Дазволы і пасведчанні — у “адно” вакно

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

16 сакавіка 2006 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 152 “Аб зацвярджэнні пераліку адміністратыўных працэдур, якія выконваюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі па зваротах грамадзян за выдачай даведак альбо іншых дакументаў”. Тым самым быў створаны прынцып “аднаго акна”, зручнасць якога ўжо ацанілі многія грамадзяне. Сёння ім кіруюцца і ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры РБ. Пра тое, ці лёгка прыватнай асобе атрымаць там патрэбныя ёй дакументы, распавядаюць намеснікі начальніка ўпраўлення Ігар ЧАРНЯЎСКІ і Аксана СМАТРЭНКА.

— Якога кшталту звароты грамадзян найчасцей паступаюць ва ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Звычайна грамадзяне і юрыдычныя асобы звяртаюцца ў наша ўпраўленне для вырашэння пытанняў па прынцыпе “адно вакно”, каб атрымаць пасведчанне на перамяшчэнне культурных каштоўнасцей праз дзяржаўную мяжу або дазвол на правядзенне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
Першае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі аддзела мастацтвазнаўцаў-экспертаў па перамяшчэнні культурных
каштоўнасцей праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, які размешчаны па адрасе: вуліца імя Дуніна-Марцінкевіча, д. 4, корпус 2. Ён працуе згодна з Пастановай Савета Міністраў РБ № 906 ад 18 ліпеня 2006 г. (якая зацвердзіла спіс катэгорый каштоўнасцей, абмежаваных для вывазу) і рэгулюе перамяшчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей, а менавіта часовы іх вываз у мэтах міжнароднага культурнага абмену, а таксама перамяшчэнне культурных каштоўнасцей.

— Колькі супрацоўнікаў у аддзеле мастацтвазнаўцаў-экспертаў?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Зараз — трое.

Аксана СМАТРЭНКА:

— Права подпісу пасведчання, акрамя іх, маюць яшчэ двое: намеснік міністра культуры і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Згодна з даручэннем Урада, у рамках “аднаго вакна” аддзел працуе і па суботах, штотыднёва да 13 гадзін, кааб стварыць зручнасць для грамадзян.

— Які парадак афармлення пасведчання?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Каб аформіць пасведчанне для вывазу культурных каштоўнасцей, грамадзянін (або юрыдычная асоба) павінен звярнуцца ў Міністэрства культуры з заявай у адвольнай форме, прыкласці да заявы фотаздымкі прадмета, які ўласнік жадае вывезці, у найбольш выразнай праекцыі, указаць свае пашпартныя звесткі. Пасля чаго мастацтвазнаўцы-эксперты праводзяць экспертызу прадстаўленага прадмета або группы прадметаў. У год яны выдаюць у сярэднім каля 1500 пасведчанняў, правёўшы экспертызу каля 9000 прадметаў. Назіраецца рост колькасці заяў з вясны да пачатку восені, што звязана з сезонам адпачынкаў.
Акрамя як да нас, ні грамадзянам,
ні арганізацыям за дазволам на вываз больш нікуды звяртацца не даводзіцца. Нават калі мастацтвазнаўцам-экспертам спатрэбіцца заключэнне іншых спецыялістаў, яны самі з імі пракансультуюцца.
Праз пэўны тэрмін пасля падачы заявы грамадзянін атрымае гатовы дакумент, які дазваляе ці, наадварот, забараняе вывозіць азначаныя каштоўнасці.
Калі заява паслана на адрас Міністэрства культуры, яна ўсё роўна перасылаецца аддзелу мастацтвазнаўцаў-экспертаў.
Для правядзення экспертызы прадметаў, якія будуць перамяшчацца, уласнік павінен прад’явіць іх непасрэдна. Часам яна праводзіцца на падставе звестак
аб паходжанні каштоўнасці, напрыклад, калі ва ўладальніка ёсць разліковы чэк магазіна, дзе ён набыў карціну.
Асаблівы парадак перамяшчэння
прыняты для дзіцячых малюнкаў, якія падпадаюць пад катэгорыю культурных каштоўнасцей. Звычайна іх адпраўляюць за мяжу школы мастацтваў, мастацкія гурткі, выяўленчыя студыі з мэтай удзелу ў міжнародных конкурсах, выстаўках дзіцячай і юнацкай творчасці.
Наша ўпраўленне прапанавала крыху
спрасціць для іх працэдуру атрымання пасведчання. Цяпер для гэтага дастаткова прадставіць агульны спіс малюнкаў, завераны пячаткай і подпісам мясцовага ўпраўлення культуры або іншага дзяржаўнага органа, якому падпарадкоўваецца гэтая школа ці студыя. Калі мытнікі жадаюць нешта праверыць, нашы мастацтвазнаўцы-эксперты выязджаюць непасрэдна на Мінскую рэгіянальную мытню і там робяць удакладненні. Але гэта рэдкія выпадкі, і затрымка бывае зусім нязначная.

— А які тэрмін разгляду заяў прадугледжаны?

Аксана СМАТРЭНКА:

— Паводле Палажэння — 10 дзён. Але, калі ўзнікаюць пытанні і патрабуецца экспертыза з удзелам запрошаных спецыялістаў, тэрмін можа падоўжыцца да аднаго месяца. Зрэшты, здаецца, у нас не было выпадку, каб так доўга займаліся якой-небудзь заявай.

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Як правіла, заява разглядаецца ў прысутнасці наведвальніка. Дасведчанасць мастацтвазнаўцаў-экспертаў дазваляе ім зрабіць заключэнне адразу. Часам, аднак, узнікала неабходнасць звярнуцца да нумізматаў, калі грамадзяне жадалі вывезці за мяжу адну ці некалькі старадаўніх манет, ці да знаўцаў зброі — у Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Ці шмат забарон на вываз даводзіцца рабіць?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Няшмат, але бывае. Звычайна, калі мастацтвазнаўцы бачаць, што прадмет не падпадае пад вываз, імкнуцца пераканаць уладальніка перадаць яго на карысць дзяржавы. Так, былі факты перадачы старадаўніх кніг бібліятэкам.
Не так даўно адна грамадзянка пасля гутаркі з ёю добраахвотна перадала ў Нацыянальны мастацкі музей пазалочаны
праваслаўны крыж з барэльефам. А нядаўна нарэшце было прынята судовае рашэнне перадаць у дзяржаўную ўласнасць збор паясных блях, вядомы пад назвай “Пояс Вітаўта”. Высветлілася, што ўласнік набыў яго не зусім законным шляхам. Зараз “Пояс Вітаўта” знаходзіцца на адказным захаванні ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Другая катэгорыя зваротаў грамадзян і арганізацый, прыём якіх вядзецца
ў “адно вакно”, — выдача дазволаў на правядзенне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

Аксана СМАТРЭНКА:

—- Зараз гэта вельмі актуальнае пытанне... Парадак выдачы дазволаў вызначаны Пастановай Савета Міністраў РБ № 762 ад 15 чэрвеня 2006 г. Цяпер, пасля ўвядзення прынцыпу “адно вакно”, гэтая працэдура спрасцілася: грамадзянін ці юрыдычная асоба падае нам заяву-просьбу выдаць дазвол на правядзенне вытворчых работ, прадастаўляе праектную дакументацыю, якую мы разглядаем, а пры неабходнасці і абмяркоўваем на Навукова-метадычнай Радзе, што прадугледжана Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны для 0, 1 і 2 катэгорый каштоўнасцей. Пасля рыхтуецца дазвол для грамадзяніна з указаннем, якая арганізацыя можа выконваць гэтыя работы.
Вызначаны тэрмін выдачы дазволаў: 15 дзён — для юрыдычных асоб і
прадпрымальнікаў, 2 месяцы (з улікам разгляду на Радзе) — для грамадзян. Калі такой патрэбы не ўзнікае, ён звычайна не перавышае двух тыдняў. Па сутнасці, у гэтай працэдуры сумяшчаецца тры дзеянні: разгляд дакументацыі, падрыхтоўка заключэння па ёй і, нарэшце, выдача дазволу. Працэнт зваротаў грамадзян па такія дазволы пакуль зусім невысокі, таму дзеля іх абвяшчаць дадатковым працоўным днём суботу немэтазгодна.

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Нам дасылаюць поштай заявы разам з праектнай дакументацыяй з Віцебска, Гомеля і іншых гарадоў. Мы разглядаем іх і накіроўваем у адказ заключэнне па праектнай дакументацыі і дазвол на правядзенне работ вызначанай формы, за подпісам намесніка міністра культуры, з пячаткай Міністэрства культуры. Ні ў якія іншыя інстанцыі грамадзянін не мае патрэбы звяртацца. Калі б узнікла патрэба ўдакладніць рашэнне мясцовых органаў кіравання па разглядаемым аб’екце — для нас гэта не праблема: можам звярнуцца па дапамогу да мясцовых спецыялістаў па ахове спадчыны. Усё гэта адбываецца дастаткова хутка. На практыцы пакуль ніводзін зварот грамадзяніна не разглядаўся на Радзе. Звычайна ўкладваемся ў тыя ж 15 дзён.

— Колькі дазволаў выдае за год упраўленне?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Агульная колькасць — каля 700, з іх прыватным асобам — не болей за 10.

— Ці не з’яўляецца малая колькасць зваротаў грамадзян па дазволы сімптомам таго, што некаторыя праводзяць будаўнічыя работы на давераных ім гістарычных аб’ектах самавольна?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— У асноўным уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей (мясціны або архітэктурнага помніка) з’яўляюцца дзяржаўныя ўстановы — найчасцей гэта камунальныя службы. Грамадзяне могуць валодаць толькі часткай гэтых каштоўнасцей, напрыклад, кватэрамі. Тамму маштабных работ, якія могуць значна змяніць выгляд гістарычных будынкаў, яны не праводзяць. Як правіла, звяртаюцца да нас, калі збіраюцца зрабіць рамонт або перапланіроўку сваіх кватэр.
Вось быў выпадак, калі ў Пінску ўладальнік індывідуальнага жылля ў гістарычным цэнтры пажадаў правесці рэканструкцыю ўваходнай групы — так званых сенцаў: замяніць некаторыя іх элементы на падобныя, толькі выкананыя з
новых матэрыялаў, што не паўплывала на агульны выгляд старога дома.

Аксана СМАТРЭНКА:

— Для правядзення работ дзеля падтрымання тэхнічнага стану будынка ўвогуле не патрабуецца спецыяльны дазвол.

— Што прадпрымаюць спецыялісты ўпраўлення, калі праекты ўласніка разыходзяцца з патрабаваннямі Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Праектныя рашэнні павінны адпавядаць прынятым архітэктурным нормам, і калі ўласнік сваімі дзеяннямі можа нанесці шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці, мы не ўзгадняем такія праектныя рашэнні і даём прадпісанне, у вуснай ці пісьмовай форме, унесці ўдакладненні ў праектную дакументацыю. Лепей зрабіць гэта своечасова, бо выпраўленне ўжо наробленых хібаў будзе каштаваць даражэй. Памятаю адзін выпадак: мінчанін, уласнік кватэры ў доме на вуліцы Ленінградскай, перш чым звярнуцца да нашых спецыялістаў, уставіў вокны, якія дысаніравалі з архітэктурай усяго будынка. Але пасля нашага прадпісання ён выправіў сваю памылку, хаця панёс дадатковыя затраты.

Аксана СМАТРЭНКА:

— Калі праектная дакументацыя ў прынцыпе не адпавядае нормам заканадаўства, дазвол на правядзенне работ не можа быць выдадзены, пакуль не ўлічаны ўсе нашы заўвагі. Калі ж закранаюцца нюансы, у дазволе абавязкова ўказваецца: “Праектную дакументацыю выконваць у адпаведнасці з заключэннем нашага спецыяліста, з улікам выканання асаблівых умоў”.

— Як кантралюецца выкананне прадпісанняў?

Ігар ЧАРНЯЎСКІ:

— Па-першае, мы самі бываем у камандзіроўках у рэгіёнах і падчас іх ажыццяўляем праверкі. Па-другое, штоквартальна накіроўваем інфармацыю, колькі дазволаў і па якіх адрасах выдадзена, ва ўпраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінскага райвыканкама, адкуль гэтыя звесткі даводзяцца да спецыялістаў па ахове спадчыны ў гарадах і раёнах, і яны павінны ажыццяўляць кантроль за выкананнем работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА