Ідэі, што фарміруюць імідж

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Пасольскі клуб. Пра маштабы прэзентацыі, віртуальны праект і захаванне спадчыны

/i/content/pi/cult/350/6613/pic_12.jpgДні культуры Беларусі ў замежных краінах здавён зарэкамендавалі сябе як прадстаўнічыя іміджавыя акцыі. Прычым нярэдка менавіта іх фармат дазваляе пашырыць супрацоўніцтва і ў эканоміцы, навуцы, вытворчасці... Скажам, лагічным працягам шматстайнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй літаральна на мінулым тыдні пад час сустрэчы міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі з міністрам культуры і турызму Турцыі Эртурулам Гюнаем стала дамоўленасць аб правядзенні Дзён культуры Беларусі ў паўднёвай краіне. Адной жа з апошніх па часе рэпрэзентацый падобнага кшталту за мяжой сталі Дні культуры ў Літоўскай Рэспубліцы. Упершыню яны праходзілі цягам цэлага месяца і паказалі не асобныя віды айчыннага мастацтва, а панарамны яго спектр. Якраз пра новы фармат іміджавага прадстаўлення нацыянальнай культуры карэспандэнт "К" задаваў пытанні Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і ў Фінляндскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве Уладзіміру ДРАЖЫНУ. Падкрэслім, менавіта ў кране-суседцы дэманстрацыя дасягненняў айчыннай культуры стала традыцыйнай акцыяй на ўзроўні дыппрадстаўніцтва. 

- У кантэксце Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", адразу зазначу: наша кінамастацтва таксама было прадстаўлена на суд літоўскага гледача. Пяць поўнаметражных мастацкіх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі паказаны ў рамках Дзён беларускага кіно ў Вільнюсе: "Брэсцкая крэпасць", "Снайпер. Зброя помсты", "Ваўкі", "Масакра", "Рыжык у Залюстэраччы". Надалі мы ўвагу і юным гледачам, прадставіўшы ў рамках Дзён кіно разнажанравую айчынную анімацыю. Дарэчы, хацелася б падкрэсліць: Дні кіно сталі таксама адным з маштабных кінапраектаў яшчэ і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Прыкладам, тая ж стужка "Брэсцкая крэпасць" - сумесны праект нашых краін. Наогул жа, перакананы, культурныя акцыі здольныя выступаць магутным звяном у развіцці стасункаў з краінамі свету. І, канешне ж, найперш - з суседзямі.

- Мусіць, упершыню Дні культуры Беларусі праводзіліся ў працяглым месячным фармаце. І тое датычыцца не толькі Літвы, але і мерапрыемстваў падобнага кшталту наогул. Як ацэньваеце навінку? У чым бачыцца эфектыўнасць менавіта маштабнай прэзентацыі?

- Што да супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай у сферы гуманітарных адносін, дык яно з кожным годам становіцца ўсё больш значным і якасным. І да правядзення чарговай прэзентацыі мы мелі значны напрацаваны вопыт: ужо цягам пяці гадоў у Літве адбываюцца Дні беларускай культуры (менавіта так называецца наша пасольскае мерапрыемства), якія зазнаюць велізарны поспех не толькі сярод нашых суайчыннікаў, але і сярод літоўцаў, гасцей гэтай цудоўнай краіны, а таксама дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Вільнюсе. Праграмы ж мінулых гадоў і зацікаўленасць публікі засведчылі неабходнасць правядзення больш маштабных культурных імпрэз, таму ў верасні - кастрычніку Беларусь прадставіла шырокую праграму з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Максіма Горкага, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета... У Вільнюсе распачалася і выстаўка, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча "Геній Зямлі беларускай", а таксама адбыўся чарговы этап акцыі "Беларусь сёння", якая, па традыцыі, з'яўляецца ўжо неад'емнай часткай Дзён культуры Беларусі. Менавіта ў яе рамках міністр культуры Павел Латушка перадаў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы сто апошніх выданняў па культуры і гісторыі нашай Радзімы.

- Цікава было б даведацца, які водгук атрымалі канцэрты і спектаклі нашых майстроў мастацтваў у прэсе краіны-суседкі?

- Нас не можа не радаваць, што тыя ж спектаклі прайшлі з вялікім поспехам і шырока асвятляліся ў літоўскіх СМІ. На думку тамтэйшых крытыкаў, тэатр імя Горкага мае сваё адмысловае мастацкае аблічча, вылучаецца высокім узроўнем акцёрскага майстэрства, арыгінальнасцю рэжысёрскіх трактовак, глыбокім падыходам да распрацоўкі рэпертуару. Зразумела, высокія ацэнкі прагучалі і на адрас беларускага балета. Дзея атрымалася непадобнай на іншыя балетныя творы і пакінула глыбокія ўражанні ў патрабавальнага літоўскага гледача.

- Многія мерапрыемствы Дзён культуры, у прыватнасці - тэатральныя, мелі, як вядома, аншлагавыя залы. Хто ж асноўны глядач беларускіх пастановак у Літве: нашы суайчыннікі або самі літоўцы?

- Згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва, беларусы ў Літве складаюць каля 35 тысяч чалавек. Але, натуральна, Вільнюс - шматнацыянальны горад, таму і руская, і ўкраінская, і польская дыяспары - гэта ўсё наш глядач. Нас аб'ядноўвае агульная гісторыя, і таму высокапрафесійнае акадэмічнае мастацтва, прадстаўленае ў Літве, знаходзіць удзячны водгук. А беларускі балет - гэта шэдэўр сусветнага мастацтва, гэта тысячы прыхільнікаў. А яшчэ - раскупленыя за тыдзень білеты, прыстаўныя крэслы і стаячыя месцы, мора кветак, прызнанне і глыбокая пашана высокаму мастацтву. Дарэчы, нельга не адзначыць, што практычна на ўсіх мерапрыемствах прысутнічалі паслы Расіі, Украіны, Казахстана, дыпламатычны корпус краін СНД і ЕС, прадстаўнікі літоўскай творчай інтэлігенцыі, грамадскіх нацыянальна-культурных аб'яднанняў і беларускай дыяспары, а таксама - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

- Чым запомніўся, на вашу думку, гэты месяц прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Літве?

- Перш за ўсё - любоўю і гонарам за нашу краіну. А таксама адчуваннем судачынення да Беларусі - сваёй Радзімы. Між іншым, наша дыяспара ў час Дзён культуры выступіла не толькі ў якасці гледача, але і стала суарганізатарам некаторых мерапрыемстваў. У тым ліку дзякуючы гэтаму, мы пашырылі тэрытарыяльныя межы прасоўвання айчыннай культуры і дайшлі да самай Балтыкі. XVI Свята беларускай песні, якое з ашаламляльным поспехам прайшло ў Клайпедзе, - яркае таму сведчанне. У ім прынялі ўдзел прафесійныя творчыя калектывы нашай краіны і самадзейныя ансамблі беларусаў Літвы. У канцэртнай зале горада выступіла арт-група "Беларусы", якая ўразіла сваім выкананнем папулярных еўрапейскіх песень на беларускай мове. Творы айчынных і замежных кампазітараў прагучалі ў выкананні артыстаў камернага аркестра і салістаў дзяржаўнай установы культуры "Гродзенская капэла", ансамбля народнай музыкі і танца "Таліца". У канцэрце таксама прынялі ўдзел калектывы грамадскіх арганізацый беларусаў Вільнюса, Вісагінеса, Клайпеды, Шальчынінкая ды іншых літоўскіх гарадоў.

- Распавядзіце, калі ласка, пра найбліжэйшыя планы Пасольства ў развіцці культурных стасункаў з Літвой. Вядома, што наша дыппрадстаўніцтва само актыўна займаецца прэзентацыяй айчыннай нацыянальнай культуры...

- Нягледзячы на тое, што мы актыўна прэзентуем менавіта акадэмічнае мастацтва Беларусі, у найбліжэйшыя планы, у першую чаргу, уваходзяць пытанні захавання агульнай гісторыка-культурнай спадчыны і ўшанаванне памяці знакамітых беларусаў, чаму наша рэспубліка надае вялікае значэнне. І, цалкам заканамерна з гістарычных прычын, што віленскі край з'яўляецца вытокам для многіх знакамітых беларусаў, якія ўнеслі значны ўклад у сусветную гісторыю. Іх працамі, дасягненнямі, адкрыццямі, творамі ганарымся і мы, і літоўцы.

- Скажам, сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня заснавання Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча...

- Трагічны лёс у гэтай установы... Але, тым не менш, мы абавязаны ўзнавіць яе экспазіцыю хаця б у віртуальным выглядзе, калі не атрымалася захаваць сам гэты музей. Нагадаю, раней міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка звярнуўся да міністра культуры Літоўскай Рэспублікі Арунаса Гелунаса з просьбай падтрымаць ідэю аднаўлення музея. Сама ж ідэя жыве і знаходзіць шмат актыўных асоб. Мы хочам прыцягнуць да яе рэалізацыі беларускую дыяспару, наогул усіх зацікаўленых. З гэтай нагоды плануем правесці навуковую канферэнцыю, каб там вызначыць канцэпцыю адраджэння скарбніцы.

- А што запланавана здзейсніць у кірунку ўстаноўкі манументальных твораў?

- Нямала намаганняў прыкладаецца па ўсталяванні помнікаў ды мемарыяльных дошак у гонар знакамітых беларусаў. На сённяшні дзень вядуцца перамовы па ўстаноўцы помніка першадрукару ўсходніх славян Францыску Скарыну, які, як вядома, заснаваў друкарню ў Вільні. А яшчэ летась мы ўсталявалі мемарыяльную дошку па вуліцы Арклю, 18С пачынальніку новай беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу.

- Магчыма, плануеце сумесна з літоўскім бокам ушанаваць імёны прадстаўнікоў нашай дыяспары ў краіне-суседцы?

- У памяць пра заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай Рэспублікі, першага кіраўніка беларускіх грамадскіх арганізацый, выдатнага чалавека, опернага спевака Лявона Мурашку рыхтуецца да выдання кніга Ліліі Плігаўка, а таксама прапрацоўваецца пытанне пра магчымасць устаноўкі мемарыяльнай дошкі і адкрыцця кутка ў музеі на радзіме спевака - у вёсцы Сіняўка Клецкага раёна.

- Якое мерапрыемства Дзён культуры прыйшлося даспадобы асабіста вам, Уладзімір Несцеравіч? Сустрэчу з якім відам мастацтва хацелі б зладзіць у будучым?

- Усе мерапрыемствы Дзён культуры, лічу, былі прадстаўлены літоўскаму гледачу, слухачу сапраўды годна. Гэта - поўнамаштабная запамінальная прэзентацыя нашай культуры ў Літве. Таму - мая шчырая ўдзячнасць усім артыстам, удзельнікам свята! А ў 2012-м мы плануем правесці Дні культуры яшчэ больш маштабна. І шэраг мерапрыемстваў прысвяціць 130-годдзю з дня нараджэння нашых Песняроў - Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Фота аўтара

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах