Уменне бачыць Юрыя Іванова

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Фатаграфія, паводле Юрыя Іванова, — гэта перадусім адносіны. Не механічнае адлюстраванне рэчаіснасці і не яе візуальная трансфармацыя, а погляд аўтара на свет, людзей, гісторыю, само жыццё праз аб’ектыў фотакамеры. З дапамогай гэтага звыклага для нас інструмента — а ён, мусіць, недарэмна якое стагоддзе таму лічыўся ледзьве не чарадзейным — уласцівае канкрэтнаму чалавеку ўменне бачыць становіцца даступным і для ўсіх астатніх. Каб у пэўнай меры спазнаць яго, варта наведаць выстаўку “Паміж белым і чорным”, якая 28 верасня адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ. Аўтар прысвяціў яе сваім бацькам — сёлета абое з іх адсвяткавалі б стогадовы юбілей.

 /i/content/pi/cult/131/660/Ivanov1.jpg
Пад дзве сотні работ майстра, “прэм’еры” многіх з якіх адбыліся менавіта на старонках “К”, выяўляюць не толькі ўсю сукупнасць колераў, змешчаных паміж белым і чорным, але і не менш шырокую гаму пачуццяў.
Аднак прэваліруе сярод іх захапленне беларускімі краявідамі, звычайнымі, здавалася б, побытавымі сітуацыямі, людзьмі— як знакавымі постацямі, так і тымі, чые імёны нікому не вядомыя. Але ў кожным разе да сваіх герояў аўтар ставіцца з надзвычайнай павагай, прагнучы спасцігнуць іх унутраны свет ды выявіць яго невычэрпную глыбіню.
Аглядаючы гэтыя працы, разумееш, што ключавое слова ў назве выстаўкі — менавіта “паміж”. Фатограф не схільны да ўвасаблення крайнасцей, і нават вонкава можна заўважць, што чыста “чорных” і чыста “белых” работ у экспазіцыі няма. Замест гэтага — бясконцыя суплёты тонкіх адценняў.
Зрэшты, выстаўка магла б называцца іначай. Скажам, “Характар”, як спярша аўтарам і
 /i/content/pi/cult/131/660/Ivanov2.jpg

 Юрый Яфімаў. 1968 г.

задумвалася,— балазе, літаральна кожнаму ягонаму твору ўласцівы свой “унутраны нерв”. Або “Эпоха маімі вачыма” — і гэта не было б пафасным перабольшваннем. Экспазіцыя, якая стала для фатографа нібы творчай справаздачай (вядома ж, перад самім сабой) за чатыры з лішкам дзесяцігоддзі плённай працы, і сапраўды стварае змястоўны партрэт свайго часу. Праз такія яго, здавалася б, дробныя, адзінкі меры, як імгненні. Але творчасць Ю.Іванова красамоўна сведчыць за тое, што адно ўдала спыненае імгненне можа быць куды больш змястоўным за многія старонкі тэксту.
На вернісажы можна было ўбачыць нямала людзей, якія стваралі гэтую эпоху разам з Юрыем Івановым: двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Бядулю, лаўрэата Ленінскай прэміі, аднаго з архітэктурных аўтараў “Хатыні” Леаніда Левіна, маэстра Ігара Лучанка, вядомага скульптура Івана Міско, выдатнага жывапісца Леаніда Шчамялёва. А з фотаздымкаў пазіралі Пётр Машэраў, Сяргей Прытыцкі, Кандрат Крапіва, Уладзімір Мулявін, Міхаіл Савіцкі, Генадзь Аўсяннікаў... Побач — адлюстраванне ўсіх значных падзей мінулых чатырох дзесяцігоддзяў: ад Чарнобыльскай катастрофы да адкрыцця Мінскага метро.
 /i/content/pi/cult/131/660/Ivanov4.jpg
 Дзве дамы. 2004 г.
Цэльнасць экспазіцыі не парушылася нават з той прычыны, што ані храналагічна, ані тэматычна яна не была структурыравана. Бо кожнае фота тут — самадастатковае і неверагодна выразнае. І ці не кожнаму папярэднічала свая гісторыя — на жаль, яны засталіся ў літаральным сэнсе слова па-за кадрам. Але зборнік гэтых гісторый — часам, бадай, анекдатычных, а часам — журботных — без сумневу, стаўся б не толькі лагічным працягам экспазіцыі, але і выдатным дапаможнікам па фотамайстэрстве. Засведчыўшы, што нягледзячы на ўсю сваю “дакументальнасць” і “другаснасць” у дачыненні да рэчаіснасці, яно можа стацца выдатным спосабам для выяўлення ўласнай фантазіі.
Мусіць, толькі Ю.Іванову магло б прыйсці ў галаву супаставіць белавежскага зубра з “БелАЗам”, а напярэдадні Алімпіяды ў Маскве зацягнуць жывога мішку ў кандытарскую краму.Але “ўбачаныя” фота ўражваюць не менш, чым такія грандыёзныя пастановачныя кадры. Бо ў чарговы раз сведчаць: убачыць таксама трэба ўмець.

Ілля СВІРЫН 


Многія задаюць мне пытанне, як я стаў фатографам.
Не ведаю. Магчыма, гэта здарылася ва Уральску, калі я, гледзячы на перасячэнні правадоў у небе, спрабаваў “спыніць” “карцінку” поглядам.
Магчыма, тады, калі я задумаўся: а што застанецца пасля мяне?
Магчыма. Магчыма…(…)
Я быў сведкам многіх падзей у жыцці.
Я бачыў.
Вось я і паказваю тое, што бачыў. 

Юрый ІВАНОЎ.
Сам пра сябе.