“З-пад засцежкі каптана Вітаўта…”

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

“Модны рахунак” вялікіх князёў

/i/content/pi/cult/348/6573/14-1.jpg

Засталося ўсяго некалькі дзён, каб на свае вочы пабачыць скульптурную выяву вялікага князя літоўскага Вітаўта. А разам з тым - адчуць стыль эпохі, яе эстэтыку.

Парт р э т н ы я скульптуры вялікага князя Вітаўта і караля Ягайлы, што былі створаны пры фінансавай падтрымцы буйной замежнай кампаніі, сёння прадстаўлены ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар пад час прэзентацыі скульптур шырокай грамадскасці падкрэсліў, што ў нашай гісторыі нямала славутых постацей, якімі мы павінны ганарыцца. І сярод іх, вядома ж, вылучаюцца асобы князя Вітаўта і караля Ягайлы.

Як адзначыў адзін са стваральнікаў скульптур, сябра Беларускага саюза мастакоў Павел Лук, даволі складаная праца вялася з сакавіка гэтага года і ўключала дэталёвы аналіз першакрыніц. У прыватнасці, вобраз Вітаўта быў створаны на аснове малюнка з асабістай пячаткі князя, мініяцюры пачатку XVI ст. і гравюры з кнігі Гваньіні 1578-га. За аснову партрэта Ягайлы ўзята выява з надмагілля караля, а адзенне ўзноўлена па выяве з іконы "Пакланенне трох каралёў". Варта нагадаць, што ранейшыя работы Паўла Лука прысвечаны такім знакамітым гістарычным асобам, як Эмілія Плятэр, Кастусь Каліноўскі і Францыск Скарына. Акрамя таго, у праекце па стварэнні скульптур прыняў удзел і Юрый Піскун, на "рахунку" якога - рэканструкцыя гістарычных касцюмаў для экспазіцый Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Але ж як выглядаў вялікі князь Вітаўт насамрэч? Гістарычныя крыніцы паведамляюць, што ён быў невысокі ростам, хударлявага целаскладу і адначасова надзвычай вынослівы і працаздольны.

Вось якім убачыў вялікага князя крыжацкі пасол Конрад Кібург, які прыбыў у Вільню ў 1395 годзе: "...Насіў Вітаўт на галаве лёгкае іспанскае самбрэра (што азначае "капялюш высокі", які ў ХIV - ХV стст. насілі князі ўсёй Еўропы), на сабе меў жоўты ядвабны каптан, зашпілены да самага горла залатымі гузікамі на залатых пятліцах. Сподняя сукня ружовая з татарскай тканіны і чырвоныя скураныя боты з залатымі астрогамі. На каптане - пояс, золатам гафтаваны, з тасьмы, нешырокі, пры якім кручкі для прышпільвання шаблі віселі, зашпілены на багатую спражку. Зверху- каптан цёмна-сіняга колеру, пашыты па-літвінску, толькі коратка падрэзаны. З-пад засцежкі каптана, над поясам, выглядала ручка кінжала, камянямі дарагімі высаджаная..."/i/content/pi/cult/348/6573/14-2.jpg

Паводле звестак кандыдата мастацтвазнаўства Ганны Барвенавай, Вітаўт замаўляў для сябе камплекты святочных строяў, пашытых па апошняй еўрапейскай модзе, што і пацвярджаюць запісы ў рахунках каралеўскага двара караля Уладзіслава Ягайлы і каралевы Ядвігі, а таксама - з кнігі выдаткаў двара самога вялікага князя. Згодна з імі, Вітаўт насіў кашулю з беленага палатна, зверху яе - туніку з каўняром або жупан, сподні суконныя і абутак з сукна або скуры. Зверху ж апранаў кажух лісіны, сабалёвы, з вавёрак ці з гарнастаяў, або "суконны плашч, падшыты сукном іншага колеру". Для розных каптанаў вялікага князя Вітаўта закупляліся аксаміт і шоўк чорны.

Як мяркуе Ганна Барвенава, Вялікае Княства знаходзілася ў агульнаеўрапейскім рэчышчы тагачаснай моды, што панавала пры заходнееўрапейскіх шляхецкіх дварах. Пра гэта, у тым ліку, сведчыць згадка ў каралеўскіх рахунках аб вырабу для вялікага князя Вітаўта ўбору, які хаваў пад шэрым аксамітам і старанна выкананым падшыццём з ватаванага палатна кальчугу, што надзейна бараніла ад забойцаў. Варта адзначыць, падобныя ўборы былі добра вядомыя ў Еўропе і сустракаліся, да прыкладу, яшчэ ў ХV ст. пры двары князёў бургундскіх.

Па словах дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргея Вечара, скульптуры Вітаўта і Ягайлы, іх аздоба зробленыя з улікам усіх дакументальных крыніц. Невыпадкова з адкрыццём новага будынка музея фігуры нашых славутых землякоў зоймуць ганаровае месца ў залах, прысвечаных сярэднявечнай гісторыі Беларусі.

На здымках: партрэтная скульптура вялікага князя Вітаўта;

 асабістая пячатка, якая стала правобразам твора.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"