Прапорцыя “візітоўкі”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Еўрапейскасць з беларускасцю: сумяшчэнне кадраў

/i/content/pi/cult/349/6599/11-2.jpgЦырымоніі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця любога фестывалю - сапраўдная "візітоўка" свята, яго афіцыйнае азначэнне як значнай культурнай падзеі. Чым жа будзе вызначацца "акантоўка" цяперашняга "Лістапада"? Якія ў ёй "разыначкі"? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да рэжысёра абедзвюх урачыстасцей. Знаёмцеся: Вераніка ЯНУШЭЎСКАЯАЛТУШЭЦ - тая самая, якая ладзіла некалькі святаў горада, а напрыканцы мая паставіла шоу зорак на 27-м Чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы.

 - Сёлетні "Лістапад" - васямнаццаты па ліку. Мы паспрабавалі адштурхнуцца ад гэтай лічбы і ўявіць фестываль гэткай "самастойнай асобай". Сапраўды, ён набыў новы статус: уступіў у пару паўналецця. Да таго ж, акурат два гады таму змянілася яго кіраўніцтва. І цяпер надышоў папраўдзе пераломны час: кінафорум вызначае сваё аблічча. Таму некаторыя традыцыйныя на ім рэчы мы імкнёмся зрэтушаваць, а падкрэсліваем, наадварот, штосьці новае. З аднаго боку, гэты фестываль - міжнародны, значыць, на яго ўрачыстасцях неабходна вытрымаць еўрапейскі стандарт: строгасць, паслядоўнасць, уласцівую таму ж Кану. З іншага - ён праходзіць у Беларусі, а ў нас існуюць і свае традыцыі: тэатралізаваныя шэсці, элементы шоу, схільнасць да пампезнасці. Як сумясціць гэтыя два бакі, шмат у чым палярныя? Здавалася б, немагчыма. Тым не менш, паспрабуем.

 - А дакладней - у чым усё ж будуць выяўляцца "еўрапейскасць" і "беларускасць"?

 - Афіцыйную строгасць забяспечыць, найперш, выбар вядучых: сёлета гэта будуць Вольга Кабо і Дзяніс Паршын. А вось тэатралізаванасць мы створым сіламі саміх зорак, якія да нас прыедуць. Усяго іх, разам з нашымі, будзе каля 150-ці. Таму прастора для фантазій - вялікая. Вядучым "чырвонай дарожкі" стане абаяльны, схільны да імправізацый Дзяніс Дудзінскі. Кожны з гасцей, хто выйдзе на сцэну, прыўнясе сваю фарбу ў агульную святочна-тэатралізаваную палітру. Бо гэта будуць і асобныя творчыя нумары, і словы прывітання, і нейкія іншыя рашэнні. Іншымі словамі, гасцявыя выступленні і складуць змест праграмы ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Ключавым музычным момантам стане, вядома, прыезд гурта "Горад 312" з нумарамі нашумелых саўндтрэкаў. Завершыцца цырымонія адкрыцця, зразумела, паказам кінастужкі: сёлета гэта будзе фільм "Алена" Андрэя Звягінцава, і здымачная група, адпаведна, выступіць з уступным словам.

 - Закрыццё фестывалю таксама будзе адрознівацца ад ранейшых? Ці традыцыйная "раздача сланоў" не падлягае перагляду? Хіба "разыначак", можа, становіцца ўсё больш...

- Цырымонія закрыцця пройдзе, так бы мовіць, у стылізаванай "джазаваблюзавай" форме. Выступаць, дарэчы, будзе гурт "Яблычны чай". І, вядома,- зоркі кінематографа! Галоўны акцэнт закрыцця зроблены менавіта на беларускіх таленавітых акцёрах. Яны стануць своеасаблівым лейтматывам урачыстасці і, шырэй, усяго фестывалю - у паралель "еўрапейскаму рашэнню". Так што "беларускасць паеўрапейску" ці, наадварот, "еўрапейскасць па-беларуску" найперш - у дакладнай вытрымцы прапорцый. Каб спалучэнне было гарманічным!..

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"