Што рыхтуе “Піянер”?

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Кінатэатр “Піянер” — традыцыйная пляцоўка конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”.

/i/content/pi/cult/349/6601/10-2.jpgЯк паведаміла дырэктар установы Ірына Расказава, урачыстая цырымонія адкрыцця дзіцячага форуму абяцае стаць самай незвычайнай за апошнія гады. Не раскрываючы ўсіх сакрэтаў, яна адзначыла, што шоу, якое разгорнецца перад публікай, будзе на касмічную тэму. Рыхтуе праграму дзейства Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна.

 Акрамя прагляду яскравага прадстаўлення, маленькіх гледачоў на адкрыцці дзіцячага конкурсу чакаюць і салодкія падарункі. "Мы заўжды імкнёмся радаваць свайго гледача карыснымі прэзентамі і прысмакамі, і, тым больш, не стане выключэннем конкурс "Лістападзік", кожны яго сеанс", - падкрэслівае метадыст "Піянера" Ала Мазоўская.

"Прыгоды Цінціна: Таямніца аднарога" Сцівена Спілберга - мультфільм, які распачне "Лістападзік-2011". "Упэўнены, што такі твор не пакіне абыякавым як дарослага, так і маленькага гледача, - кажа Ала Мазоўская, - і мы можам толькі падзякаваць мінскаму "Кінавідэапракату" за падобную прэм'еру - сапраўды сусветнага маштабу".

 З цікавасцю ставіцца дырэкцыя кінатэатра і да сустрэч-абмеркаванняў гледачоў з аўтарамі фільма і спецыялістамі- педагогамі-псіхолагамі.

"Вядома, з хваляваннем чакаем і гасцей конкурсу "ЛІстападзік-2011",- дадае Ала Мазоўская. - Асабліва - Уладзіміра Грамацікава, які сёлета з'яўляецца старшынёй журы дзіцячага конкурсу. Яго стужкі "Вусаты нянь", "Ішоў сабака па раялі", "Міа, мой Міа" ды іншыя вядомыя не аднаму пакаленню гледачоў".

 Конкурс фільмаў прадоўжыцца з 4 па 11 лістапада.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"