Вандроўка ў “Радавод…”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Трапіць у іншую эпоху, адчуць “водар” мінулага дазваляе фотапраект “Радавод. Успамiн пра Вялікае Княства Літоўскае” гомельскага майстра Алега Белавусава, што працуе ў Рэ- спубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

/i/content/pi/cult/349/6591/14-4.jpgНа здымках, якія дэманструюцца ў фае тэатра, можна ўбачыць партрэты прадстаўнікоў розных грамадскіх пластоў Вялікага Княства Літоўскага ХІV - ХVІІ стст. Тут паказаны выявы не толькі князёў, рыцараў, але і гараджан ды вяскоўцаў. Творы мастака ўдала імітуюць стылістыку партрэтнага жывапісу ХVІ стагоддзя.

Прадстаўленыя Алегам Белавусавым здымкі рабіліся цягам 2006 - 2009 гадоў у рыцарскіх клубах Мінска і Гомеля. На асобных фота - жанчыны і дзеці, апранутыя ў старажытныя народныя строі з фондаў веткаўскага і гомельскага музеяў. Акрамя таго, на выстаўцы прэзентуюцца і мастацкія здымкі велічных ды прыгожых беларускіх замкаў.

Аўтар твораў Алег Белавусаў адзначыў, што шлях да праекта, прысвечанага Вялікаму Княству Літоўскаму, быў даволі доўгі. Яшчэ дзясятак гадоў таму фотамастак не бачыў для сябе цікавымі старадаўнія эпохі беларускай гісторыі і, тым больш, не надта ўспрымаў мелодыі, якія нясуць у сабе элементы сярэднявечнай музыкі.

 - Каб больш увайсці, так бы мовіць, у тэму, азнаёміўся з дзейнасцю рыцарскіх клубаў- быў уражаны апантанасцю іх удзельнікаў, тым, як яны вывучаюць ранейшыя эпохі, як авалодваюць рознымі спосабамі апрацоўкі металаў, вырабляюць па старадаўніх узорах зброю, шыюць адзенне, рэканструююць абрады і аднаўляюць традыцыі. Я быў у захапленні, пабачыўшы, што ўсё гэта можна стварыць уласнымі рукамі, - падкрэсліў Алег Белавусаў.

 Цікавасць да гісторыі прывяла фотамастака да разумення, што ягоны занятак - рэканструкцыя партрэтнага жывапісу ХVІ- ХVІІ стст. - мае важнае значэнне для ўсведамлення сябе грамадзянінам вялікай краіны, якая ў далёкім мінулым называлася Вялікім Княствам Літоўскім.

 /i/content/pi/cult/349/6591/14-5.jpgАле Белавусаў цікавіцца не толькі рыцарскай культурай. Дзякуючы таму, што ў палескім рэгіёне захаваліся аўтэнтычныя традыцыі, фотамастак пачаў цікавіцца і асаблівасцямі гомельскага рэгіёна, удзельнічаць у этнаграфічных калектывах, вывучаць абрады. Акрамя таго, чакаецца і працяг фотапраекта "Радавод. Успамiн пра Вялікае Княства Літоўскае". Яго стваральнік паспрабуе, па магчымасці, прадставіць усе народнасці колішняй дзяржавы. У прыватнасці, ужо зроблены стылізаваныя здымкі беларускіх татараў.

 Вынікам жа працы мусіць стаць грунтоўны альбом, які, думаецца, будзе цікавы для ўсіх аматараў айчыннай даўніны.

  Наталля КІРПІЧЭНКАВА

На здымках: кадры з серыі "Радавод.

Успамін пра Вялікае Княства Літоўскае"

 Фота Алега БЕЛАВУСАВА__