Камандзіроўка ў дзяцінства

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Напярэдадні кінафоруму карэспандэнту “К” удалося стэлефанавацца з Уладзімірам ГРАМАЦІКАВЫМ — акцёрам, рэжысёрам, кінадраматургам, прадзюсарам, заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, старшынёй журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”.

/i/content/pi/cult/349/6602/10-3.jpg- Уладзімір Аляксандравіч, як вы ўспрынялі прапанову ўзначаліць журы "Лістападзіка"?

- Я ўжо бываў на мінскім кінафоруме - у якасці члена журы, ды і ў якасці ўдзельніка фестывалю, - таму прапанову прыехаць на сёлетні конкурс прыняў з задавальненнем. Вельмі цікава азнаёміцца з праграмай "Лістападзіка", дазнацца, якое кіно для дзяцей здымаюць тыя ж Чэхія, Венгрыя, іншыя еўрапейскія краіны. Хачу дзіцячую праграму прагледзець цалкам. І, вядома, таксама цікава даведацца, як і чым жыве Мінск.

- Не магу не спытаць вас як аднаго з вядучых рэжысёраў кіно для дзяцей аб узроўні дзіцячага кінематографа ў вашай краіне...

 - Лёгкі рух ёсць, дзякаваць богу. Усё ж такі нашы ўлады зрабілі паварот у бок таго ж сямейнага і дзіцячага кіно. Дзяржава надае сацыяльнае значэнне кінапрадукцыі, разлічанай на дзіцячую аўдыторыю, таму сёння гаворка ідзе пра пэўныя мэтавыя сродкі на вытворчасць сямейнага кіно. Усё гэта ўсяляе надзею. Дарэчы, цяпер я працую крэатыўным прадзюсарам расійскага прадстаўніцтва сусветнага гіганта кінаіндустрыі для дзяцей і юнацтва: займаюся яго кантэнтам. І са студзеня кампанія распачынае вяшчанне канала, які, дарэчы, будзе мець фэдэральны статус. Што на ім плануем паказваць? Абавязкова - тыя стужкі і мультфільмы, што склалі традыцыю дзіцячага кінематографа ў Расіі.

 - Ці сумуеце па рэжысуры?

- Зараз я вельмі заняты. І нават на "Лістападзік" кампанія адпусціла мяне толькі таму, што палічыла, што гэтая камандзіроўка - надзвычай цікавая і карысная. А вось калі скончыцца мой кантракт, я мог бы разгледзець прапановы.  

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"