Ганчары і караваі

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Століншчына: традыцыі і сучаснасць

/i/content/pi/cult/348/6578/13-1.jpg

Абласны семінар дырэктараў і галоўных захавальнікаў фондаў дзяржаўных музеяў Брэсцкай вобласці прайшоў на базе Столінскага раённага краязнаўчага музея.

Удзельнікаў пры ўваходзе ў парк "Манькавічы" сустракаў Заслужаны аматарскі калектыў "Ансамбль народнай музыкі "Выцінанка". А ў Гістарычнай зале столінскага музея іх віталі... Князь Караль Радзівіл і яго жонка Ізабэла. У Зале ж гісторыі Вялікай Айчыннай вайны экскурсія была таксама тэатралізаванай: расповед вялі юнак і дзяўчына ў ваеннай форме.

Набыткамі збору і захавання традыцыйнай народнай культуры падзялілася ў сваім выступленні дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці Вольга Мацукевіч. Яна паведаміла пра інтэрактыўныя формы, якія выкарыстоўвае ўстанова для аказання платных паслуг. Так, выдадзена брашура "Вясельны каравай", дзе апісаны працэс ад выпечкі да ролі каравая на вяселлі.

Аб рабоце, скіраванай на папулярызацыю народнай культуры, казала старшы навуковы супрацоўнік філіяла "Мастацкі музей" Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Святлана Гуляева.

Тэма выступлення дырэктара Столінскага раённага краязнаўчага музея Святланы Вярэніч была прысвечана аднаму з найбольш вядомых промыслаў нашага раёна - ганчарству, якое атрымала развіццё ў вёсцы Гарадная. Ажыццяўленне праекта "Круціся, ганчарны круг!" дазволіла ў 2008-м стварыць Музей-сядзібу ганчара, дзе ўзноўлена жыллё рамесніка, яго майстэрня, склеп.

У другой палове дня ўдзельнікі семінара пабывалі на экскурсіі ў Цэнтры ганчарства і ў самім Музеі-сядзібе ганчара, дзе іх гасцінна сустракала дырэктар Цэнтра Алімпіяда Леанавец.

- Столінскі краязнаўчы - адзін з найбольш багатых у вобласці як па калекцыях, так і па формах працы, - адзначае дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў. - Тут актыўна і на высокім прафесійным узроўні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя і тэатралізаваныя экскурсіі, міжмузейныя праекты.

 Галіна ГАШЧУК

 Столін

На здымку: удзельнікаў семінара вітаюць Радзівілы.

 Фота аўтара