Экспрэсія сучаснікаў

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

“Асобы...” Наталлі Табушавай

/i/content/pi/cult/351/6641/7-5.jpg

Хто такі наш сучаснік? Які ён? Пра што думае? На гэтыя пытанні спрабавала знайсці адказы маладая мастачка Наталля Табушава. Вынікі такіх пошукаў можна ўбачыць у Літаратурным музеі Янкі Купалы: тут праходзіць яе жывапісная выстаўка "Асобы майго часу".

З палотнаў назіраюць зусім розныя людзі: і па ўзросце, і па прафесіі, і па сацыяльным статусе, і, відаць, па характары таксама. Аднак шмат у іх і агульнага: ад кожнай выявы вее цеплынёй і добразычлівасцю. Ёсць у гэтым заслуга і аўтара. Відаць, такі ўжо прынцып па жыцці мае творца: бачыць у людзях толькі лепшае. Па словах самой мастачкі, творчую задачу яна для сябе сфармулявала проста і ясна: сродкамі жывапісу адлюстраваць унутраны свет сваіх сучаснікаў. Цікава, як Наталля дасягае пастаўленай мэты: ідзе не папулярным сярод мастакоў новага пакалення шляхам плакатнай драматызацыі характараў і ўтрыравання эмоцый, а расстаўляе акцэнты на паўтонах чалавечай натуры. Псіхалагізм яе партрэтаў - вельмі тонкі, настроі і перажыванні часам ледзь прачытваюцца ва ўсмешках і поглядах...

Ствараючы галерэю вобразаў сучаснікаў, мастачка на поўную моц выкарыстоўвае патэнцыял сваёй палітры. Фарбы на палотнах - сакавітыя, яркія, эмацыйныя. І ў такім буянстве колеру, у сіле мазка раскрываюцца не толькі характары герояў карцін, а, хутчэй, самой Табушавай. Нездарма самы экспрэсіўны па колерах твор экспазіцыі- аўтапартрэт.

Мне заўсёды цікава наведваць экспазіцыі маладых творцаў. На іх звычайна пануе атмасфера даверу і шчырасці, няма "афіцыёзу" вялікіх залаў. Такое ж уражанне засталося і ад наведання выстаўкі Табушавай. Асабістае стаўленне творцы да герояў сваіх палотнаў заўважнае ўжо ў афармленні экспазіцыі: побач з кожным партрэтам - кароткія звесткі пра чалавека з карціны, ці гэта знаёмы доктар, ці бабуля аўтара. Шчырасці надаюць студэнцкія графічныя накіды, дыплом мастачкі, нават дзіцячыя замалёўкі абліччаў бацькоў. Па ўсім, жывапіс - не проста захапленне Наталлі Табушавай, гэта спосаб яе існавання. Нездарма сама мастачка падкрэслівае, што маляваць навучылася раней, чым гаварыць.

 Д.Д.