“Апокрыф” Максіма

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Вялікай прэм’ерай мюзікла-прытчы “Апокрыф” кампазітара Ларысы Сімаковіч 9 снежня ў Белдзяржфілармоніі адкрыецца ўрачыстае святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Для прэм'ернага паказу мяркуецца аб'яднаць творчыя намаганні вядомых калектываў краіны: Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, Дзяржаўнага камернага хору (мастацкі кіраўнік і дырыжор - Наталля Міхайлава), фальклорнага тэатра "Госціца".

Дарэчы, у лістападзе Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў чакае яшчэ адна прэм'ера. Салістка легендарных "Песняроў", кампазітар і вакалістка Людміла Ісупава разам са знаным калектывам (ім будзе дырыжыраваць ужо заслужаны артыст краіны Аляксандр Крамко) прадстаўляе праграму "Уваскрэсенне". 23 лістапада яна прэзентуе свае новыя работы і вядомыя творы разам з заслужаным артыстам Беларусі Уладзімірам Ткачэнкам, кампазітарам, паэтам Сяргеем Баландзіным, вакальнай групай "Дыямант".