Трапіць у поле “бачання”

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Што ўяўляе з сябе сёння тэатральнае мастацтва Венгрыі? Заслону над гэтым пытаннем прыадкрыла ў час “Панарамы” прафесар Ніна Кірай — вядучы венгерскі мастацтвазнаўца, гісторык тэатра, крытык, каардынатар Міжнароднай праграмы тэатра імя М.Чанаі ў Дэбрэцэне, член журы многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў. Яна падарыла бібліятэцы БДУКіМа сваю кнігу, відэазапісы спектакляў, выступіла са змястоўнай лекцыяй, што суправаджалася багатым відэарадам.

/i/content/pi/cult/352/6664/Clip_14.jpg- Тэатр ХХ стагоддзя - гэта тэатр бачання. І адкрыцці венгерскага тэатра наўпрост звязаны з развіццём еўрапейскага мастацтва. Але ж венгерскі тэатр пабудаваны не на рэжысуры, а на школе акцёрскай ігры - і на жанрах містэрыі, аперэты і зінгшпіля, якія могуць лічыцца нацыянальнымі здабыткамі. Гэта не псіхалагічны тэатр, а тэатр дзеяння і характараў, дзе вельмі важныя жэст, пластыка. Але калі кожны ствараў свой характар, яны часта не сутыкаліся паміж сабой: артысты не ўмелі слухаць адно аднаго, займаючыся кожны сваім вобразам.

Новы віток развіцця стартаваў у 1980-я, калі пачалася актыўная студыйная праца. Адна з такіх студый увогуле месцілася ў звычайнай кватэры, але аб'ядноўвала рэжысёраў ды акцёраў з кампазітарамі, мастакамі і ўсімі, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы спектакля. Шмат узнікла і пластычных эксперыментальных студый ды тэатраў. Чэхаў, Мальер і Шэкспір сталі амаль "нацыянальнымі" драматургамі Венгрыі, настолькі часта пачалі іх там ставіць.

У рэжысуры ж была зроблена стаўка на лепшых майстроў, запрошаных з усяго свету. І паступова з'явіліся свае цікавыя пастановачныя работы, асабліва плённа сталі працаваць у тэатры кінарэжысёры. Ну, а вечную дылему- хто ў тэатры галоўны: акцёр ці рэжысёр?- лепш за ўсё адлюстроўвае наступная, амаль містычная, гісторыя. Вядучая актрыса паабяцала запрошанаму рэжысёру выпусціць з ім спектакль. Той прыехаў працаваць, а яна- у коме: сітуацыя абсалютна непрадбачаная. Рэжысёр прысеў на яе ложак у шпіталі і з горычам сказаў: "Як жа так? Вы мяне падвялі!" Наступным днём артыстка раптам апрытомнела, загаварыла, - і неўзабаве адбылася прэм'ера...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"