Версія рэжысёра

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Рэжысёр Ёнас ВАЙТКУС, мастацкі кіраўнік Рускага драматычнага тэатра Літвы, закрануў цэлае кола праблем, з якімі сутыкаецца развіццё тэатральнага мастацтва ў яго краіне.

/i/content/pi/cult/352/6666/Clip_16.jpg- Апошнім часам тэатрамі кіруюць не галоўныя рэжысёры (я, мабыць,- адзінае выключэнне з правілаў), а прадзюсары, акцёры, дырыжоры. У выніку знікае такое паняцце, як "рэпертуарны тэатр". Раз-пораз узнімаецца пытанне: а ці патрэбен ён увогуле? Сцэна становіцца пляцоўкай для прыезду антрэпрыз. Трупа, не маючы ўнутранага "сямейнага" мікраклімату, развальваецца. Моладзь імкнецца рэалізаваць сябе ў тых або іншых асобных праектах, але многія з іх таксама вядуць да разбурэння асобы і школы. Так, Някрошус і Каршуновас маюць сваю аўтаномію, але ў астатніх тэатрах - амаль паміранне. Нават калі да іх прыходзіць новы кіраўнік і намагаецца нешта зрабіць, часцей за ўсё гэта аказваецца марным. Вось і атрымліваецца, што тэатр - на скрыжаванні: у маладых літоўскіх рэжысёраў - шмат магчымасцей рэалізаваць сябе, нават больш, чым у мяне, і, адначасова, Літве не хапае рэжысёраў! Такіх, якія павядуць за сабой.

Бо рэжысёр - гэта, па сутнасці, стваральнік формы спектакля, а без яе не бывае ніводнай рэчы. Форма - не проста канструкцыя, гэта хрыбет. А ўжо колькі на ім будзе "мяса" і "крыві", залежыць уласна ад артыстаў.

Рэпертуар я звычайна фармірую сам. Калі аддаць гэтую функцыю мастацкаму савету, дык у нас, пэўна, ішлі б адно камедыі - лёгкія, касавыя. Перад трупай я заўсёды раблю чытку п'есы. Аднойчы пасля такога першага знаёмства з матэрыялам артысты адмовіліся: яны папросту не зразумелі п'есу. Але я сказаў, што мы ўсё роўна будзем яе ставіць. І калі разам з імі прааналізаваў кожную дэталь, яны пагадзіліся. Ставім мы і так званыя акцёрскія спектаклі, разлічаныя, пры мінімуме выдаткаў, на бліскучую ігру.

Увогуле, багацце, звязанае адно з фінансавым складнікам, для тэатра не галоўнае. У тых жа краінах Скандынавіі, дзе мне даводзілася працаваць, я заўважаў, як залішняя забяспечанасць можа забіць творчасць. Калі "ёсць усё", дык дзе разгарнуцца фантазіі, творчай інтуіцыі? Гэта не азначае, што мастак павінен быць галодным у прамым, побытавым, сэнсе гэтага слова! Кожны творца павінен сам ствараць сабе "галодную сітуацыю" - гэта значыць, ставіць пэўныя мастацкія абмежаванні, якія будуць абуджаць ягоную думку, весці да пошуку. Галоўнае ў спектаклі- не ўразіць гледача каштарысам, а стварыць атмасферу, без якой мастацтва не жыве. А для гэтага важна ўсё: пластыка, музыка, колер, святло, бо гэта - частка сугестыўнага ўплыву на гледача. Толькі ў такой атмасферы акцёр будзе пачуваць сябе на патрэбнай хвалі, шукаючы адпаведныя эмоцыі. Дый глядач, каб стаць "саўдзельнікам" мастацкай задумы, павінен "адчуць атмасферу" яшчэ да прыходу ў залу. Вось чаму такое важнае супрацоўніцтва рэжысёраў не толькі з артыстамі, але і з мастакамі, кампазітарамі, харэографамі, дызайнерамі. Сувязі між імі павінны ўмацоўвацца яшчэ з гадоў навучання, з сумеснай працы над дыпломнымі і пераддыпломнымі праектамі...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"