17+17: пачуцціпачуццямі

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

“17+17”— так называецца сумесная выстаўка твораў Гаўрылы і Канстанціна Вашчанкаў, якая адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/351/6639/7-1.jpg

- Гаўрыла Харытонавіч, вашы пастэлі, мабыць, напісаны алейнымі фарбамі? - пытаюся ў слыннага майстра, знаёмячыся з экспазіцыяй ягоных твораў у Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава.

- А я і пісаў іх, як алейнымі фарбамі,- задаволена ўсміхаецца ў адказ мастак. І распавядае, што аднойчы атрымаў у падарунак цудоўны набор італьянскіх пастэльных алоўкаў. А выпрабаваць іх магчымасці ўсё ніяк не выпадала. І вось гадоў пяць таму, збіраючыся ў санаторый "Сосны", вырашыў захапіць алоўкі з сабой. Там і напісаў адну з гэтых работ.

Ён не сказаў, якую, але здагадацца было не цяжка: "Залатая мелодыя".

Мяккая, глыбокая карычняватавохрыстая танальнасць адразу ж рабіла выразнай высакароднасць вашчанкаўскага каларыту. Ён таксама, як восеньская мелодыя, то ўзмацняўся, то сцішваўся, пераходзячы з твора ў твор. Усе 17 пастэлей глядзеліся панарамна, цэласна.

У творах Гаўрылы Харытонавіча няма ніякай тэматычнай зададзенасці. Так і хочацца сказаць: ён піша пачуцці пачуццямі. Асабліва гэта адчуваецца ў эмацыйна напружаных пейзажах. Сагнутае, але выразна пругкае дрэва, нізкае, парванае на рэшткі аблокаў, неба... Назва пацвярджае ўбачанае: "Бура". Настрой няўрымслівай стыхіі пераходзіць вельмі натуральна і ў наступны твор. Хіба толькі каларыт нават стрыманай вогненнасці застаецца ўсё ж больш яркім у расплывах патаемнажоўтай і відавочна-сіняй прасторы. Менавіта такой і можа быць "Рабінавая ноч". Мастак таленавіта нешта прыхоўвае, не паказвае, даючы нам магчымасць глядзець, быццам штосьці дамалёўваючы позіркам. У кожным творы - свая таямніца ўдумлівага настрою.

Зрэшты, "пераказваць" карціны такога мастака немагчыма. У іх і напісана больш за тое, што бачым. Нават назвы некаторых з іх гучаць, як заклінанні. "Не згасне дух на/i/content/pi/cult/351/6639/7-2.jpgдзеі": лунае ў нябеснай прасторы, шукаючы для сябе зямнога апірышча, прывідная царква. Але зямля ўжо і сама нібыта цягнецца да яе... Сярод палотнаў, якія хацелася не толькі глядзець, а разглядваць, - "Маладзіковая ноч", "Купалінка", "На золку", "Анёл", "Памяць", "Сутонне", "Самотнасць". Яны, здаецца, канцэнтруюць усё тое, што выяўлена ў астатніх работах, да абагульняючага сімвала. А своеасаблівую мастакоўскую кропку ў экспазіцыі ставіць самая маленькая з пастэлей, але такая аксамітна-яркая па сваім глыбінным каларыце... "Восеньскай мелодыяй" назваў Гаўрыла Харытонавіч гэты сапраўды поўны фарбавага гучання твор.

А ў суседняй зале экспазіцыю сваіх мастацкіх таленавіта-лірычных фотаздымкаў (іх, як і твораў бацькі, таксама 17) дэманструе сын слыннага майстра - Канстанцін Вашчанка. Задума - больш чым арыгінальная: увасобіць розныя моманты прасветленага паляўнічай рамантыкай і марозным святлом зімовага дня. У кожным з гэтых фота адчуваецца не толькі назіральны, але і прачулы талент мастака. Невыпадкова Канстанцін Гаўрылавіч у свой час скончыў аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з'яўляецца сябрам адразу трох творчых саюзаў: мастакоў, дызайнераў і журналістаў. Асабіста я зусім не ўспрымаў фатаграфічную прыналежнасць яго твораў. Прасякнутыя мяккім псіхалагічным лірызмам, яны маюць цалкам мастакоўскае паходжанне.

 Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск