мюзікле. А ў Паўла Лунгіна мне давялося пабыць дырыжорам: хвілін пяць махаў палачкай у такт аркестру - і той, як ні дзіўна, граў абсалютна стройна і зладжана, нягледзячы на ўсе мае "намаганні", наколькі я разумею, "перашкодзіць" музыкантам. Так што запрашайце - вазьмуся за любую партытуру. Галоўнае, каб аркестранты не падвялі. У Някрошуса я іграў нават... чацвёртую нагу вярблюда. Але там патрабавалася куды большае ансамблевае майстэрства, бо нас было чацвёра, і кожнаму - па назе. Што ні кажыце, а з аркестрам аказалася куды прасцей. Здаралася і так, што музыка перашкаджала. З "Атэла" мы шмат ездзілі па свеце. Аднойчы паказвалі гэты спектакль у Партугаліі, калі там было нацыянальнае свята. Я пачынаю сцэну развітання з мёртвай Дэздэмонай, а за вокнамі - феерверк, музыка, гулянні... Як іграць у такой атмасферы? А гледачы потым сказалі: якая цудоўная знаходка - смерць на фоне карнавалу...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"