- Сакрэтаў не раскрыю, а вось сваім адчуваннем ахвотна падзялюся. Калі мы пачыналі фестываль, ён рабіўся, лічы, ні з чаго, а цяпер маем - Мінскі міжнародны! Мне тады хацелася разам з Валянцінай Сцяпанавай стварыць фэст для мінчан, знаёміць іх з дасягненнямі еўрапейскага і сусветнага кіно. Многія артысты тады ехалі проста ў госці да мяне, на маё імя, ды і фінансава ўсё было больш проста. Цяпер жа "Лістапад" стаў больш жорсткім па сваім фармаце. Вось, скажам, мы ўступілі ў FIAP.
Цяпер пра наш форум даведаюцца ў Кане, Венецыі, Берліне. Пакуль гэта выпрабавальны тэрмін, аднак, мяркую, маем падставы для далейшага развіцця, бо сяброўства ў FIAP дае свае перавагі.
Так, з колішняй ініцыятывы ўрача Сяргея Арцімовіча (у якую я, прызнацца, не надта каб паверыў) паўстаў сапраўды значны фестываль, што заручыўся падтрымкай Міністэрства культуры краіны, Мінгарвыканкама. І ўжо які год запар ён праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі значны момант увагі дзяржавы да культуры.
Што яшчэ сказаць? Мы з Генадзем Давыдзькам адзначаем паўналецце нашага "хлопчыка" - "Лістапада". Пабачым, што ж атрымаецца далей! Так, паўтаруся, ён стаў больш жорсткім, але не менш цікавым, запамінальным, родным для нас.