"Вяселле" ў Палацы

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

У рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011” у Гомелі працягвае віраваць насычанае творчае жыццё.

Як распавяла "К" намеснік начальніка аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Таццяна Гардзіенка, 16 лістапада ў Палацы культуры чыгуначнікаў адбудзецца спектакль "Вяселле" Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, а 19 лістапада на сцэне гарадскога Цэнтра культуры запланаваны канцэрт творчых калектываў краін Сярэдняй Азіі.

Шэраг цікавых мерапрыемстваў пройдзе пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Так, 22 лістапада на сцэне Грамадска-культурнага цэнтра Гомеля адбудзецца канцэрт гасцей з Казахстана, а 26 лістапада жыхары і госці Культурнай сталіцы змогуць наведаць канцэрт заслужанага артыста Украіны Івана Кучара.

Названыя мерапрыемствы пройдуць у рамках праекта "Дні культуры краін Садружнасці", што ладзіцца ў Гомелі цягам апошніх трох месяцаў і, па словах Таццяны Гардзіенка, ужо паспеў заваяваць папулярнасць у жыхароў горада.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"