Углыб на тысячу гадоў

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Што з раскопак здзівіць усіх?

/i/content/pi/cult/351/6653/14-6.jpg

 Ні для каго не сакрэт, што археалагічныя раскопкі заўсёды былі складаным і працаёмкім спосабам даведацца пра побыт і культуру нашых продкаў. Да таго ж, яны, што немалаважна, даюць магчымасць падарожнічаць у часе і прасторы. Адзін з такіх "падарожнікаў" праз часавы партал - археолаг, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Андрэй ВАЙЦЯХОВІЧ - падзяліўся інфармацыяй пра сёлетнія раскопкі на Менцы, і ў першую чаргу - пра ўнікальныя знаходкі, што праліваюць святло на гісторыю з'яўлення старажытнага Мінска.

- Сёлета прадоўжыліся раскопкі на рацэ Менцы Мінскага раёна. У чым жа заключаецца адметнасць гэтай тэрыторыі?

 - Існуе меркаванне, што летапісны Менск знаходзіўся якраз на рацэ Менцы. Ужо потым князь Усяслаў Чарадзей у сярэдзіне ХІ стагоддзя, пасля таго як паўднёва-рускія князі знішчылі паселішча, перанёс горад туды, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач і дзе сёння збіраюцца аднавіць драўлянае гарадзішча.

Раней даследаваннем тэрыторыі летапіснага Менска займаліся археолагі Георгій Штыхаў і Юрый Заяц. Але паколькі селішча мае велізарныя памеры (каля 30 гектараў), гэтыя раскопкі не маглі даць дакладнае ўяўленне пра сітуацыю на яго тэрыторыі ў ІХ - Х стагоддзях. І пасля працяглага перапынку ў гэтым годзе распачаліся невялікія разведвальныя работы для таго, каб пазней арганізаваць ужо больш маштабныя штогадовыя экспедыцыі. Таксама плануецца пасля археалагічных раскопак адрэстаўраваць паселішча на Менцы і надаць яму статус турыстычнага комплексу. Гэтае пытанне прыкладна месяц таму разглядалася на пасяджэнні Мінскага райвыканкама. Тым больш, паселішча мае вялікае гісторыка-культурнае значэнне і можа прыцягнуць увагу турыстаў. Да таго ж, што таксама важна, яно размешчана якраз на турыстычным кольцы "Мінск - Заслаўе- Строчыцы". Менавіта таму гэты комплекс патрабуе асаблівай увагі як з боку гісторыкаў, у першую чаргу- археолагаў, так і з боку мясцовага кіраўніцтва.

 - Якія цікавыя рэчы ўдалося знайсці пад час сёлетніх раскопак? /i/content/pi/cult/351/6653/14-4.jpg

- Нягледзячы на тое, што раскоп зрабілі невялікі- усяго 24 квадратныя метры, - а верхнія пласты зямлі былі неаднаразова пераараны сельскагаспадарчай тэхнікай, ды, у дадатак, паселішча цягам многіх гадоў рабавалі "чорныя археолагі", знаходак трапілася даволі шмат. У прыватнасці, мы выявілі бронзавую фібулу з макападобнымі канцамі, ключ з бародкай, ножыкі, фрагмент падвескі з каляровага металу, фаянсавыя каралі з арабскіх краін- усё гэта адносіцца да ХІ стагоддзя. Таксама адшукалі цікавую яму глыбінёй каля метра: яна была поўнасцю запоўнена фрагментамі бітага посуду, косткамі жывёлін, рыб і вуголлем. Ці гэта яма пад печ, ці месца гаспадарчага плана - пакуль што складана сказаць, але вялікая колькасць керамікі, па якой можна ўзнавіць практычна цэлыя формы гаршчкоў, дае падставы меркаваць, што гэтае паглыбленне адносіцца да 1-й паловы ХІ стагоддзя.

Што да посуду, то відавочна, што ўсе знойдзеныя гаршчкі зроблены на ганчарным крузе. Пры гэтым бачна, што на дзенцы кожны ганчар ставіў уласнае таўро, своеасаблівы подпіс майстра. У нас сярод знаходак ёсць таўры ў форме трохзубца і двухзубца. Цікава паназіраць за роспісам на посудзе: вырабы 2-й паловы Х- пачатку ХІ стагоддзя аздоблены арнаментам, а ўжо больш позні посуд яго не меў.

/i/content/pi/cult/351/6653/14-5.jpg- Як праходзіў уласна працэс археалагічных раскопак?

- На Менцы мы выбіралі найменш даследаванае месца. Далей калкамі пазначылі тэрыторыю раскопу, вельмі акуратна, тонка, рыдлёўкамі, знялі верхні пласт зямлі, якую студэнты-практыканты грунтоўна пераціралі пальцамі, каб не прапусціць ніводнай дробнай рэчы. Потым раскоп мы падзялілі на ўчасткі ды пранумаравалі.

 Дарэчы, пры правядзенні такога кшталту раскопак спачатку вельмі падрабязна даследуецца культурны пласт зямлі- участак, дзе захаваліся рэшткі жыццядзейнасці чалавека, а ўжо потым той кавалак зямлі, што называецца мацерыком (дзе ўжо няма слядоў жыцця людзей), які акуратна зачышчаецца ды праглядаецца. Тут могуць знаходзіцца розныя гаспадарчыя ямы: пад жытло, печы, стаўбы і, зразумела, пахавальныя. Потым ствараецца падрабязны план раскопу, наносяцца адзнакі глыбіні ямаў, усё замалёўваецца, фатаграфуецца, і затым раскоп ужо можна засыпаць.

Такім чынам, цяпер надышоў этап правядзення ўжо камеральных даследаванняў. Сёння даследчыкамі вывучаюцца планы, здымкі раскопу, тыя рэчы, што ўдалося знайсці на старажытным гарадзішчы. І, спадзяюся, вельмі хутка практычныя і тэарэтычныя вынікі сёлетніх раскопак на Менцы будуць абагулены грунтоўным навуковым заключэннем, якое, упэўнены, здзівіць аматараў беларускай мінуўшчыны.

Надзея ПЯКАРСКАЯ