Івацэвічы: цэнтр для рампы

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Тэатральнае Палессе

/i/content/pi/cult/350/6625/13-2.jpg

На Івацэвіцкай зямлі прайшоў VI Абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва "Тэатральнае Палессе".

15 лепшых калектываў Брэстчыны - пераможцы гарадскіх і раённых тураў - прадставілі свае работы ўдзячным гледачам у Івацэвічах і ў шэрагу паселішчаў рэгіёна.

Адкрыццё фэсту адбылося ў Івацэвіцкім ГДК. Ва ўрачыстай дзеі ўдзельнічалі акцёры народнага тэатра ўстановы культуры, якія прадставілі спектакль "Вей, ветрык!" па п'есе Яна Райніса, а таксама народны тэатр "Эксперымент" Баранавіцкага ГДК: яго артысты вынеслі на суд маленькіх гледачоў спектакль "Таямніца хрустальнага пантофліка". У вечаровай праграме прыняў удзел і народны тэатр "Пагарынне" са Століна са спектаклем "Аднакласнікі". Гэтым жа днём тэатральныя прадстаўленні ішлі і ў іншых сельскіх дамах культуры раёна.

Падвядзенне ж вынікаў і закрыццё фестывалю адбылося наступным днём пасля выступлення ўзорнага тэатра-студыі "Паралель" Палаца дзіцячай творчасці з Баранавічаў: яго спектакль "Ціль" не пакінуў абыякавым ніводнага гледача.

Такім чынам, вынікі. Дыпломам лаўрэата і спецыяльным прызам за лепшы спектакль абласнога фестывалю "Тэатральнае Палессе-2011" былі ўзнагароджаны народны тэатр Івацэвіцкага ГДК і ўзорны тэатр-студыя "Паралель" Палаца дзіцячай творчасці г. Баранавічы. А дыплом I ступені і спецыяльны прыз заваяваў народны тэатр "На Мышанцы" Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці Баранавіцкага раёна.

 Таццяна ЦЫБУЛЬСКАЯ

студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна

На здымку: сцэна са спектакля "Вей, ветрык!".