“БелАЗ” у фармаце кіно

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

“Форум — сапраўды ўнікальная магчымасць!”

/i/content/pi/cult/349/6583/4-1.jpgУ кантэксце XVІІІ Мінскага міжнароднага фестывалю "Лістапад" асаблівым пунктам з'яўляецца падтрымка гэтай маштабнай культурнай падзеі шматлікімі спонсарамі - як з ліку бізнес-структур, так і гігантаў прамысловасці. Пра канцэпцыю падтрымкі кінафэсту па просьбе "К" распавёў генеральны дырэктар ААТ "БелАЗ" Пётр ПАРХОМЧЫК.

- Пётр Аляксандравіч, як даўно развіваецца супрацоўніцтва з "Лістападам"? Якім чынам яно распачалося?

- Супрацоўніцтва Беларускага аўтамабільнага завода з Мінскім міжнародным фестывалем распачалося летась, калі "БелАЗ" стаў адным са спонсараў форуму. "Лістапад" - гэта найбуйнейшы кінафорум краіны, які традыцыйна, цягам многіх гадоў, запрашае ў Беларусь таленавітых майстроў экрана. Мова кінематографа - адна з самых яркіх і магутных, фільмы ж праграм "Лістапада" разглядаюць складаныя праблемы чалавечых узаемаадносін.

- Чаму ў лік вашых "культурных" партнёраў трапіў менавіта "Лістапад"? Якімі правіламі прадпрыемства кіруецца ў іх выбары?

- Мы ўпэўнены, што поруч з вытворчасцю матэрыяльных даброт мы павінны садзейнічаць духоўнаму развіццю. І наадварот: духоўнае развіццё ўсяляк спрыяе ўдасканаленню самой вытворчасці. Прыгажосць нараджаецца ў сэрцы, адлюстроўваецца ў вачах і жыве ва ўчынках. Людзі, у чыіх сэрцах жыве прыгажосць, - таленавітыя, яны дасягаюць неверагодных поспехаў, ствараюць шэдэўры. На тых жа фільмах вырастаюць пакаленні нашых аўтазаводцаў. Таму мы аказваем усебаковую падтрымку развіццю талентаў: арганізоўваем і праводзім конкурс маладых эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд", падтрымліваем гандбольную каманду "БНТУБелАЗ", футбольны клуб "Тарпеда-БелАЗ". Цяпер жа на нашым прадпрыемстве праводзіцца конкурс інавацыйных і рацыяналізатарскіх ідэй ды праектаў "Маладзёжны патэнцыял - інавацыйнаму развіццю "БелАЗа".

- Распавядзіце, калі ласка, пра вашу дапамогу фестывалю. Што, на вашу думку, уключае паняцце "сацыяльная адказнасць"? Чаму вы лічыце мэтазгодным укладваць свае сродкі ў культурныя ініцыятывы?

- Канцэпцыя тут - вельмі простая. Дапамога Мінскаму міжнароднаму кінафоруму - гэта дапамога таленавітым людзям, імкненне падтрымаць смелыя ідэі і думкі, спрыяць іх данясенню да шырокай грамадскасці. Дзякуючы "Лістападу" кожны здолее спрычыніцца да сучаснага кінематографа, знайсці ў праграме "сваё" кіно, а таксама наладзіць кантакты са знакамітымі акцёрамі і рэжысёрамі. Гэта ж сапраўды ўнікальная магчымасць!

- Апошняе пытанне: на які фільм з фестывальнай праграмы вы хацелі б трапіць?

- Зразумела, цэласнае ўяўленне пра фестываль можна атрымаць, прагледзеўшы максімальную колькасць стужак, якія ўваходзяць у праграму кінафоруму. У мяне вялікі інтарэс выклікае карціна расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава "Алена". Гэты фільм выклікаў рэзананс яшчэ да выхаду ў пракат. Мяркуючы па рэцэнзіях, гэта неверагодна праўдзівая гісторыя жыцця, драма, што, на мой погляд, можа стаць ключавой на сёлетнім Мінскім міжнародным. Дадам літаральна яшчэ адну рэпліку. "Лістапад" - гэта сімвал высокаінтэлектуальнага мастацтва, фестываль, які прымушае гледачоў задумацца, пераацаніць свае ўчынкі і нават пераасэнсаваць жыццё. Жадаю поспехаў удзельнікам і арганізатарам свята кінамастацтва!..__   

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"