У акцыі, якая праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прымаюць удзел літаратурныя музеі Петруся Броўкі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Музей гісторыі беларускай літаратуры. Акцыя разлічана менавіта на сямейную аўдыторыю. Папярэдне былі створаны разнастайныя займальныя і пазнаваўчыя маршруты для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў, а таксама для дарослых.
Праект ажыццяўляецца ў незвычайным фармаце: самастойнае падарожжа з інтэрактыўным даведнікам, які распрацаваны асобна ў кожным музеі. Выканаць заданні з даведніка наведвальнікам мае дапамагчы сама экспазіцыя. Сямейную вандроўку можна пачаць з любога музея, далейшы парадак наведвання - таксама свабодны.
Пасля праходжання маршруту ў кожным музеі наведвальнік атрымае невялікі падарунак, а ў апошнім музеі ўдзельнікі падарожжа ўзнагароджваюцца дыпломам. Па заканчэнні праекта будзе разыграны галоўны прыз. Які - пакуль трымаецца ў сакрэце.
Ул. інф.