- Я іграў там беларуса і павінен быў размаўляць па-беларуску. Вельмі хваляваўся за сваё вымаўленне. Але са мной займалася жанчына: тлумачыла, што і як, дапамагала. І напрыканцы здымак прынесла мне цукеркі - як добраму вучню... Я і дасюль лічу тыя цукеркі найвышэйшай падзякай, уручанай мне "за ўдзел у адраджэнні нацыянальнай культуры"...
"Засвоіў" я і прафесію музыканта. У "Моцарце і Сальеры" ўвасабляў, вядома, Сальеры. Спяваў у мюзікле. А ў Паўла Лунгіна мне давялося пабыць дырыжорам: хвілін пяць махаў палачкай у такт аркестру - і той, як ні дзіўна, граў абсалютна стройна і зладжана, нягледзячы на ўсе мае "намаганні", наколькі я разумею, "перашкодзіць" музыкантам. Так што запрашайце - вазьмуся за любую партытуру. Галоўнае, каб аркестранты не падвялі. У Някрошуса я іграў нават... чацвёртую нагу вярблюда. Але там патрабавалася куды большае ансамблевае майстэрства, бо нас было чацвёра, і кожнаму - па назе. Што ні кажыце, а з аркестрам аказалася куды прасцей. Здаралася і так, што музыка перашкаджала. З "Атэла" мы шмат ездзілі па свеце. Аднойчы паказвалі гэты спектакль у Партугаліі, калі там было нацыянальнае свята. Я пачынаю сцэну развітання з мёртвай Дэздэмонай, а за вокнамі - феерверк, музыка, гулянні... Як іграць у такой атмасферы? А гледачы потым сказалі: якая цудоўная знаходка - смерць на фоне карнавалу...
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА