“ Выпускны брыгадзір” з art-праектам у кішэні

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

У полі зроку — маладыя спецыялісты і не толькі… На пытанні чытачоў адказваюць начальнік аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена РЫБЧЫНСКАЯ, а таксама — кансультанты аддзела Наталля ШМАКАВА і Галіна ХАЦЕШАВА

/i/content/pi/cult/349/6597/12-1.jpg26 кастрычніка ў Інфацэнтры "Культура-інфа" цягам дзвюх гадзін працавала "гарачая лінія", гэтым разам прысвечаная надзённым праблемам адукацыі ў сферы культуры. З 10-й да 12-й гадзіны пытанняў прагучала шмат (і па тэлефоне, і праз нашу "электронку"). На іх адказвалі начальнік аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена РЫБЧЫНСКАЯ, а таксама - кансультанты аддзела Наталля ШМАКАВА і Галіна ХАЦЕШАВА. "Гарачая лінія" пададзена ў храналагічным парадку, каментарыі да праблем, "агучаных" па Інтэрнэце, публікуюцца, як і звычайна, асобна. Паміж тэлефанаваннямі мы доўжылі гутарку з нашымі гасцямі, і ад агульнай "кадрава-адукацыйнай" тэмы, натуральна, імкнуліся не адыходзіць.

 Настаўніца адной з ДШМ Мазырскага раёна: - Дзень добры!.. З 1 верасня ўступіў у сілу Кодэкс аб адукацыі. Дзіцячыя школы мастацтваў цяпер сталі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З гэтай нагоды хацелася б удакладніць: ці распаўсюджваецца на настаўнікаў ДШМ артыкул 48 Закону аб пенсійным забеспячэнні? Маю на ўвазе выхад на пенсію ў 50 гадоў пры спецстажы не менш за 25 гадоў (як у выкладчыкаў агульнаадукацыйных школ).

 Наталля ШМАКАВА: - Добры дзень! Артыкул распаўсюджваецца на ўсіх педагагічных работнікаў, а таксама на педагогаў дзіцячых школ мастацтваў.

 Настаўніца: - Яшчэ адно пытанне: ці абавязаны ўсе ДШМ як структурныя падраздзяленні аддзелаў культуры набываць статус юрыдычных асоб?

 Наталля ШМАКАВА: - Я адкажу, але пытанне мы разглядалі, калі сустракаліся ў Гомелі з кіраўнікамі школ мастацтваў вашай вобласці.

 Настаўніца: - На жаль, не была на сустрэчы...

 Наталля ШМАКАВА: - Згодна з нарматыўнымі дакументамі, усе ДШМ павінны быць юрыдычнымі асобамі. У адпаведнасці з артыкулам 281 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь дзіцячая школа мастацтваў з'яўляецца адным з відаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Паводле падпункта 1.21. артыкул 1 Кодэкса аб адукацыі ўстанова адукацыі - гэта юрыдычная асоба.

 Настаўніца: - А калі школа маленькая па штаце? Калі там дзесяць настаўнікаў усяго?

 Наталля ШМАКАВА: - Такія пытанні аб найбольш рацыянальнай арганізацыі працы вырашаюцца на ўзроўні мясцовых улад.

 Настаўніца: - Дзякуй вялікі!

 Рэдакцыя: - Сёння было згадана пра кансультацыйныя паездкі вашага аддзела па рэгіёнах. Не ўсе работнікі культуры пра гэта пакуль ведаюць...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Да абавязкаў начальніка аддзела прыступіла з мая бягучага года. Жыццё прымусіла пэўным чынам змяніць стаўленне да працы. Сёння ўжо гаварылася пра тое, што сёлета ўступіў у сілу Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. А гэта пацягнула за сабой не толькі змяненні ў многіх нарматыўных дакументах, але і ў саміх падыходах да справы. Выхад на правільнасць рашэнняў быў няпростым. Нагадаю, што мы вядзём школы мастацтваў, ССНУ і ВНУ культуры, і на стыку гэтай узаемасувязі ўзнікла патрэба, асабліва па ДШМ, патлумачыць менавіта на месцах сутнасць сённяшніх змен.

 Рэдакцыя: - Школы мастацтваў не маюць у штаце ні юрыстаў, ні эканамістаў, таму, мяркуючы па нашых камандзіроўках, і пытанняў тут заўжды шмат пра новы статус юрыдычнай асобы.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Вось пэўны інфармацыйны голад мы і пастараліся задаволіць. Пачалі выязджаць на месцы з юрыстам - спецыялістам Інстытута культуры Беларусі Яўгеніяй Дзягілевай, якая ў складзе рабочай групы распрацоўвала навучальныя праграмы і планы для ДШМ. Інакш кажучы, вучыліся і вучымся разам. На сёння нашы школы мастацтваў пачалі афармляць сябе ў якасці юрыдычных асоб.

 Рэдакцыя: - У выніку вас цяпер добра ведаюць у раёнах... У чым жа асноўны недахоп нашых ДШМ?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - У тым, што яны сталі адыходзіць у пазашкольнае выхаванне, а потым - і ў дадатковую адукацыю. А гаворку мы павінны весці пра пачатковы прафесійны ўзровень, працягваць традыцыі музычнай і іншых мастацкіх школ.

 Рэдакцыя: - Але, натуральна, не ўсе з вучняў ДШМ застаюцца ў гэтай прафесіі... У раёнах шмат нараканняў на сярэднюю спецыяльную адукацыю. Не хапае, да прыкладу, харэографаў. А тыя, што ёсць, танцаваць умеюць, а вучыць гэтаму - далёка не заўжды.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - У нас чамусьці гэта пакуль не размяжоўваецца. Навучыць сваіх выхаванцаў валодаць рухамі і кіраванне калектывам- гэта дзве прафесіі, але сёння існуюць у адной. Таксама і зусім іншае - рыхтаваць сябе ў выканаўца. Я сама харэограф, заканчвала ў свой час, па сутнасці, адзіную ў Савецкім Саюзе харэаграфічную кафедру ў Ленінградзе, якая рыхтавала і педагогаў па харэаграфічных дысцыплінах, і кіраўнікоў, але вызначала іх на розныя мэты...

 Юрый ІВАНОЎ, мастацтвазнаўца: - Добры дзень! Сёлета Беларусь упершыню прыняла ўдзел у Венецыянскім біенале. Натуральна, наша краіна афіцыйна пацвердзіла статус свайго актуальнага, канцэптуальнага мастацтва. Навучальныя праграмы мастацкіх школ, вучылішчаў і гэтак далей грунтуюцца на акадэмічнай падрыхтоўцы. Цікава, якім чынам у сувязі з біенале ў Венецыі будуць змяняцца гэтыя праграмы? Ці чакаецца мадэрнізацыя мастацкай адукацыі?

 Наталля ШМАКАВА: - Дзень добры! Куратарам Нацыянальнага павільёна на Венецыянскім біенале быў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваўМіхаіл Баразна. Гэта само па сабе характэрна. У нас усе выкладчыкі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгулярна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у Акадэміі мастацтваў. Куратары - увесь прафесарска-выкладчыцкі склад. На занятках па гісторыі мастацтваў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выкладаюцца сучасныя тэндэнцыі мастацтва (айчыннага і замежнага). Акадэмія рэгулярна ладзіць выстаўкі сучаснага мастацтва з удзелам студэнтаў. Экспануюцца работы сучасных аўтараў. Існуе бягучы і перспектыўны планы міжнародных творчых акцый, згодна з якім для правядзення майстар-класаў і адкрытых лекцый рэгулярна запрашаюцца выкладчыкі з замежжа.

 Галіна ХАЦЕШАВА: - Існуе сістэма падрыхтоўкі навучальнай дакументацыі, якая забяспечвае, у тым ліку, і абнаўленне зместу адукацыі. Цяпер адбываецца чарговая распрацоўка і адукацыйных стандартаў новага пакалення, і тыпавых вучэбных планаў, і вучэбных праграм... Усесь змест адукацыі па той або іншай спецыяльнасці абнаўляецца як мінімум раз у пяць гадоў. Кожны выкладчык пастаянна насычае змест сваёй дысцыпліны самымі актуальнымі пытаннямі. Існуюць і курсы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, у тым ліку- і ў Інбелкульце. Сюды рэгулярна запрашаюцца настаўнікі ДШМ, ССНУ. А асноўным трансфарматарам сучаснай мастацкай адукацыі з'яўляецца, канешне ж, Акадэмія мастацтваў. Менавіта гэтая ўстанова адукацыі з'яўляецца транслятарам новых ідэй ды інавацый і мае шырокі ўплыў на мастацкія колы Беларусі. Калі ж весці гаворку пра Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале, то варта згадаць, што куратар, архітэктар, большасць членаў куратарскай групы і мастакоў маюць дачыненне да БДАМ (вучыліся ці працуюць у ёй). Частка работ і абсталявання да Біенале рыхтавалася збольшага на тэрыторыі Акадэміі, усе матэрыялы аб Нацыянальным павільёне, у тым ліку водгукі прэсы, размешчаны на сайце БДАМ. Большасць інтэрв'ю з удзельнікамі, куратарам, членамі куратарскай групы запісвалася ў Акадэміі. Усё адбывалася на вачах студэнтаў і выкладчыкаў, абмяркоўвалася і імі ж рэтрансліравалася. Таму да аўдыторыі гледачоў ці наведвальнікаў Нацыянальнага павільёна можна аднесці, як мінімум, яшчэ і студэнтаў і выкладчыкаў БДАМ.

Юрый ІВАНОЎ: - Дзякуй!

 Іна ШУКАВА, дырэктар Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў: - Вітаю вас! Маё пытанне датычыцца працы канцэртмайстраў як унутраных сумяшчальнікаў. Скажыце, калі ласка, ці можа настаўнік, што працуе на дзве стаўкі - 36 педагагічных гадзін, - быць канцэртмайстрам па сумяшчальніцтве?

 Наталля ШМАКАВА: - Дзень добры! Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 5 верасня 2011 г. № 255 "Аб усталяванні скарочанай працягласці рабочага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў і прызнанні страціўшымі сілу асобных пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь" вызначана, што скарочаная працягласць працоўнага часу педагагічных супрацоўнікаў, якім устаноўлены нормы гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку, не павінна перавышаць 36 гадзін у тыдзень.

 Рэдакцыя: - Ледзь не ў кожным раёне скардзяцца: маўляў, маладыя спецыялісты да першага месца працы "не даязджаюць"... Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб ліквідаваць праблему?

 Галіна ХАЦЕШАВА: - Патрэбна стварыць спрыяльныя ўмовы для маладых спецыялістаў, забяспечыць іх жыллём, мясцовыя ж выканаўчыя ўлады могуць прадаставіць ім пэўныя льготы. З боку заканадаўства ўсе меры ўжо прыняты: "не даехаў" да месца працы- вяртай фінансавыя выдаткі дзяржаве, якія пайшлі на адукацыю. Асобныя выпускнікі часам так і робяць. Але гэта рэдкія выпадкі. У асноўным маладыя спецыялісты імкнуцца пераразмеркавацца з раёна ў абласны горад, а лепш - у сталіцу, туды, дзе больш магчымасцей для творчай і прафесійнай рэалізацыі. Каб напоўніць раёны маладымі творчымі кадрамі, патрэбны меры па стварэнні прывабных умоў для жыцця і творчай працы. Ёсць рэзерв і ў іншым напрамку: можа быць і мэтавая падрыхтоўка спецыяліста для раёна ў ВНУ. Адным словам, пытанне не безнадзейнае.

 Наталля ШМАКАВА: - Мы пра гэта пастаянна кажам, але тэма - бясконцая. Мы, натуральна, зацікаўлены ў тым, каб усе маладыя спецыялісты трывала замацоўваліся на месцах.

 Ірына МАРЦІНКЕВІЧ, начальнік аддзела культуры Ганцавіцкага райвыканкама: - У нашым раёне ёсць патрэба ў кадрах, а дакладней - у акампаніятарах для самадзейных калектываў у сельскіх установах культуры, як, дарэчы, і паўсюль па Беларусі. Цікава было б даведацца, як збіраюцца вырашаць пытанне нашы навучальныя ўстановы?

 Наталля ШМАКАВА: - На жаль, сёння на аднаго выпускніка прыпадае ў сярэднім па чатырыпяць заявак. Прадстаўнікі з рэгіёнаў не толькі заяўкі дасылаюць, але і на размеркаваннях прысутнічаюць, і мы заўжды іх рады бачыць. Выпускнікі наўпрост кантактуюць з работнікамі аддзелаў культуры і высвятляюць, якая канкрэтна праца іх чакае, які заробак і перспектывы кар'ернага росту. Прыязджайце, калі ласка, у красавіку ва Універсітэт культуры, а таксама - у абласныя сярэднія спецыяльныя ўстановы, і ўдзельнічайце ў працэсе размеркавання маладых спецыялістаў.

 Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Не, я і заўкі падаю, і на размеркаванне прыязджаю... Але мяне найперш хвалюе недахоп акампаніятараў. Няма на сёння такой кваліфікацыі ў дыпломах. Таму і не надта пагаджаюцца выпускнікі працаваць менавіта акампаніятарамі. Становяцца пасля заканчэння мастацкіх вучылішчаў настаўнікамі, кіраўнікамі самадзейных калектываў... Вось у гэтым, на мой погляд, і праблема. Таму і хачу прапанаваць, каб у дыпломах з'явілася дадзеная кваліфікацыя.

 Наталля ШМАКАВА: - Але ж вам не патрэбна па пяць акампаніятараў штогод. Думаю, пытанне вырашыцца, калі даць палову акампаніятарскай стаўкі, да прыкладу, кіраўніку гуртка.

 Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Так і робім. Паўставачнікі па сумяшчальніцтве сітуацыю, канешне ж, ратуюць, але, зразумейце, хацелася б, каб чалавек працаваў рабочы дзень, а не палову. Пагадзіцеся, зусім па-іншаму справы пайшлі б. Сумяшчальнік- ён і ёсць сумяшчальнік... А ў нас жа тры службовыя кватэры ёсць у горадзе.

 Наталля ШМАКАВА: - Калі мы абмяжуем прафесію толькі акампаніятарскімі рамкамі, дык для маладога чалавека зусім ніякіх перспектыў не застанецца. А ён можа быць і выкладчыкам ДШМ, і кіраўніком самадзейнага калектыву, і акампаніятарам у сельскай клубнай установе. Паколькі ў вас нават службовае жыллё ёсць, думаю, без кадраў не застанецеся. Стымулам для маладога спецыяліста будзе і тое, што працаваць ён стане і на стаўку, і на паўтары... Словам, прыязджайце, мы вам дапаможам.

 Ірына МАРЦІНКЕВІЧ: - Дзякуй вялікі! Усяго добрага!

 Галіна ХАЦЕШАВА: - У дадатак хачу зрабіць невялікае ўдакладненне. У адпаведнасці з "Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь: спецыяльнасці і кваліфікацыі" пасады акампаніятара і канцэртмайстра могуць займаць спецыялісты, якія маюць кваліфікацыі (на прыкладзе вышэйшай адукацыі): выкладчык (спецыяльнасці "Музычнае мастацтва", "Музычнае мастацтва. Дадатковая спецыяльнасць"), канцэртны выканаўца, артыст камернага ансамбля, выкладчык, канцэртмайстар, дырыжор камернага аркестра, арганіст (спецыяльнасць "Фартэп'яна"), канцэртны выканаўца, выкладчык, артыст аркестра, артыст ансамбля, дырыжор аркестра народных інструментаў (спецыяльнасці "Струнныя народныя шчыпкова-ўдарныя інструменты", "Баян-акардэон"), і гэтак далей.

 Дырэктар ДШМ з Ельскага раёна: - Алена Уладзіміраўна, нас вельмі хвалюе пытанне пра музычны конкурс "Музыка надзеі". Ёсць жаданне ў ім паўдзельнічаць, але няма на тое магчымасці. Чаму адборачныя занальныя туры ладзяцца на пачатку навучальнага года, а не ў снежні, як у іншых рэспубліканскіх конкурсах? Ведаем умовы "Музыкі надзеі", але прыняць удзел не атрымліваецца, бо дзеці пасля лета не заўжды гатовы паказаць сябе на ўзроўні.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Вы самі адказваеце на палову свайго пытання. Пра пачатак конкурсу не з 1 ж верасня даведваецеся. А ён не ладзіцца кожны год, таму ёсць час для менавіта мэтанакіраванай падрыхтоўкі вучня, у тым ліку і летам. "Конкурснае" дзіця павінна жыць будучай важнай падзеяй... А "Музыка надзеі" - далёка не адзінае спаборніцтва ў краіне, пералік іх - немалы, таму і размеркаваны яны на ўвесь год...

Дырэктар: - Педагогі сярэдніх спецыяльных устаноў папікаюць нас тым, што ў конкурсах гэтых мала ўдзельнікаў з ліку навучэнцаў ДШМ...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Мы падумаем, мабыць, і ёсць сэнс надаць конкурсным тэрмінам нейкую "рухомасць", але трэба ўсё грунтоўна прааналізаваць.

 Дырэктар: - Вельмі гэтага хацелася б.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Музыкантам нібыта і скардзіцца не выпадае. Вось у харэографаў, дарэчы, ніводнага рэспубліканскага конкурсу пакуль няма, у мастакоў - толькі адзіны.

 Дырэктар: - І ўсё ж згаданы конкурс вельмі прэстыжны... Дзякуй вялікі!

 Рэдакцыя: - Прадоўжым гаворку пра рэгіянальны кадравы дэфіцыт.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - На Гомельшчыне захоўваецца, хоць і не без цяжкасцей, філіял Акадэміі музыкі. Рэгіён, вы ведаеце, складаны, постчарнобыльскі. Але ці ёсць сэнс у павелічэнні колькасці такіх філіялаў не толькі у Гомельскай вобласці? Трэба весці пэўную грунтоўную аналітыку, не хапае навуковых распрацовак і рэальнага прагнозу па ўсіх накірунках. Сёлета ў існуючыя ўстановы адукацыі сферы культуры былі практычна недаборы... Думаю, у самой сістэме навучання штосьці варта змяніць.

 Рэдакцыя: - Мы вось якую прапанову з месцаў часта чуем: варта, каб навучэнцы, студэнты літаральна з першага курса праходзілі практыку на сяле, прызвычайваліся, так бы мовіць, да канкрэтных працоўных рэалій...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - І я- пра тое ж, бо таксама часта бываю ў раёнах. Патрэбна, на мой погляд, каб навучальныя ўстановы наладжвалі больш шчыльны творчы кантакт з аддзеламі культуры райі аблвыканкамаў. У мяне, да прыкладу, такая прапанова: фарміраваць гэткія "выпускныя брыгады", каб чалавек па размеркаванні на першае месца працы ехаў не адзін. Уявіце, едуць харэограф, музыкант-"народнік", рэжысёр, менеджар. Атрымліваюць адзін катэдж на ўсіх. Больш за тое: "брыгада" прыязджае на сяло з канкрэтным творчым праектам, распрацаваным яшчэ ў студэнцтве...

 Рэдакцыя: - Прапанова - цудоўная. Але ці хочуць гэтага сённяшнія студэнты?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Трэба, каб гэтага захацелі іхнія сённяшнія выкладчыкі... Я і сістэму размеркавання крыху змяніла б. На маю думку, "купцы" з раёнаў павінны прысутнічаць на выпускных іспытах, на ўласныя вочы яшчэ ўзімку бачыць запатрабаванасць і магчымасці будучага выпускніка. Тут і павінен узнікнуць першы кантакт паміж "працадаўцам" і будучым работнікам культуры з высвятленнем таго, чаго ж кожнаму чакаць адно ад аднаго... На сёння ж размеркаванне- "сляпое".

 Рэдакцыя: - Дык што ў сістэме навучання неабходна змяніць?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - На мой погляд, ВНУ не павінна ператварацца ў суцэльную ўстанову культуры. Творчыя мастацкія калектывы маюць складацца па-за абавязковай вучэбнай праграмай, у вольны час студэнтаў. Так было раней. Урэшце, мы павінны рыхтаваць кіраўнікоў, а не артыстаў. А студэнтам, між тым, роля выканаўцы сёння больш падабаецца: адказнасць зусім іншая.

 Рэдакцыя: - У адным з раёнаў Гродзеншчыны ў свой час цудоўны малады спецыяліст-харэаграф працаваў, кіраваў неблагімі калектывамі, але не доўга: маўляў, што мне райцэнтр, я з гастролямі ў замежжа жадаю. Цяпер у адным з гродзенскіх калектываў працуе, з-за мяжы "не вылазіць". Кіраўніком, карацей, стаць не пажадаў...

 Марына БАРЫСАЎНА, дырэктар Калінкавіцкай музычнай школы: - Добры дзень! Хачу ўзняць пытанне пра значнасць пасведчання аб заканчэнні школы мастацтваў. Усё ж у нас дзеці займаюцца цягам сямі гадоў, старанна выконваюць увесь аб'ём навучальных праграм, на музычным аддзяленні выхоўваем, канешне ж, збольшага аматараў, але шкада, што нашы пасведчанні не з'яўляюцца складнікам таго пакета дакументаў, які патрэбны для паступлення ў ВНУ. А калі б яно давала хаця б адзін бал, прэстыж адукацыі ДШМ быў бы зусім іншы, і ў дзяцей стымул для навучання стаў бы больш важкім.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Справа ў тым, што гэта якраз тая праблема, якую школы з-за сваёй інертнасці самі і стварылі: перайшлі ў разрад пазашкольнага выхавання і навучання. ДШМ, як мы ўжо казалі, стала даваць дадатковую адукацыю... Неабходна паступова (і гэта ў нас запланавана) скласці канцэпцыю мастацкай адукацыі для стварэння пэўнага ўзроўню школы. Толькі пры гэтай умове згаданае пасведчанне займее сілу. Інакш кажучы, гаворка - пра пачатковую прафесійную адукацыю... Калі ж адказваць на пытанне канкрэтна, дык узор пасведчання рыхтаваўся Міністэрствам адукацыі як адзіны дакумент і для ДШМ, уключаючы музычныя школы, і для цэнтраў выхавання, што дзейнічаюць у сферы адукацыі. Мы дамагліся таго, каб наша пасведчанне з пералікам дысцыплін мела ўкладыш з адзнакамі, інакш яно нагадвала б гуртковы дыплом. Хоць маленькая, але - перамога... Так што праблема нам вядомая, будзем імкнуцца яе вырашыць.

 Супрацоўніца Любанскай школы рамёстваў: - Вітаю вас! Звяртаюся з пытаннем аб навучальных праграмах для мастацкіх школ ці школ рамёстваў. Наша ўстанова сёлета толькі адкрылася, а няма праграм па такіх рамёствах як, скажам, саломкаі лозяпляценне, бондарства, ткацтва, стварэнне нацыянальнага строю. Што параіце?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Цудоўна ведаю вашу школу! Праграмы, па якіх збіраецеся працаваць, трэба рыхтаваць. Міністэрства культуры, як вы ведаеце, іх не распрацоўвае. Аўтарскія праграмы мы можам разглядаць і праводзіць праз экспертны савет. Пераканана, што кіраўнік вашай установы можа стаць аўтарам такіх праграм, якія і тыпавымі, магчыма, стануць. Вы ж практыкі! Так што чакаем вашых прапаноў, а калі ўзнікнуць нейкія рабочыя пытанні (колькі навучальных гадзін патрэбна, якія тэмы будзеце разглядаць, цягам якога тэрміну, і гэтак далей), іх вам дапаможа вырашыць Інстытут культуры Беларусі. У такім выпадку спатрэбяцца вашы заяўкі-прапановы на правядзенне майстар-класаў ці рабочай сустрэчы, семінара з тымі рэспубліканскімі спецыялістамі, што працуюць у накірунку развіцця традыцыйных мастацтваў. Гэта дапаможа вам стварыць макет навучальных праграм.

 Супрацоўніца: - Ведаем, што ёсць школа бондарства ў Іванаве...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Дык вось сустрэчу з яе кіраўнікамі мы праз Інстытут культуры Беларусі і зможам для вас арганізаваць. Не бойцеся ісці на супрацоўніцтва. Ад яго і нам, і вам- карысць...

 Супрацоўніца: - Дзякуй за параду!

 Наталля ШМАКАВА: - А можна непасрэдна ў Іванава прыехаць: трэба на ўласныя вочы паглядзець на тамтэйшую школу бондарства ды на яе выхаванцаў. Уражанне - непаўторнае! Рэдакцыя: - Адметная школа рамёстваў і ў Горках існуе далёка не першы год...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - На аддзяленні перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў Інстытута культуры Беларусі трэба змяніць сістэму падыходаў. Неабходна канцэнтраваць праблемы і аператыўна іх вырашаць з карысцю для рэгіёнаў. Патрэбна акумуляваць усё новае і без прамаруджванняў знаёміць з ім усіх ахвотных.

 Колішні выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава: - Які лёс чакае гэтую ўстанову? Цяпер, ведаю, і будынак стары рамантуецца, і нейкія змены ў навучальным працэсе прадбачацца. Патлумачце, калі ласка.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Гэта вельмі прыемна, што вас у гэтай установе навучылі не толькі сваю непасрэдную справу рабіць, але яшчэ і непакоіцца за лёс роднага вучылішча... Што да старога будынка, дык яго разбурылі толькі з адной мэтай: узвесці новы і сучасны. Гэта не адзінае вучылішча ў краіне, якое падпала пад кардынальную рэканструкцыю. Маштабныя работы вядуцца і ў Гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі... На сёння вучылішчу імя Глебава прадастаўлена іншае памяшканне, і кіраўніцтва ўстановы зрабіла ўсё для таго, каб і аўдыторыі былі прыстойнымі, і навучальны працэс не парушаўся. На ўсіх паверхах дэманструюцца лепшыя мастацкія творы выпускнікоў. Усё зроблена з вялікім густам. Для паслуг навучэнцаў - пакой з мікрахвалёўкай, халадзільнікам. Пры вас такое было?

 Выпускнік: - Не. Але мяне і выкладчыцкі склад вучылішча хвалюе.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Я і пра гэта зараз распавяду. Напэўна, кожная ўстанова на пэўным этапе развіцця будзе перажываць змену пакалення. Але ніводнага педагога супраць яго волі не звольнілі, і пераемнасць - захавана. Калектыў, збольшага малады і таленавіты, я ўпэўнена, - здаровы і дзеяздольны. Пабывайце там, пераканайцеся самі.

 Выпускнік: - Проста, у вучылішча - слаўная гісторыя і традыцыі, высокі ўзровень навучання, вось і хвалююся, каб гэта не знікла.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Не знікне, я вам гарантую. Пра ступень падрыхтаванасці тых студэнтаў, што працягваюць вучобу ў Акадэміі, я не маю падстаў казаць, і гэта вам пацвердзіць яе рэктар, што ўзровень падрыхтоўкі не знізіўся.

 Алена РАМАНЕНКА, начальнік аддзела культуры Краснапольскага райвыканкама: - Добры дзень! Наш раён - аддалены ад абласнога цэнтра, таму кадравая праблема адчуваецца востра: не хапае харэографа, акампаніятара, настаўніка ДШМ... Вакансіі ёсць як у гарадскіх установах культуры, так і на сяле, таму кожны малады спецыяліст, выпускнік сярэдняй спецыяльнай установы ці ВНУ,- літаральна на вагу золата. А мы ж ствараем даволі камфортныя ўмовы і для іхняй працы, і для жыцця. Але не сакрэт, што многія да нас проста "не даязджаюць": выходзяць замуж, у дэкрэт і гэтак далей. Ці можна спадзявацца, што будуць унесены нейкія змены ў нарматыўна-прававы акт, якія абавяжуць, у першую чаргу- мэтавікаў, адпрацаваць у рэгіёне.

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Сёння ўжо гучалі такія пытанні. Згаданая праблема характэрная не толькі для сферы культуры. І мы зараз якраз абмяркоўваем прычыны, кажам пра пэўную скажонасць мэтанакіраванасці атрымання адукацыі. Як адбіраць будучыя кадры, як іх правільна прафарыентаваць? Пытанні- не з ліку простых, але вырашаць іх трэба. Існуе нейкая спажывецкасць у нашых студэнтаў. Яны прызвычайваюцца, што пра іх клапоцяцца ў навучальных установах, а пасля атрымання дыплома і ў якасці кіраўніка клапаціцца самі пра кагосьці яны іншым разам не гатовыя. Значыць, трэба рэарганізоўваць накіраванасць навучальнага працэсу, прывязваць студэнта да будучага месца менавіта творчай, педагагічнай ці кіраўніцкай працы менавіта з першага курса. А мэтавікі таксама павінны з першага дня вучобы весці мэтавы план з кіраўніком-заказчыкам і практыкаваць на будучым месцы па спецыяльным плане. Не трэба страчваць з імі сувязь цягам тэрміну навучання.

 Алена РАМАНЕНКА: - Згодная з вамі. Дзякуй, Алена Уладзіміраўна!

 Рэдакцыя: - На гэтым фоне збольшага павялічваецца каштоўнасць практыкаў, што стаж працы - маюць, а адукацыю спецыяльную - не. Яны (безумоўна, не ўсе) і кіраваць грамадой могуць, і прааналізаваць магчымасці калектыву здольныя...

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Так. Падобным спецыялістам, каму па ўзросце позна ўжо вучыцца, мэтазгодна даваць сертыфікат, які пацвярджаў бы іхнюю прафесійную вартасць у сферы.

Рэдакцыя: - Хочацца закрануць яшчэ вось што. Бібліятэкары - самыя нізкааплачваемыя ў сферы культуры. На Віцебшчыне губернатар ім даплачвае...

 Наталля ШМАКАВА: - Ведаю, што ў мінулым годзе сума даплаты складала ад 90 да 200 тысяч кожнаму... Пэўна, сёлета - яшчэ больш...

Рэдакцыя: - А ў іншых абласцях часам не ведаюць пра гэта?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Мы паездзілі па абласцях, і ўражанне ў мяне такое: краіна - адна, але вельмі адрозныя ўзроўні забяспечанасці культуры. Усё, натуральна, залежыць ад асобы кіраўніка раёна, кіраўніка аддзела культуры... Што ж да недахопу інфармацыі, дык усё тут зводзіцца да таго, пра што мы ўжо казалі. Трэба рыхтаваць сапраўдных кіраўнікоў, а не творцаў і па сумяшчальніцтве - кіраўніка. І сёння дырэктар ДШМ, любой іншай установы адукацыі ў першую чаргу - менеджар, а потым ужо - класны музыкант, мастак або іншы творца. Калі ты ведаеш, у якім стане будынак тваёй установы, як сфарміраваны расклад заняткаў, які вучнёўскі кантынгент, чым жывуць выкладчыкі, як рухаюцца справы ў калег з іншых раёнаў і абласцей, ты - сапраўдны кіраўнік... Сёння інфармацыйная плынь выбудавана так, што ігнаруе яе толькі лянівы, альбо той, хто не ўмее карыстацца інфармацыяй.

 Адказы на пытанні з электроннай пошты

 Вольга ЯСКЕВІЧ, начальнік аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама: - Паколькі поўным ходам вядзецца камп'ютарызацыя ўстаноў культуры, ці мяркуецца рыхтаваць праграмістаў, скажам, для райметадцэнтраў?

 Наталля ШМАКАВА: - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасці "Бібліятэказнаўства і бібліяграфія" рыхтуе спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйным забеспячэннем навукова-тэхнічнага комплексу. Такія спецыялісты ў поўнай меры валодаюць камп'ютарнымі праграмамі, неабходнымі для нашай справы, найперш - бібліятэчнай. Калі ж патрэбны "тэхнар", аддзелы культуры могуць звярнуцца ў іншыя ВНУ - тэхнічныя.

 Вольга ЯСКЕВІЧ, начальнік аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама: - Пасля вучобы ў ССНУ выпускнік, як правіла, імкнецца паступіць у ВНУ. Усё гэта цудоўна, але маладога спецыяліста мы губляем. Ці не разглядалася пытанне аб абавязковай адпрацоўцы для спецыяліста, які скончыў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову?

 Наталля ШМАКАВА: - Кожны чалавек, згодна з Канстытуцыяй, мае права на атрыманне адукацыі. Іншая справа, што малады спецыяліст пасля сканчэння ССНУ павінен быць абавязкова размеркаваны на працу, і калі ён не паступае ў ВНУ, адпрацоўка - абавязковая.

 Наталля БІСКУП, начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама: - Ці можна ў дзяржаўнай установе адукацыі "Дзіцячая школа мастацтваў" адкрыць клас (курсы) на платнай аснове па скарочанай праграме навучання (да прыкладу, шэсць месяцаў) для дарослай катэгорыі насельніцтва? Калі так, раскажыце пра парадак адкрыцця такога класа (курсаў). Які дакумент выдаецца пасля заканчэння навучання?

Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Дырэктару школы трэба прадставіць увесь пазабюджэт у выглядзе бізнес-плана. І вельмі ўхвальна, калі да навучання прыцягваюцца ўсе катэгорыі насельніцтва. Як адкрываць такі клас ці курсы? Трэба ўнесці змяненні ў статут установы, а ўсе пытанні варта ўзгадніць з заснавальнікам.

 Галіна БАЛІНСКАЯ, начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама: - Ці плануецца перагледзець праграмы для студэнтаў навучальных устаноў культуры ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі (атрыманне больш глыбокіх ведаў па асновах бібліятэчнай і клубнай спраў, укараненне камп'ютарных тэхналогій у дзейнасць устаноў культуры)?

 Алена РЫБЧЫНСКАЯ: - Тое, што праграмы павінны пераглядацца, - неаспрэчна. Кафедры павінны трымаць руку на пульсе часу і выязджаць у рэгіёны. Толькі ў выніку такой мабільнасці, я пераканана, з'явяцца зваротная сувязь, канкрэтная праца аднадумцаў... Што да бібліятэчнай справы... Бібліятэка сёння вельмі змянілася. Работа ў ёй стала іншай. Гэта інфармацыйныя цэнтры з Інтэрнэтам. Пэўная літаратура- на электронных носьбітах. Словам, само ўладкаванне бібліятэчнай работы набывае зусім іншыя абрысы... Нашы бібліятэкі, асабліва на раёнах, усё больш знаходзяцца ў клубнай сістэме. А клубнікі, на жаль, усё больш сыходзяць у, так бы мовіць, вузкую спецыялізацыю, страчваючы ўменне аб'яднаць людзей, якое колісь называлася "культасветработай"... Сёння СДК, РДК- гэта цэнтры культуры з вялікай напаўняльнасцю культурных і бібліятэчных паслуг. Так што планы павінны быць гнуткімі.

 Наталля ШМАКАВА: - Вучэбныя праграмы ўвесь час удасканальваюцца. Прыняцце новых адукацыйных стандартаў трэцяга пакалення і зацвярджэнне тыпавых вучэбных праграм дазволіць таксама ўлічыць патрабаванні часу і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў вобласці бібліятэчнай і клубнай справы.

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"