Ці чакаем “квіткапад” на чарговы “Лістапад”?

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г


За колькі дзён да адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2011" карэспандэнты "К" паспрабавалі даведацца ў наведвальнікаў сталічных кінатэатраў пра тое, што яны чакаюць ад чарговага кінафоруму, наколькі падабаецца ім сёлетняя праграма і што, на іх думку, трэба зрабіць, каб гэтая знакавая падзея культурнага жыцця Беларусі набыла яшчэ большы маштаб і розгалас.

 Пагутарыўшы ці не з паўсотняй айчынных аматараў кінамастацтва, можна зрабіць шэраг важных для далейшага развіцця фестывалю высноў. У прыватнасці, бадай усе рэспандэнты перакананы: пры правядзенні "Лістапада" варта больш увагі надаваць рэкламе і найперш - арыгінальным піяр-акцыям, дзякуючы якім можна даведацца не толькі пра тэрміны яго правядзення, але і пра адметнасці пэўнай конкурснай праграмы. Мінчане цалкам слушна заўважалі, што не хапае расцяжак на буйных вуліцах і праспектах горада, бракуе таксама буклетаў і флаераў, дзякуючы якім можна даведацца пра сюжэты тых або іншых фільмаў, што будуць ісці цягам фестывальных дзён. Многія з апытаных аматараў кіно хоць і ведаюць пра сам форум, але не маюць уяўлення пра існаванне конкурсаў у розных намінацыях.

- Я толькі нядаўна пачула ў метро анонс, які нагадваў, што ў хуткім часе ў Мінску пройдзе "Лістапад2011", - заўважыла Марыя Міхайлаўна, кіраўнік прыватнай фірмы, заўзятар і пастаянны наведвальнік кінапаказаў,- і толькі тады ўспомніла, што трэба абавязкова завітаць за білетамі ў касы "Цэнтральнага". Бо сёлетні кінафорум пройдзе на пачатку лістапада, а не напрыканцы месяца, як было яшчэ пазалетась, і гэта для мяне, напрыклад, сталася нечаканым. А калі б рэклама "Лістапада-2011" была зладжана раней, дык я паспела б не толькі набыць білеты на ўсе цікавыя кінапрэм'еры, але і запрасіць сваіх сябровак паглядзець фільмы разам...

Па традыцыі, вялікую частку аўдыторыі "Лістапада" складаюць цікаўныя студэнты сталічных ВНУ.

 Вераніка, студэнтка-першакурсніца БДУ, што прыехала ў Мінск са Слуцка, адзначыла: ёй неаднойчы даводзілася чуць пра гэтую знакавую падзею ў культурным жыцці краіны. Аднак, паколькі фільмы "Лістапада" не дэманстраваліся ў яе родным горадзе, яна прыкладзе ўсе намаганні, каб пабываць на кінафоруме:

- Нічога страшнага, калі я і не траплю на праграму ігравога кіно. Затое з вялікім задавальненнем пастараюся паглядзець усе дакументальныя фільмы...

 Марына, студэнтка БНТУ, якая пабывала летась на адным з кінапаказаў, сёлета таксама плануе завітаць на шэраг фільмаў, што пакажуць у рамках фестывальнай праграмы. Але засмучана тым, што на асноўнай праграме "Лістапада-2011" не будзе шмат месцаў для ўсіх ахвотных паглядзець той або іншы фільм.

- Кінатэатр "Цэнтральны" - вельмі маленькі, і я ўпэўнена, што не ўсе змогуць дастаць білеты на ўпадабаную стужку,- кажа дзяўчына. - Мо варта праводзіць такія знакавыя кінафорумы ў большай зале? Напрыклад, у тым жа "Кастрычніку". Ад гэтага выйгралі б гледачы, кінатэатр ды і сам кінафорум быў бы больш маштабны. А ўвогуле, збіраюся паспрабаваць набыць білеты на самыя цікавыя карціны...

 Спадабалася мінчанам і тое, што сёлетні кінафестываль прапануе не толькі прагляд фільмаў, але і шмат сустрэч з акцёрамі і рэжысёрамі.

- Калі бачыш таго або іншага артыста "ўжывую", можаш задаць яму пытанне ці проста пачуць ягоную думку,- гэта проста здорава! - кажа Сяргей, прадпрымальнік.- І я хацеў бы, каб на наш "Лістапад" прыязджала як мага больш вядомых артыстаў, якія ладзілі б майстар-класы ці проста сустрэчы з прыхільнікамі іхняй творчасці. А калі б да нас прыехаў Джэкі Чан ці Джэт Лі, кім я захапляюся, маёй радасці не было б межаў!..

 Спыталі мы і пра кошт білетаў: ці не занадта яны дарагія? Некаторыя, асабліва маладыя людзі (у пераважнай большасці - студэнты), казалі пра тое, што нават пры жаданні шмат на якія фільмы не сходзяць: грошай хопіць толькі на адзін ці два білеты. Да прыкладу, на думку будучага праграміста Віктара, вельмі зручна, што ўжо сёння можна набыць білеты на "Лістапад" праз Інтэрнэт, але коштавая палітыка магла б быць больш гнуткай, прадугледжваючы зніжкі для моладзі, калектыўнага гледача:

- Думалі, наведаем сваёй кампаніяй самыя цікавыя кінапаказы, аднак, прааналізаваўшы, у якую суму нам гэта абыдзецца, вырашылі адмовіцца і пачакаць выхаду прадстаўленых на фестывалі фільмаў-пераможцаў на электронных носьбітах...