Адна гісторыя пра тысячы

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Вымярэнні кіно Кахі Каўсадзэ

/i/content/pi/cult/350/6606/pic_10.jpg"А ці ёсць там тэатр?"- дакументальную стужку з такой назвай прадставілі на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" рэжысёр Нані Джанелідзэ і акцёр Кахі КАЎСАДЗЭ. У ёй народны артыст Грузіі іграе... сябе, распавядаючы пра лёс свайго роду. І, прызнацца, няма больш захапляльнай дзеі, чым гэткі Тэатр аднаго акцёра, чым гісторыя Асобы, у кім урэчаіснілася гісторыя цэлай краіны...

Пасля прагляду фільма прызнаешся сам сабе: усё, што да гэтай пары ведаў пра "заслужанага Абудулу Савецкага Саюза" - гэта амаль нічога. Найгалоўнае вымярэнне Кахі Каўсадзэ - чалавечае, якое звычайна - па-за ўвагай гледачоў. А менавіта там усё і нараджаецца...

Кахі Каўсадзэ паходзіць з вядомага роду грузінскіх музыкаў. Ягоны дзед- Сандро Каўсадзэ - быў кіраўніком хору, дзе спяваў некалі Сталін, а бацька - Давід - пад час Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон і здолеў стварыць у тых умовах "грузінскі" хор, выратаваўшы такім чынам ад смерці не адзін дзясятак савецкіх салдат розных нацыянальнасцей. Грузінская песня - вось вытокі знакамітага акцёра, а галоўны ягоны выхавальнік - пакручасты лёс роднай краіны.

Пасля вайны бацьку Кахі Давідавіча з прычыны таго, што той знаходзіўся ў палоне, выслалі ў Сібір. "Па сутнасці, я бачыў яго ў сваім жыцці толькі два разы,- распавядае майстар сцэны і экрана,- але ўвесь час, калі мне задавалі пытанне, маўляў, каго з бацькоў я люблю больш, заўжды адказваў: "Тату".

Як дзяцей "ворага народа" Кахі Каўсадзэ і яго брата пры ўсіх здольнасцях выключылі з музычнага вучылішча. Больш за дваццаць гадоў маці акцёра выхоўвала двух сыноў адна. Потым, калі пачаліся працэсы рэабілітацыі, Кахі Давідавіч адказваў у анкетах на пытанне "Ці былі ў вашай сям'і рэпрэсіраваныя?" адназначна: "Так. Бацька". "Ці быў рэабілітаваны?" - "Не". "Чаму вы пішаце з такім выклікам? - пыталіся ў мяне, - распавядае акцёр. - Падайце дакументы - і ваш бацька будзе рэабілітаваны". А я адказваў: "Перад кім рэабілітаваны? Ён для мяне як быў, так і застаўся самым разумным, таленавітым, смелым, добрым... Перад кім я павінен яго рэабілітаваць? Перад вамі?.."

Такая гісторыя роду. Сёння ж Кахі Давідавіч стаў выбітным акцёрам тэатра і кіно. "Я нават не марыў пра тое, каб выйсці на сцэну! - прызнаецца ён, кажучы пра Тбіліскі акадэмічны тэатр імя Шота Руставэлі, дзе працуе ўжо не адзін дзясятак гадоў. "Адзін са старых майстроў, паміраючы, спытаўся: "Цікава, а ці ёсць там тэатр?" - і паказаў на неба, - Кахі Каўсадзэ ў тэатральным касцюме і грыме на сцэне пераказвае гэтую гісторыю і дадае, уздымаючы руку: - Сапраўды, а ці ёсць там тэатр?" А потым пачынае спяваць грузінскую песню. І галасы яго продкаў з нябёс адказваюць яму... Пасля прагляду дакументальнай стужкі зала вітала стваральнікаў карціны стоячы.

 

"Мы гутарылі з ёй дзесяць гадзін"

- Кахі Давідавіч, дзякуй вялікі за цудоўны фільм! Як увогуле нарадзілася ідэя карціны?

- Доўгая гісторыя. Да 100-годдзя майго бацькі Грузінскі фальклорны цэнтр зладзіў вечар памяці. Сказалі, што я мушу яго весці, распавядаючы сямейныя гісторыі. Мая дачка прыйшла туды з сяброўкай, а ёю і аказалася Нана Джанелідзэ - сцэнарыст і рэжысёр. Пасля імпрэзы Нана падышла да мяне і сказала: "Я павінна зняць фільм па вашай гісторыі!" Вось так усё і пачалося. Прызнацца, спачатку я не паставіўся да яе прапановы сур'ёзна: колькі рэжысёраў на маім веку абяцаюць задзейнічаць у стужцы, а потым знікаюць кудысьці, і пры сустрэчы робяць выгляд, нібыта нічога не было. Таму спачатку я не вельмі верыў у вынік. Але Нана прыйшла праз два месяцы і зноў паўтарыла прапанову. Мы гутарылі з ёй дзесяць гадзін. Потым, праз пэўны тэрмін, яна з'явілася ўжо са сцэнарыем. Па шчырасці, мне падавалася дзіўнай ідэя падобнага кіно. "Няўжо людзям столькі часу будзе цікава глядзець на аднаго чалавека?" - спытаўся я ў Наны. А яна адказала: "А каб здымалі стужку пра Роберта дэ Ніра і яго сям'ю, вам цікава было б глядзець?" Аргумент спадабаўся, і, такім чынам, яна мяне пераканала канчаткова.

- Як успрымаюць стужку на вашай радзіме?

- Вельмі добра. Самае цікавае для мяне, што яна падабаецца самым розным пакаленням. Знаходзяць у ёй штосьці не толькі людзі сталага веку, але і моладзь. Напэўна, таму, што ім адкрываецца пэўная частка гісторыі краіны. Мой унук пасля прагляду мне прызнаўся: "Вы няправільна скончылі фільм. Я толькі збіраўся заплакаць - і тут пайшлі цітры... Няправільны фінал! Вы перашкодзілі мне плакаць!" І гэта мне кажа дваццацісямігадовы хлопец.

 

"І фільм атрымаў іншы фінал"

- Баюся, чытачы не даруюць мне, калі я не спытаюся пра адну з вашых самых знакамітых роляў - Абдулы ў "Белым сонцы пустыні". Ці праўда, што вы ўпершыню ўбачылі гэтую карціну толькі ў 2000 годзе?

- Вы маеце рацыю. Гэта адбылося на рэтраспектыве Рустама Ібрагімбекава. Я сказаў некалькі цёплых слоў на адрас драматурга (Ён разам з Валянцінам Яжовым з'яўляецца аўтарам сцэнарыя да "Белага сонца...". - Д.А.), а потым пачаўся паказ. Часу сысці не было, і тут я прызнаўся суседу, што гляджу карціну ў першы раз. "Ну што ж, пара паглядзець", - адказаў ён. Мне проста не падабаецца любавацца сабой на экране, у адрозненне ад некаторых іншых акцёраў. Таму да гэтай пары паглядзець фільм так і не даводзілася.

- І вы засталіся задаволены сваёй працай?

 - Шчыра кажучы, можна было б сыграць і лепш. Але, натуральна, цяпер я гляджу стужку з пазіцыі вопыту. Цікава, што першапачаткова "Белае сонца пустыні" мела завяршыцца інакш. Мы страляем адзін у аднаго з Сухавым - і ён смяротна раніць мяне. І вось я выходжу з мора, у мяне чорная кроў, усім зразумела: мае хвіліны злічаны. Я рухаюся на Сухава, які стаіць таксама паранены (але ж не смяротна), і, не даходзячы літаральна метр, падаю. У кадры - я ляжу, Сухаў стаіць, а потым ён паварочваецца і сыходзіць кудысьці ўдалечыню. Камера рухаецца за ім, пакідаючы мяне па-за межамі кадра, ды раптам чуюцца крыкі жанчын - жонак Абдулы. Сухаў паварочваецца - і мы бачым буйным планам яго збянтэжаны твар: маўляў, у які край усё ж такі я трапіў... А жонкі сабраліся вакол Абдулы і яго аплакваюць. Натуральна, падобную канцоўку камісія прыняць не магла, і фільм атрымаў іншы фінал, які ўсе ведаюць. Але цяпер вы разумееце, што ўсё гэта ўжо былі даздымкі.

 

Дзе зорка Дон Кіхота?

- У вашай фільмаграфіі шмат цікавых персанажаў. Вы ўвасаблялі Івана Жахлівага, бунтара Іорамі, прастадушнага Кахі, таго ж Дон Кіхота ў стужцы "Жыццё Дон Кіхота і Санча Пансы", гуляку ў карціне "Жыўбыў пеўчы дрозд", першага прэзідэнта Грузіі ў фільме "Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара"... Цікава, якіх герояў вам іграць цікавей і лягчэй: станоўчых ці адмоўных?

- Я сустракаў акцёраў, што вельмі любяць ролі адмоўных персанажаў, у той самы час як самі - вельмі прыемныя людзі. Ці наадварот: не вельмі прыстойных асоб, якія любяць увасабляць добрых і мужных герояў. Такое здараецца. Ды ўсё ж, нягледзячы на ўсялякія чалавечыя ўласцівасці, на маю думку, станоўчага героя сыграць больш складана, чым адмоўнага, бо, каб "зрабіць" першага жывым і не надуманым, трэба ўнікнуць у яго душу, зразумець яе, быць пераканаўчым. Адмоўнага ж персанажа стварыць прасцей.

- У мяне адразу ўзнікае ў памяці той жа Дон Кіхот. Як вам удалося так узнёсла і кранальна сыграць гэтага героя?

- Гэта тэма для асобнай гутаркі. Калі я атрымаў ролю, то, натуральна, пачаў да яе рыхтавацца. Цікавіла, хто і што з класікаў казаў на конт гэтага персанажа. Пад час пошукаў сустракаў агульныя фразы: маўляў, Дон Кіхот - такі выбітны герой, Сервантэс - надзвычай таленавіты пісьменнік,- пакуль не натрапіў на твор акцёра Міхаіла Чэхава "Аб мастацтве акцёра", дзе ён дае невялічкія характарыстыкі вядомым персанажам. "Рухаючая зорка Мефістофеля, тая зорка, якая кіруе героем, - пісаў ён,- знаходзіцца ў яго вачах. Рухаючая зорка Гамлета - у ягоным сэрцы. Рухаючая зорка Караля Ліра - у яго розуме. Нездарма Лір кажа ў п'есе: "Хтосьці параніў мой розум". Рухаючая зорка Санча Пансы- у ягоных... ягадзіцах. І рухаючая зорка Дон Кіхота знаходзіцца... трошкі вышэй за яго галаву". Калі я прачытаў тую характарыстыку, дык уцяміў, як павінен выбудоўваць ролю: Дон Кіхот яшчэ не на нябёсах, але ён ужо не на зямлі. З гэтым разуменнем я прыступіў да працы...

- І ў вас атрымаўся адзін з самых яскравых Дон Кіхотаў у гісторыі кіно!..

- Дзякуй.

 

"Мы зноў з ёю перасекліся"

- Кахі Давідавіч, не магу не адзначыць яшчэ адну старонку ў вашай творчай біяграфіі: супрацоўніцтва з грузінскім рэжысёрам Тэнгізам Абуладзэ, які зняў такія вядомыя стужкі, як "Мальба", "Дрэва жадання", "Пакаянне"... Ці адчувалі, здымаючыся ў тым самым "Пакаянні", што атрымаецца знакавая карціна нацыянальнага кінематографа?

- Не. Мы не маглі такога ўявіць! Гэта была праца, да якой я паставіўся з усёй сур'ёзнасцю, ды, тым не менш, уявіць, што потым гэтае кіно стане эпахальным... Ведаеце, колькі я чуў ад рэжысёраў абяцанняў пра геніяльны фільм? А ў выніку- нічога незвычайнага не адбывалася. Таму я ўспрымаў працу ў фільме Абуладзэ спакойна. Потым, з цягам часу, мы адчулі, што робім нешта важнае. Трэба адзначыць, што Нана Джанелідзэ з'яўляецца сааўтарам сцэнарыя "Пакаяння". І тут мне сапраўды пашчасціла, што мы зноў з ёю перасекліся.

- Я заўважыла, што пэўныя пастановачныя кадры ў стужцы "А ці ёсць там тэатр?" перагукаюцца з "Пакаяннем": да прыкладу, тая ж сцэна, калі маці з дзецьмі чакае прыезду бацькі на вакзале, сцэна з пошукам меткі на драўляных бярвёнах...

Да гутаркі далучаецца і сама Нана Джанелідзэ:

- Так, гэтая паралель ёсць. Цікава: калі я пісала сцэнарый для "Пакаяння", то збірала тысячы розных гісторый у адну. А ў дакументальнай карціне так атрымалася, што асобная гісторыя Кахі распавяла пра лёсы тысяч людзей у тыя часы...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"