Як не заўважыць Элізу?

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

“Пігмаліён” Бернарда Шоу: толькі пра тое, што ёсць

/i/content/pi/cult/351/6647/10-1.jpg

 Як часта тэатральныя рэцэнзенты, наведаўшы чарговую прэм'еру таго або іншага тэатра, пускаюцца ў "доўгую дарогу" па прасторах уласных філасофскіх разважанняў, сядаючы на свайго ўлюбёнага "канька" і распавядаючы пра тое, чаго ў спектаклі не было і чаго ім як гледачам спрактыкаваным не хапіла. Не выпадкова, што ў адказ на гэткія разборы рэжысёрская брація займае абарону пад дэвізам "Творцу неабходна судзіць па ягоных законах". Вось і ў дачыненні да новай прэм'еры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага - спектакля "Пігмаліён" Б.Шоу ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Аркадзя Каца напачатку так захацелася падрабязна распавесці пра тое, чаго асабіста мне "не хапіла". Ды, схамянуўшыся, вырашыла, што лепш гаварыць пра тое, што ёсць, а не пра тое, чаго няма.

 Ёсць - наша звычка да таго, што спектаклі Аркадзя Каца, якія ён апошнім часам больш-менш рэгулярна ставіць на Горкаўскай сцэне, вылучаюцца сярод сваіх сабратаў высокай тэатральнай культурай: магчыма, меншай гонкай за знешняй эфектнасцю і тэатральнасцю, ды - падрабязнай працай з акцёрамі, удумлівым пранікненнем у драматургічны матэрыял. Тым больш каштоўнай гэтая якасць выглядае на фоне сучаснага тэатральнага імкнення за эфектамі і часам элементарнага няўмення рэжысёрамі, асабліва- больш маладога пакалення, граматна прачытаць твор.

Кіруючыся непапулярным сёння тэзісам чытаць назву твора, Кац сваю ўвагу засяродзіў на псіхалогіі творцы. Таго самага Пігмаліёна, які забываецца пра ўсё на свеце, калі адчувае, бачыць, што з-пад яго разца з кавалка дрэва выходзіць... сапраўдная Галатэя. І, бадай, менавіта ў гэтым падыходзе да твора і самой тэмы заключаецца галоўная цікавасць, якую ўяўляе з сябе "Пігмаліён" Горкаўскага.

У ролі Прафесара Хігінса - адзін з вядучых акцёраў тэатра, заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс. Парывісты і эмацыйны, ён існуе на сцэне ў дыяпазоне ад крыўдлівага хлопчыка-падлетка, якому не даюць бавіць час за ўласнай гульнёй і пастаянна павучаюць, як патрэбна сябе правільна паводзіць на людзях, да дэспатычнага Карабаса-Барабаса, які не мае аніякіх эмацыйных звязак са сваімі "лялькамі" і патрабуе ад іх толькі аднаго: дакладнага выканання ўсіх загадаў ды максімальнай зручнасці ў "карыстанні". І калі не звяртаць асаблівай увагі на тую напружанасць і маўленне "скрозь зубы", з якімі Чэкерэс праводзіць першую сцэну, яго прафесар фанетыкі, рэжысёрская задума (дарэчы, вынікаючая менавіта з уважлівага прачытання аўтарскага тэксту), якую прапануецца ўвасобіць акцёру, выглядае даволі прывабнай і неадналінейнай. У выкананні Чэкерэса Хігінс да апошніх хвілін сцэнічнай дзеі так і "не заўважае"... самой Элізы. Дакладней, таго, што яна з'яўляецца самастойнай асобай з уласным жыццём, жаданнямі, эмоцыямі і перажываннямі. Для яго яна - усяго толькі рабочы матэрыял, які прадастаўляе ўнікальныя магчымасці праверыць уласныя тэорыі і практычныя знаходкі. І, відаць, з гэтай прычыны Эліза для Хігінса-Чэкерэса так і не "ажывае".

Зрэшты, у выкананні ролі Элізы актрысай Веранікай Пляшкевіч матыў "ператварэння" дзяўчыны-"вусеня" ў прывабнага матылька саступае месца пошукам унутраных трансфармацый, што адбываюцца з чалавекам, які не толькі трапляе ў іншае асяроддзе, але і страчвае свае ўласныя арыенціры і жыццёвыя мэты, падмяняючы іх "агульнапрынятымі". Відаць, таму з самай першай сцэны ў гледачоў нават не ўзнікае ілюзіі таго, што перад імі- бедная гандлярка кветкамі. Гераіня Пляшкевіч нагадвае, хутчэй, казачную "зачараваную" прыгажуню, якую, аднак, герой так і не разгледзеў ні ў прасцяцкім выглядзе, ні потым, калі яна скінула з сябе "жабрацкія лахманы" і паўстала ва ўсёй сваёй элегантнасці.

Сярод іншых акцёрскіх работ можна вылучыць Місіс Хігінс у выкананні Бэлы Масумян, чый тонкі акцёрскі густ і элегантная вытанчанасць не выглядаюць штучнымі ў дачыненні да яе гераіні, Альфрэда Дулітла, сыгранага Іванам Мацкевічам, для каго падобныя яркія, характарныя ролі з'яўляюцца дабрадатнай глебай, на якой раскрываюцца грані яго таленту, а таксама дуэт Місіс і Міс Эйнсфард Хіл у выкананні Ліны Цвятковай і Алены Козыравай, што ў дачыненні да сваіх гераінь зрабілі стаўку на знешнюю выразнасць і не прагадалі. Зрэшты, кожны з артыстаў, занятых у спектаклі, знайшоў для сябе тыя інтанацыі, якія ў чарговы раз дазволілі гаварыць пра рэжысёрскую прыхільнасць да ансамблевага тэатра, дзе галоўнае - агульная "музыка" спектакля. І ў гэтым сэнсе, бадай, самай дысануючым "інструментам" ансамбля аказалася менавіта музычнае афармленне пастаноўкі кампазітарам Аляксеем Ераньковым, які, эксплуатуючы знакамітую арыю Элізы "Я танцаваць хачу!" з вядомага мюзікла Фрэдэрыка Лоу, намагаецца пераліцаваць рэжысёрскую гісторыю ў бок меладраматычнай лірыкі.

І хаця агульнае ўражанне, што пакідае пасля сябе "Пігмаліён", - роўнасць, якая так і не пахіснулася ні бліскучым увасабленнем філіграннага гумару Шоу, ні новымі паваротамі ў трактоўцы псіхалогіі ўзаемаадносін галоўных персанажаў, хочацца спадзявацца, што пэўная катэгорыя гледачоў, схільных да пошуку ў тэатры спакойнага замілавання класікай, адкрые для сябе гэты спектакль.