New Cannes або новы Мінскі?

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

У пошуках паспяховай фестывальнай формулы “Лістапада”

 

"К" працягвае абмяркоўваць вынікі ХVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Ён запомніцца беларусам вельмі добрымі кінапаказамі, прадстаўнічым складам пяці прафесійных журы і, на вялікі жаль, адсутнасцю айчынных ігравых фільмаў у конкурсе... Аднак, несумненна, менавіта галоўны беларускі кінафестываль павінен быць стваральнікам плённага творчага асяроддзя і стартавай пляцоўкай для развіцця айчыннага кінапрадукту наогул. Ці спрыяў "Лістапад-2011" пастаўленай перад ім высокай мэце?

"Паляўнічы" і ўсе, усе, усе

Як і шмат разоў да гэтага, кінафестываль "Лістапад" завяршыўся перамогай у асноўным конкурсе прадстаўніка расійскага кінематографа: Гран-пры рашэннем прафесійнага журы кінематаграфістаў атрымаў фільм Бакура Бакурадзэ "Паляўнічы" - у многім радыкальны аўтарскі эксперымент, дзе пануе набліжаны да дакументалістыкі натуралізм. Але перамога гэтая не была перадвызначана - галоўны прыз "Лістапада-2011" з поўным правам мог адправіцца ў шэраг краін - удзельніц нашага фестывалю: якасць яго конкурснай і пазаконкурснай праграм была на найвышэйшым узроўні. Амаль усе госці і ўдзельнікі кінафоруму адзначалі высокае майстэрства, з якім былі складзены конкурсныя і пазаконкурсныя фестывальныя праграмы ігравога і дакументальнага кіно. Стужкі не проста падабралі тэматычна - з іх героямі часам адбываліся падобныя сітуацыі, і было вельмі цікава назіраць, як адны і тыя ж жыццёвыя становішчы бачаць аўтары з розных краін свету. Пры гэтым фільмы былі адмыслова падабраны і па часе паказу, таму паралелі аказаліся тым больш відавочныя.

Сёлета стала лепш зразумелая колішняя смелая ідэя падзяліць конкурс фестывалю на дзве часткі: асноўную ды конкурс дэбютантаў "Маладосць на маршы". Азначаная постсацыялістычнымі краінамі асноўная конкурсная праграма ў выніку аказалася абмежаванай тэматычна і нават - па сродках выразнасці. Конкурс тых рэжысёраў, якія знялі свой першы ці другі ў творчым жыцці поўнаметражны фільм, сабраў на "Лістападзе" не адно карціны з розных кантынентаў. Апошні факт, безумоўна, не толькі паспрыяў глядацкай цікавасці, але і прапанаваў тэмы, ідэі, іх увасабленні, часам вельмі адрозныя ад звыклага для нас мастацкага менталітэту. Таму зусім не дзіўна, што стужкі маладых рэжысёраў з краін з квітнеючай кінематаграфіяй часам выглядалі больш выйгрышна за фільмы іхніх больш вопытных калег з асноўнага конкурсу.

Вельмі важным было і тое, што пераканаўчая большасць прадстаўленых на сёлетнім "Лістападзе" стужак стала безумоўным адкрыццём для беларускага гледача. Калі аб "засвечаных" у Кане "Алене" Звягінцава і "Паляўнічым" Бакурадзэ, пераможцы Маскоўскага кінафестывалю "Шапіто-шоу" Лобана мінскія сінемафілы ведалі амаль усё, то "Маткі" Мілча Манчэўскага або "Дом" Зузаны Ліёвай сталіся вельмі прыемнымі сюрпрызамі. Відавочным было жаданне праграмнай дырэкцыі "Лістапада-2011" максімальна "наблізіць" асноўны конкурс да гледача: беларусам прапанаваліся, у асноўным, стужкі са славянскіх краін, хоць кінематаграфія цэнтральна-азіяцкіх дзяржаў развіваецца нават больш імкліва. Дарэчы, дакументальны конкурс утрымліваў фільмы і з Усходу. Нястача ўсходніх ігравых карцін у конкурсе кампенсавалася пазаконкурснай праграмай, дзе знайшлося месца і для правакацыйнай карэйскай "Служанкі" Ім Сан Су, і для вельмі рэалістычнай "Лолы" філіпінца Брыянтэ Мяндозы.

Сапраўднай падзеяй для мінскіх кінаманаў стаўся паказ апошняга шэдэўра венгерскага класіка Бэлы Тара "Турынскі конь". Апошняе відовішча было вельмі сімптаматычнае для ігравой праграмы "Лістапада-2011". Працяглую, на дзве с паловай гадзіны, стужку глядзелі ўважліва, але калі яна скончылася, шмат хто з гледачоў, асабліва маладзейшых, уздыхнуў з палёгкай: эмацыйна фільм успрымаецца вельмі цяжка. Тое ж датычыцца многіх стужак сёлетняй конкурснай праграмы, якая вельмі добра адлюстроўвае тэндэнцыі сучаснага аўтарскага кіно: быць лёгкім для гледача яно зусім не абяцае. Няўжо праз колькі гадоў давядзецца рыхтаваць гледача да праглядаў фестывальнага кіно гэтак сама, як да першага паходу ў оперу? Актуальнае опернае мастацтва, якое калісьці было, прынамсі, у Еўропе, "мастацтвам для мас", сёння дэ-факта з'яўляецца элітарным. Ці не напаткае такі самы лёс "найважнейшае з мастацтваў"? Пытанне застаецца адкрытым, і ніхто ў свеце пакуль не можа на яго адказаць.

 Дзе там нашы?

 Прынамсі, "Паляўнічы" Бакура Бакурадзэ меў шанц пабачыць свет пад маркай "Беларусьфільма", як і іншы фестывальны хіт гэтага кінасезона, які прыцягнуў увагу міжнароднай кінасупольнасці на апошнім Берлінскім фестывалі, - карціна "У суботу" расійскага рэжысёра і сцэнарыста Аляксандра Міндадзэ. З розных прычын "беларускага дэбюту" гэтых вядомых у свеце аўтарскага кіно імёнаў на сусветнай фестывальнай арэне не адбылося, але - маем добры шанц "адыграцца". Напрыканцы фестывалю Мінск наведаў мінулагодні трыумфатар "Лістапада" Сяргей Лазніца, здымачны перыяд новай стужкі якога "У тумане" набліжаецца да заканчэння. У капрадукцыі, якую здымаюць паводле аповесці Васіля Быкава, прымае ўдзел і наша Нацыянальная кінастудыя. Ёсць добры шанц, што з гэтай нагоды наступны Мінскі міжнародны пройдзе з удзелам беларускай - па тэме і ўнёску - карціны. Пад час шматлікіх гутарак і імправізаваных дыскусій, якіх было даволі шмат у кулуарах "Лістапада-2011", менавіта такі шлях развіцця нацыянальных еўрапейскіх кінематаграфій - шлях міжнароднай капрадукцыі - прызнаваўся самым перспектыўным у набліжэйшай будучыні.

Гэта было асабліва заўважна па дакументальнай частцы сёлетняга "Лістапада", у якой прысутнасць беларускага кіно была не толькі на паперы. Неверагодны міжнародны поспех "Інакіні" Галіны Адамовіч, які быў пацверджаны высокай ўзнагародай - спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За гуманізм і духоўнасць у кіно", - дае ўпэўненасць у высокім творчым патэнцыяле нацыянальнага кінамастацтва. Тое, што будучыня нашага кіно - далёка не змрочная, сведчылі фестывальныя прэм'еры маладых беларускіх дакументалістаў: "Званар" Кацярыны Махавай, альманах з серыі "Помнікі" Уладзіміра Мілаша, Ксеніі Мар'янкавай, Марыі Жукавай і Аляксандра Пацеева, нацыянальная прэм'ера новай стужкі Віктара Аслюка "Драўляны народ", што неўзабаве годна прадставіць нашу краіну на найпрэстыжным маскоўскім "АртДакФэсце". Пэўную сенсацыю выклікалі спецэфекты карціны "Рыжык у Залюстэраччы" Алены Туравай, якая атрымала за іх спецыяльны дыплом міжнароднага журы "Лістападзіка". Відавочна, што замыкацца толькі ў рамках нацыянальных межаў нашы найлепшыя кінематаграфісты не павінны. Тым больш, цікавасць да сумеснай вытворчасці з беларусамі на форуме выказвалі амаль ўсе замежныя госці "Лістапада-2011". Пытанням міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця сумеснай вытворчасці быў прысвечаны "круглы стол", які кіраўніцтва "Беларусьфільма" арганізавала пад час фестывалю.

Асабліва вялікая цікавасць да сумеснай працы з айчыннымі кінематаграфістамі назіралася з боку польскіх калег, стужкі якіх сёлета былі шырока прадстаўлены на "Лістападзе". У прадстаўнічую польскую дэлегацыю ўваходзілі, у тым ліку, сусветна вядомыя дакументалісты, якія зладзілі для беларускіх кінематаграфістаў шэраг семінараў і майстар-класаў у рамках выязной сесіі Польскай акадэміі дакументаў "Dragon Forum". Пад час яе нашы дакументалісты маглі навучыцца прэзентацыям і працы з афармленнем сваіх будучых праектаў. Паказальна, што адзін з беларускіх дакументальных праектаў адразу "знайшоў" польскага прадзюсара, які вызваўся фінансаваць стужку. Такім чынам, высілкі арганізатараў "Лістапада" пачалі даваць плён для айчыннай кінематаграфіі. Будзем спадзявацца, што Мінскі міжнародны стане добрай стартавай пляцоўкай менавіта для праектаў з беларускім удзелам.

"Сапраўднае кінамастацтва" плюс...

У свеце існуе некалькі тысяч кінафестываляў, кожны з якіх з'яўляецца гонарам для мясціны, дзе ён адбываецца. Але значны ўплыў на сусветнае кінамастацтва аказваюць толькі некалькі з тых, чые назвы на слыху: Канскі, Венецыянскі, Берлінскі, фестывалі ў Таронта і Ратэрдаме. Усе астатнія вымушаны нейкім чынам шукаць сваю нішу, прад'яўляць свету арыгінальнае аблічча, заваёўваць асабістую тэрыторыю. У гэтым плане этапным для "Лістапада" быў мінулы год, калі праграмная канцэпцыя ігравой часткі фэсту была арыентавана на постсацыялістычныя краіны. Такім чынам, дырэкцыяй быў зроблены ўдалы ход: рамкі фестывалю былі азначаны не геаграфічнымі, а, хутчэй, гістарычнымі і культурнымі складнікамі. Хоць суседзі-сапернікі ў "Лістапада" ўсё роўна вельмі сур'ёзныя: на фільмах з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы спецыялізуецца прагрэсуючы Варшаўскі кінафестываль, краіны былога СССР, Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы прадстаўляе МКФ у Таліне, акном у свет кіно Цэнтральна-азіяцкага рэгіёна з'яўляецца МКФ "Еўразія" ў Алма-Аце.

Дарэчы, апошні заўсёды прыцягвае вялікую ўвагу з боку самых уплывовых асоб у свеце кіно за кошт вельмі аб'ёмнай прэзентацыі менавіта нацыянальных кінематаграфій краін Цэнтральнай Азіі. Прадукцыя іх, можа, і не дасягае такога якаснага ўзроўню, як прадукцыя еўрапейскіх або паўночнаамерыканскіх кінакампаній, затое вылучаецца ярка выражаным нацыянальным, этнічным каларытам. У гэтым плане "Лістапад" павінен быць не толькі акном у свет кіно для жыхароў Мінска, але і галоўнай пляцоўкай для прэзентацыі нацыянальнай кінематаграфіі ў свеце. Першы крок у дадзеным кірунку ўжо зроблены: Мінскі міжнародны атрымаў двухгадовае выпрабавальнае сяброўства ў самай уплывовай фестывальнай арганізацыі свету кіно - Міжнароднай асацыяцыі кінапрадзюсараў (FIAPF). Але гэта таксама не нагода спачываць на лаўрах: не будзем забывацца, што вышэйзгаданыя фестывалі ў Таронта і Ратэрдаме, якія многія эксперты называюць самымі ўплывовымі ў свеце, наогул не маюць акрэдытацыі ў FIAPF. Мусім памятаць і пра тое, што лічбавая рэвалюцыя вельмі моцна ўплывае на само паняцце "міжнародны кінафестываль", а таксама на тыя мэты, якія павінны ставіць сабе такія мерапрыемствы.

 Увогуле, якія падзеі павінны суправаджаць фестывальныя кінапаказы - вялікае пытанне. "Лістапад-2011" суправаджалі канцэрты, прэзентацыі, "круглыя сталы", што праходзілі з вялікім поспехам, але бачання агульнай карціны міжнароднага кінафэсту пакуль няма. Сімптаматычна, што яркі штодзённы друкаваны фестывальны дзённік сёлетняга "Лістапада" складаўся з апісання ігравога конкурсу ды інтэрв'ю з аўтарамі. Што да апісання атмасферы кінафоруму, то яна засталася "па-за кадрам" не толькі тут, але і ў рэпартажах акрэдытаваных СМІ.

Відавочна, што звыклая форма правядзення міжнародных фестываляў можа хутка змяніцца. Некаторыя спецыялісты, у тым ліку самы ўплывовы расійскі кінакрытык Андрэй Плахаў, лічаць: падобныя форумы будучага маюць праходзіць і ў Інтэрнэце. Он-лайн-аўдыторыя Кракаўскага міжнароднага фестывалю дакументальнага і кароткаметражнага кіно сёлета, да прыкладу, склала дадаткова каля сямі тысяч наведвальнікаў, якія за невялікую плату маглі паглядзець дваццаць адмыслова адабраных стужак, прытым, што наведвальнікаў кіназалаў было каля сарака тысяч.

 Пытанне распрацоўкі інфармацыйнага асяродка "Лістапада" ў гэтым годзе было актуальнае як ніколі. Нарэшце ў кінафоруму з'явіўся вельмі якасны, дастойны міжнароднага ўзроўню, каталог, але атрымаць да яго доступ маглі толькі акрэдытаваныя асобы. Між тым, якраз у міжнароднай практыцы - прадаваць каталог шараговым наведвальнікам, зарабляючы пры гэтым дадатковыя сродкі на яго выданне. Менавіта даведачнай інфармацыі вельмі бракавала на "Лістападзе-2011"- недахоп яе адчувалі як гледачы, так і прадстаўнікі СМІ. Напрыклад, расклад фестывальных паказаў у друкаваным выглядзе з'явіўся ці не ў перадапошні конкурсны дзень кінафоруму...

 Пад час фэсту адчувалася: каманда "Лістапада", што стала ля руля толькі паўтара года таму, да гэтага ладзіла тэатральныя імпрэзы, правядзенне якіх мае прынцыпова іншы характар. Кіно - мастацтва па вызначэнні масавае, таму галоўны эфект, што павінен быць ад любога фестывалю фільмаў, - "кругі па вадзе", інфармацыйны выбух, звесткі аб найлепшых стужках, якія павінны разнесціся па асяродку не толькі кінаманаў, але і па як мага шырэйшаму колу жыхароў краіны. І для гэтага патрэбна не толькі заклікаць прэсу да супрацоўніцтва, а і больш актыўна працаваць з ёю. Інфармацыйнае забеспячэнне "Лістапада-2011" было як ніколі шырокім: шматлікія матэрыялы аб фестывалі з'явіліся ў вялікай колькасці газет і інтэрнэт-рэсурсаў. Але журналісцкія нататкі насілі збольшага інфармацыйны характар. Для дасягнення ж доўгатэрміновага эфекту, у тым ліку ў замежных СМІ, праца з мас-медыя на "Лістападзе" павінна быць арганізавана самым лепшым чынам, дырэкцыя мусіць больш уважліва ставіцца да журналістаў, якія сёлета часам не маглі трапіць на найважнейшыя мерапрыемствы фэсту. Зразумела, што памеры фестывальных аўдыторый не дазвалялі размясціць журналісцкі корпус цалкам, таму лагічным бачыцца ўвядзенне сістэмы катэгорый прэсы.

Васямнаццаты па ліку Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" завяршыўся тыдзень таму, але ўзнятыя ім пытанні, развагі і сумненні яшчэ доўга будуць цікавіць і непакоіць усіх, хто на ім працаваў і наведваў яго конкурсныя ды пазаконкурсныя паказы. Форум скончыўся, але пакінуў пасля сябе істотны след у выглядзе абмеркаванняў і нават спрэчак наконт свайго далейшага развіцця і лёсу высокага кінамастацтва ў цэлым - і гэта з'яўляецца паказчыкам запатрабаванасці. А значыць, "Лістапад-2011" можна занесці ў актыў беларускага культурнага года.

 Погляд знутры форуму Алена СЦЯШОВА, старшыня міжнароднага журы кінапрэсы (Расія):

 - Хочацца падзякаваць праграмным дырэктарам Ірыне Дзям'янавай і Ігару Сукманаву за іх выбітны густ і падбор стужак. Трэба адзначыць, што ігравая і дакументальная праграмы "Лістапада" былі сёлета на вельмі высокім узроўні і выгадна адрозніваюцца ў лепшы бок ад праграм іншых фестываляў на абсягах былога СССР.

Актан АРЫМ КУБАТ, старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў асноўнага ігравога конкурсу (Кыргызстан):

- Быў прыемна здзіўлены і ўзроўнем самога фэсту, і вашай цудоўнай краінай. Што тычыцца далейшага развіцця "Лістапада", то яго трэба як мага больш прасоўваць на ўплывовых сусветных кінафорумах, каб пра ўзровень фестывалю ведалі ў іншых краінах.

Людміла САЯНКОВА, член міжнароднага журы кінапрэсы (Беларусь):

 - Арганізатарам патрэбна надаваць больш увагі цырымоніям адкрыцця і закрыцця "Лістапада". Тое, што мы ўбачылі гэтым разам, не зусім адпавядала ўзроўню міжнароднага фестывалю.

Васіль КОКТЫШ, генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама:

- Нягледзячы на тое, што колькасць фестывальных пляцовак сёлета была скарочана, білетаў на паказы прадалі на тысячу больш. Гэта сведчыць аб высокім узроўні нашай публікі і аб тым, што праграмная канцэпцыя фэсту атрымала патрэбны кірунак - паказваць толькі тое, што нельга пабачыць у агульным пракаце.

Святлана САЎЧЫК, дырэктар сталічнага кінатэатра "Перамога":

 - "Лістапад" павінен надаваць больш увагі шараговым гледачам, павярнуцца да іх тварам, бо праводзіцца не толькі для міжнароднага журы, а, найперш, для жыхароў нашай сталіцы. Таму, складаючы праграму наступных фестываляў, трэба ўлічваць баланс паміж аўтарскім і камерцыйным кіно, як тое адбываецца, напрыклад, на Берлінскім кінафестывалі.