“Мядзведзь” падкраўся незаўважна

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Опера пасля “тайм-аўта”

/i/content/pi/cult/351/6645/9-1.jpg

 Нарэшце, здзейснілася: пасля пяцігадовага "тайм-аўта" Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі прапанаваў гледачам новую пастаноўку айчыннай оперы. 8 лістапада ў Камернай зале імя Л.Александроўскай адбылася прэм'ера "Мядзведзя" Сяргея Картэса.

Нагадаем, апошнімі па часе пастаноўкі (але не па напісанні) былі оперы "Запіскі звар'яцелага" Вячаслава Кузняцова (снежань 2005 г.) ды "Сіняя Барада і яго жонкі" Віктара Капыцько (кастрычнік 2006 г.). Сцэна Дома афіцэраў, дзе даваліся оперныя спектаклі пад час рамонту тэатральнага будынка, патрабавала камерных опер, і згаданым творам, напісаным ледзь не 20 гадоў таму, пашанцавала. Але з "Мядзведзем" слухачы змаглі пазнаёміцца ўсяго праз два гады пасля стварэння, што з айчыннымі операмі здараецца рэдка. Напаўканцэртная версія была падрыхтавана ў маі 2009-га Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава і запрошанымі опернымі салістамі на чале з рэжысёрам Галінай Галкоўскай. Потым была тэатральная прэм'ера оперы ў Маскве, паказы твора ў Брэсце і Новасібірску. Але ж ці можна ўвасобіць твор у маленечкай і зусім не тэатральнай зале, дзе няма ні аркестравай ямы, ні асвятлення, ні нават подыума - звычайны пакойчык, ды яшчэ і з масіўнымі калонамі, што засланяюць відовішча?

Аказалася, для творчасці няма перашкод. Кампазітар пагадзіўся зрабіць пералажэнне - на камерны ансамбль, куды ўключыў струнны квінтэт (дзве скрыпкі, альт, віяланчэль, кантрабас), флейту, кларнет, ударныя і раяль. Рэжысёр Галіна Галкоўская ўладкавала музыкантаў на чале з дырыжорам Вячаславам Волічам збоку за шырмай. Зрабілі часовы, складзены з некалькіх частак, подыум з прыступкамі. Замест задніка - яшчэ адна шырма, з-за якой, па сюжэце, з'яўляліся "персанажы ўспамінаў" галоўных герояў. У афармленні - выкарыстала мінімум сцэнаграфічных дэталей, кожная з якіх, бы тая чэхаўская стрэльба, выстрэльвала ў далейшым разгорце падзей. Абыграны быў нават бюст Л.Александроўскай, што стаіць у гэтай зале: крыху павернуты ад гледача, каб не кідалася ў вочы знешняе падабенства ці непадабенства, ён стаў увасабляць скульптурны партрэт гераіні.

Здавалася б, рэжысёрская задача пры пераносе твора з філарманічнай сцэны мінімізавана. Бо ўжо ў той напаўканцэртнай версіі надзвычай дакладна былі прапісаны сцэнічныя паводзіны і эмацыйны стан герояў, дый кавалачак філарманічнай сцэны збоку перад аркестрам, дзе і разыгрываліся жарсці, быў не большы за цяперашнюю сцэнічную прастору. Заставалася хіба прыстасаваць усё гэта для новай залы, як бывае на гастролях. Ажно не: атрымаўся цалкам новы спектакль! І справа не толькі ў артыстах мімансу і маўклівай партыі Дзмітрыя Капілава, які ўвасабляў памерлага мужа гераіні. Усе гэтыя "ажыўленні ўспамінаў" ужо былі ў пастаноўцы Маскоўскага музычнага тэатра імя Б.Пакроўскага. Але там панавала з'едлівая іронія, блізкая да сатыры, а тут - лёгкая ўсмешка, якая толькі адцяняла тонкія градацыі сардэчных памкненняў герояў.

Новая аркестроўка, безумоўна, зрэтушавала былую яркасць тэмбравых фарбаў, уласцівую С.Картэсу. Зніклі каларытныя сольныя фразы медных духавых. Але на першы план выйшаў не "канцэртмайстарскі" раяль (маўляў, "у ролі аркестра"), а струнныя і тыя драўляныя духавыя, што асацыіруюцца з голасам душы. А галоўнае - у камернай зале, дзе не трэба фарсіраваць голас, яшчэ больш яркімі і выразнымі, багатымі на псіхалагічныя нюансы сталі вакальныя партыі. Спевакі цудоўна адчулі асаблівасці акустыкі і не імкнуліся, як гэта часам бывае тут на канцэртах, "прыціснуць" слухача моцай свайго голасу. Наадварот, фразы гучалі настолькі асэнсавана і натуральна, што поліфанія зместаў (думаю адно - кажу іншае) абсалютна дакладна "чыталася" кожным прысутным, а не адно спрактыкаванымі знаўцамі. Алена Бундзелева і Станіслаў Трыфанаў пераўзышлі сябе саміх, адбудаваўшы драматургію ўзаемаадносін сваіх персанажаў да найдрабнейшых, раней не заўважных, дэталей. Яшчэ больш непазнавальным - не толькі ў грыме, але і ўласна па акцёрскім пераўвасабленні і нават па тэмбравых адценнях голасу - стаў малады Юрый Балацько ў партыі старога Лакея.

Нягледзячы на адсутнасць дадатковай рэкламы і недакладныя звесткі (скажам, у анонсе, дадзеным у лістападаўскім нумары часопіса, што выдае тэатр, было пазначана: опера ідзе ў клавірным варыянце, пад фартэпіяна), зала была аншлагавай. Нават зацікаўленым журналістам, якіх, маўляў, не будзе куды пасадзіць, рэкамендавалі прыйсці на наступны спектакль - у... сакавіку. Дый увогуле, увага СМІ ў гэты вечар была прыкавана да прагону прэм'ерных балетных спектакляў "Рускіх сезонаў". Затое публіка была - папраўдзе оперная, невыпадковая, шмат прыйшло і моладзі, і тых, хто складаў ядро колішняга Клуба аматараў оперы, які дзейнічаў пры тэатры яшчэ ў 1980-я. Плануецца, што спектакль можна будзе вывозіць у абласныя цэнтры ды іншыя гарады. Так што, каб пабачыць яго раней, чым у сакавіку, купляйце білеты на цягнік!..

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

На здымку: Алена Бундзелева і Станіслаў Трыфанаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"