Легенда пра гетмана

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Мужны кум з вёскі Крычава

/i/content/pi/cult/350/6620/pic_22.jpgНе адна народная песня была прысвечана казачаму палкоўніку Крычэўскаму. Услаўленні ваяру стагоддзямі спявалі ў беларускіх вёсках. А, бадай, найлепшую эпітафію гэтай асобе стварыў наш Уладзімір Караткевіч. Дык хто ж такі гэты Крычэўскі? З'явіўся на свет будучы казак непадалёк ад Брэста, у маленькай вёсачцы Крычава. І калі яго дзед ды прадзед праваслаўнай веры трымаліся, то бацька абраў каталіцтва. А таму і свайго сына ён ахрысціў у касцёле, даўшы імя Станіслаў. І хоць сям'я багатай не лічылася, з'явілася магчымасць навучаць хлопца: ён ведаў латынь, нямецкую, польскую ды французскую мовы. А акрамя таго, добра засвоіў ваенную справу... 

Не засталося звестак аб тым, калі Крычэўскі патрапіў на вайсковую службу да караля Рэчы Паспалітай. Аднак, вядома, што ў 1627 г., пад час вайны са Швецыяй, ён ужо ўзначальваў харугву цяжкаўзброеных вершнікаў-гусараў. Вызначаўся Станіслаў сваёй адвагай, кемлівасцю ды валоданнем шабляй. У 1643-м Крычэўскі быў ўжо палкоўнікам Чыгірынскага рэестравага казачага палка. Цікава, што ў гэтым палку служыў сотнікам вядомы многім казак Зіновій Багдан Хмяльніцкі. З дакументаў вядома, што Хмяльніцкі ды Крычэўскі пасябравалі. Больш за тое: нават сталі кумамі.

Восенню 1643 г. гетману Канецпольскаму стала вядома, што хан Махмуд-Гірэй рыхтуе паход на Украіну. Раней заўжды было так, што супраць татараў польскія войскі выступалі ўжо тады, калі дзікія вершнікі здзейснілі свой набег і займаліся рабаваннем гарадоў і вёсак Рэчы Паспалітай. Даганялі татараў звычайна ўжо на зваротным шляху ў Крым.

Гэтым разам гетман Канецпольскі вырашыў сустрэць крымчакоў на мяжы. Наладзіў дазорную службу, якую неслі лёгкаўзброеныя палкі. А былі гэта полк Крычэўскага ды полк пана Забужскага.

Гетман сабраў усе свае сілы ў зручным для яго месцы і як след падрыхтаваўся да бітвы. 30 студзеня 1644 г. каронныя войскі Рэчы Паспалітай разбілі ўшчэнт крымчакоў. Да самага вечара гналіся пасля за татарамі, што ратаваліся ўцёкамі, казакі Крычэўскага.

Як вядома, у сярэдзіне XVII стагоддзя адбыліся значныя падзеі для гісторыі ўсёй Усходняй Еўропы, непасрэдна звязаныя з лёсам Багдана Хмяльніцкага. І менавіта наш зямляк вызваліў у 1646-м свайго сябра з няволі. Пасля гэтага вырашыў Хмяльніцкі рушыць на Сеч, дзе яго і сапраўды добра прынялі. Ды яшчэ як: запарожцы абралі Багдана сваім гетманам!

У чэрвені 1649 г. палкоўнік Крычэўскі, узначальваючы авангард войска Хмяльніцкага, прымусіў палякаў С.Ланцкаронскага адысці ад Меджыбожа. А ў ліпені ён удзельнічаў у разгроме войск князя Ярэмы Вішнявецкага пад Канстанцінавым.

У гэты час Хмяльніцкаму стала вядома, што з поўначы, з беларускіх земляў, рыхтуецца нанесці ўдар казакам гетман Януш Радзівіл. Яго войска было моцнае і вельмі дысцыплінаванае.

Багдан даўно ўжо высылаў на Беларусь свае загоны. Тыя, павялічваючыся ўдвая і нават утрая за кошт беларускіх сялян і мяшчан, разносілі і па Вялікім Княстве Літоўскім полымя паўстання. Аднак большасць іх у рэшце рэшт была разбіта. Цяпер на Беларусі знаходзіўся толькі шасцітысячны полк Сцяпана Пабадайлы і Івана Гаркушы, які атабарыўся ў месцы, дзе Сож сустракаецца з Дняпром, - насупраць Лоева. Гэта была вельмі выгадная пазіцыя: з трох бакоў казакаў ахоўвала рачная вада, з чацвёртага яны ўмацаваліся валамі./i/content/pi/cult/350/6620/pic_23.jpg

На злучэнне з Пабадайлам і Гаркушам Хмяльніцкі вырашыў накіраваць таго, каму са свайго акружэння найбольш давяраў,- Крычэўскага. Апошні быў прызначаны наказным гетманам і атрымаў пад кіраўніцтва тры казачыя палкі: кіеўскі, чарнобыльскі і оўруцкі. Рушылі казакі па беларускай зямлі. Як сведчаць архіўныя крыніцы, да войска Крычэўскага далучаліся ці не ў кожнай вёсцы: з-пад Мазыра, з-пад Хойнікаў, з-пад Брагіна, зпад Рэчыцы... 15 тысяч сялян сабралася пад казачыя харугвы. Разам з запарожцамі іх стала 30 тысяч. "Усе тутэйшыя воласці перайшлі на бок бунтаўшчыкоў,- скардзіўся Януш Радзівіл каралю ў пісьме, - усюды - пустэча, палі не сеяны, а калі чэлядзь выязджае па валасцях для жыўнасці, сама становіцца стравай ненасытнай акрутнасці непрыяцельскай..."

Пра набліжэнне Крычэўскага даведаўся Радзівіл ад палоннага казака. Не жадаючы дапусціць уз'яднання казакаў, Януш Радзівіл пасадзіў сваіх людзей на чаўны і паспрабаваў прабіцца да Пабадайлы і Гаркушы па вадзе. Тым часам у ноч на 31 ліпеня 1649 г. па таемных лясных сцежках сяляне вывелі конніцу Крычэўскага проста да лагера Радзівіла. У лесе казакі і заначавалі. Крычэўскі, разлічваючы, што атрымае перавагу з-за нечаканасці нападу, вырашыў гэтым і скарыстацца. Адзін моцны ўдар - і з Радзівілам скончана!

 Паведамленне пра набліжэнне Крычэўскага Радзівіл атрымаў раніцай 31 ліпеня. Ён паспеў толькі скамандаваць сваім воям рушыць у поле для сустрэчы ворага, калі імклівая казацкая кавалерыя выскачыла насустрач ім з лесу. Венгерскія пехацінцы і гетманская харугва, нібы лавінай, былі знесены казакамі Крычэўскага. На правым флангу гусары былі пацяснілі казакаў, тады Крычэўскі кінуў галоўныя сілы на левы фланг. І пасля магутнага ўдару імітаваў уцёкі. Многія воіны Радзівіла кінуліся пераследаваць казакаў, аддаліліся ад асноўных сіл і трапілі ў пастку. Крычэўскі яўна выігрываў бітву. Але нечакана на полі бою з'явіліся 1200 вершнікаў Радзівілаўскага палкоўніка Камароўскага. Яны былі выпраўлены ў дазор пад Брагін, і вяртаючыся, пачулі шум бою. Камароўскі напаў з тыла на казачае войска. Вельмі хутка яно аказалася разрэзаным напалам. Левае крыло разбіта, а правае на чале з Крычэўскім адышло ў лес і ўмацавалася ў густым зарасніку.

Радзівіл не спяшаўся нападаць на казакоў, і яны дзівіліся, не разумеючы, што адбываецца. А між тым, гетман літоўскі вымушаны быў гэтым часам з конніцай, пяхотай і кавалерыяй накіравацца да Татарскага броду, па якім казакі Пабадайлы распачалі пераправу на правы бераг Дняпра. Каб Крычэўскі не чакаў нападу Радзівіла, а павёў гэтым часам войска сваё ў атаку, з двух бакоў запарожцы сціснулі б гетмана ў клешчы, з якіх ён наўрад ці здолеў бы выбрацца. Але не ведаў пра Пабадайлавы дзеянні адважны Крычэўскі. Карыстаўся зацішшам, каб даць магчымасць адпачыць сваім стомленым ваярам. У выніку казакі Пабадайлы і Гаркушы спаткалі пагібель. А пасля Радзівілу ўдалося захапіць і абоз з гарматамі, які рушыў да Крычэўскага.

Міхайла спрабаваў выправіць становішча. Яго казакі пакінулі лес, каб дапамагчы пяхоце, але не вытрымалі ўдару гусараў ды драгунаў і адышлі ў свае засекі. Надвячоркам Крычэўскі са сваімі ваярамі на працягу дзвюх гадзін адбіваўся ад войскаў праціўніка. Бітву перапыніла ноч. У густой цемры казакі непрыкметна выйшлі са свайго лагера і рушылі ў бок Чарнігава. Але не ўдалася ўратаваць рэшткі сваіх палкоў адважнаму Крычэўскаму. Раніцай кінуліся наўздагон ім радзівілаўскія вершнікі. Крычэўскі быў цяжка паранены і захоплены ў палон.

З трыумфам даставілі казачага палкоўніка ў лагер Радзівіла і, прывязаўшы да кола абознага ваза, пачалі дапытваць. Радзівіл спрабаваў высветліць планы Хмяльніцкага. Спачатку пагражаў лютай карай, пасля ласкавым стаў: абяцаў жыццё і дараванне, запрашаў казака да сябе на службу. Не тое, што хацеў Радзівіл пачуць, казаў Крычэўскі. Палохаў велізарным воінствам Хмяльніцкага, якое, маўляў, вось-вось абрынецца на зямлю Беларусі, каб пакараць Радзівіла. Той хацеў замучыць Крычэўскага на вачах ва ўсяго свайго воінства. Ды не даўся адважны казак на здзек і пакуты: сам разбіў сабе галаву аб кола воза... Уражаныя, доўга баяліся падступіцца да мёртвага Крычэўскага ваяры Радзівіла...

Мікола БАГАДЗЯЖ, гісторык

На здымках: пасмяротная выява гетмана Крычэўскага; так мастак ХVІІ ст. пабачыў казацкую раду.