Знайсці дзесяць адрозненняў

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Беларускі пераклад “...Сезонаў”

/i/content/pi/cult/351/6646/9-3.jpg

Два балеты легендарных "Рускіх сезонаў" у Парыжы з'явіліся цяпер і ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі. Перанос на нашу сцэну спектакляў "Тамар" і "Шахразада" ў чарговы раз падкрэсліў багатыя магчымасці беларусаў.

Атрымалася некалькі бенефісаў адразу: сусветна вядомага мастака Льва Бакста - ураджэнца Гродна, - і нашых салістаў, некаторыя з якіх былі заняты адразу ў дзвюх вядучых партыях двух балетаў.

Параўноўваць было з чым: некаторы час таму пастаноўкі дэманстраваліся нам у выкананні расійскіх артыстаў. Гульня "Знайдзі дзесяць адрозненняў" пачыналася яшчэ да адкрыцця заслоны. Бо замест фанаграмы далёка не бясспрэчнай якасці мы чулі жывы аркестр на чале з Віктарам Пласкінам. Прычым ад спектакля да спектакля (спачатку - рэпетыцыйных, потым- прэм'ерных) "Тамар" М.Балакірава імкліва набіраў абароты зладжанасці. Значыць, тое ж хутка здарыцца і з "Шахразадай" М.Рымскага-Корсакава. Бо музыка твораў - надзвычай складаная, багатая на выразныя сола, яна ўжо сама па сабе - класіка, што прызначалася кампазітарамі для канцэртаў.

 Такі ж самастойны твор мастацтва ўяўлялі дэкарацыі і сцэнічныя строі, вырабленыя па адноўленых эскізах Бакста ў нашых Тэатральных майстэрнях. У параўнанне з нядаўна бачанымі, прывезенымі ініцыятарам аднаўлення Андрысам Ліепам і Крамлёўскім балетам, яны быццам зайгралі новымі фарбамі. Больш якасныя тканіны, падабраныя з густам, крыху іншыя колеравыя адценні, ручная работа, выкананая прафесійна і з вялікай любоўю, больш сцэнічнага святла - і сцэнаграфія заззяла небывалай раскошай./i/content/pi/cult/351/6646/9-2.jpg

Дзякуючы ж артыстам спектаклі набылі іншы, а часам і ўвогуле першасны, сэнс. Былая "Тамара", калі яе "рэканструявалі" ў рамках "Рускіх сезонаў ХХІ стагоддзя", невыпадкова страціла адну літару: каб не было пытанняў, што ўвогуле там аднаўлялі. Ад балета, пастаўленага М.Фокіным, засталося толькі некалькі фотаздымкаў - і безліч разгромных рэцэнзій сучаснікаў. Харэаграфія таму і не захавалася, што не прайшла выпрабаванне часам. Бываюць, вядома, памылкі гісторыі: таго ж І.С. Баха вярталі з нябыту ледзь не праз стагоддзе пасля смерці. Але там было што вяртаць! А тут - Юрыюс Смарыгінас паставіў нешта сваё (дакладней, зляпіў мікст з самых распаўсюджаных прыёмаў ледзь не ўсіх стыляў, уключаючы эстраду і мадэрн), дадаў нават новага героя, і ўсё - пад маркай вяртання спадчыны. Але ж нашы артысты зрабілі немагчымае: знайшлі ў бяссэнсавасці рухаў нейкі змест і данеслі яго да гледача. А яшчэ захавалі і выявілі сваю індывідуальнасць!

 Тамар Марыны Вежнавец уражвае сапраўднай царскасцю, нечалавечай прыгажосцю рук, боскай выразнасцю і нават эратычнасцю выгнутай ступні. Вольга Гайко ў гэтай партыі скарае іншым: энергетыкай не цела, а позірку, думкі. Яе гераіня - не какетка, якая ніяк н е ў ц я міць, што ж адбываецца навокал, - гэта больш супярэчлівая асоба: у душы яе ўвесь час ідзе барацьба паміж пазіраваннем і шчырасцю.

Яшчэ больш розныя іх Шахразады. У Вежнавец - пачуццёвая прыгажуня, якая ў парыве страсці сама не ведае, што робіць. У Гайко - ганарлівая, але псіхалагічна безабаронная з-за сваёй бязмежнай шчырасці пачуццяў і прагі звычайнай чалавечай любові і кахання. Глядзіш на яе - і быццам бачыш, што менавіта так, з глыбінным псіхалагічным і філасофскім зместам кожнага руху і позірку, станцавала б гэтую партыю Людміла Бржазоўская.

Візір Алега Турко - зусім не шалёны закаханы, што ў парыве рэўнасці забівае саперніка, а самаўлюбёны чорны дэман, які знішчае ўсё на сваім шляху. Амаль заўсёды з'яўляючыся ў атачэнні двух верных паплечнікаў, ён нават па абліччы нагадвае трохгаловага змея. А ў партыі Шахрыяра становіцца выключна трагічным героем, бо, падпарадкоўваючыся брату, не можа быць самім сабой.

Адценне кранальнай трагічнасці ўласцівае і Еўнуху Віталя Цынкевіча. Ён прыцягвае мяккай пластыкай і асаблівай пластычнасцю, замест смешнага камічнага героя перад намі паўстае адзінокая душа, што быццам трымціць пры кожным подыху ветра, выклікаючы асацыяцыі з Пятрушкам з аднайменнага фокінскага балета.

Дзякуючы новым пастаноўкам адбылося адкрыццё для шырокай публікі маладога лаўрэата міжнародных конкурсаў - Ігара Аношкі. Добрая тэхніка, адпаведная знешнасць і канстытуцыя адразу вывелі яго ў лірычныя героі-прэм'еры.

Персанажы Дзяніса Клімука - больш разнастайныя. У Падарожніку, акрамя шчырай лірыкі, можна заўважыць і гераічныя рысы. А Залаты раб, нягледзячы на высокі рост артыста, зусім не патрэбны для "змяінапантэравай" харэаграфіі гэтага героя, становіцца сімвалам адданага пакланення Прыгажосці - акурат у традыцыях сярэбранага веку і тагачаснага мастацкага аб'яднання "Мир искусства".

Трэба спадзявацца, што атрыманыя ўсёй трупай урокі пластычнай вобразнасці пачатку ХХ ст. дапамогуць у засваенні не толькі іншых стыляў ды тэхнік недалёкай гісторыі, але і - галоўнае - сучаснасці.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"