ДЫК З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА ТЭАТР?

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

Панарамна!

 

Заўтра адкрываецца "Панарама" - між іншым, юбілейная: пятая. Праграма Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва з гэтай назвай уключае дзевяць спектакляў, якія пакажуць восем тэатраў з пяці краін свету: Венгрыі, Літвы, Польшчы, Расіі і Беларусі.

Але статыстыка ў мастацтве - справа другасная: галоўнае - не колькі, а - хто і як. "Мы збіраем добрыя спектаклі, якія ўнясуць штосьці новае ў свядомасць гледача", - акрэсліў канцэпцыю форуму яго мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Сярод удзельнікаў свята - санктпецярбургскі Тэатр-фестываль "Балтыйскі дом" з чэхаўскай "Чайкай" Ёнаса Вайткуса, якой ён адкрываў гэты сезон. Мы дакранёмся да чарговай работы Эймунтаса Някрошуса - нашумелага, як і ўсе спектаклі гэтага сусветна прызнанага майстра, "Ідыёта" паводле Ф.Дастаеўскага, разлічанага на больш як пяць гадзін інтэлектуальнай асалоды. А ці не цікава пазнаёміцца з тэатральным мастацтвам Венгрыі? Тым больш, што гэта будзе ўганараваная на безлічы фестываляў пастаноўка сучаснай расійскай п'есы "Цырульніца". Прыедзе да нас і "Пінская шляхта" па-польску - варшаўскі перанос спектакля Мікалая Пінігіна са сцэны Купалаўскага тэатра з нашым Віктарам Манаевым у галоўнай ролі. "Аннай Карэнінай" па-літоўску будзе прадстаўлены і такі найперспектыўны сучасны тэатральны кірунак, як данс-тэатр, дзе пануе пластыка мадэрна. Аматары расійскай антрэпрызы будуць шчаслівыя ўбачыць Васілія Ланавога ў "Прысвячэнні Еве". Айчыннае мастацтва прадставяць "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" і спектаклі - пераможцы Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі: "Не мой" і "Драй швэстэрн".

"Панарама" завяршае багатую на тэатральны ўраджай восень. Усяго ж у рэспубліцы, як адзначыў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч, - ажно сем тэатральных фестываляў, не ўлічваючы музычныя і тыя буйныя форумы кшталту "Славянскага базару ў Віцебску", дзе тэатральнае мастацтва таксама прадстаўлена вельмі шырока.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"