Прытча пра чайную ружу і пра ружу чырвоную

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Віктар Тураў, які заўсёды заставаўся сабой. Частка 2

/i/content/pi/cult/348/6570/101.jpg

...А яшчэ ў кулуарах барацьбіты за мараль ганьбілі Турава за разводы з жонкамі. На гэтую далікатную тэму мы з Віктарам амаль не размаўлялі. Толькі калі-нікалі ён штосьці казаў "тэлеграфнымі" фразамі. Першых дзвюх жонак я не ведаў. Толькі ад Турава дазнаўся, што з першым яго каханнем - Святланай Зузенка - я, аказваецца, паступаў летам 1957 года ў ВГИК: пасля магілёўскай дзесяцігодкі яна вырашыла стаць актрысай. Віктар гэтым часам навучаўся рэжысуры. Перайшоў на трэці курс, але, калі не памыляюся, ужо меў запрашэнне працаваць на кінастудыі "Беларусьфільм". Як-ніяк, чалавек таленавіты, да таго ж, беларус, магіляўчанін - словам, свой, дамарослы...

(Заканчэнне. Пачатак у № 43.)

Святлана прайшла два туры, і тут Віктар сказаў: "Хопіць Ваньку валяць. Масква не для цябе, яна цябе загубіць", - і павёз нявесту ў Мінск, дзе яна разам з А.Мілаванавым, Ф.Варанецкім, Б.Масумян, Л.Крукам паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у майстэрню Д.Арлова. Калі яны ажаніліся, Тураву было 23 гады, Святлане - 20. І ў 1965-м у іх нарадзілася дачка Алена, сёння шырока вядомая як таленавіты кінарэжысёр, кампазітар, паэт. Але, як часта бывае ў асяроддзі творчых сем'яў, "любовная лодка разбилась о быт"...

 Другім разам Віктар узяў шлюб з актрысай Вольгай Лысенка, якая здымалася ў некалькіх яго карцінах, у тым ліку ў стужцы "Людзі на балоце", "Меншы сярод братоў", "Пераправа". Але пра дадзены перыяд жыцця Віця мне ніколі не расказваў. Затое я добра ведаю трэцюю і апошнюю жонку Турава - цудоўную Тамару. З ёй, мне здаецца, ён знайшоў сваё, па-сапраўднаму сямейнае, шчасце. Яно, на жаль, цягнулася не вельмі доўга...

А яшчэ я памятаю, як на маіх вачах Тураў пакутаваў над праектам новага Закону пра кіно, прынцыпы якога выказаў у сваім артыкуле, надрукаваным у "Советской Белоруссии" летам 1996 года. Па ганарар за гэты артыкул мы пайшлі разам у Дом друку (тады каса была там), атрымаўшы ж грошы, зайшлі ў гастраном па вуліцы Якуба Коласа, купілі з той нагоды што належыць, і праз пятнаццаць хвілін ужо сядзелі на кухні маёй кватэры. Гэта быў адзіны выпадак, калі Віця гасцяваў у мяне дома, хаця планаў наконт "сябраваць сем'ямі" было шмат...

Так ужо здарылася, што за паўгода да яго скону мы з Віктарам Цімафеевічам вельмі зблізіліся. Потым, калі ён апынуўся ў бальніцы, я прыходзіў да яго дватры разы на тыдзень, і мы вялі бясконцыя гутаркі пра тое-сёе. А перад ягоным юбілеем, 60-годдзем, - пра тое, каго ён хацеў бы бачыць за святочным сталом 25 кастрычніка. Гэтае пытанне, памятаю, на лесвічнай клетцы бальніцы абмяркоўвалі ўжо ўтрох: прыйшоў Дзіма Зайцаў - блізкі сябра Турава і любімы яго кінааператар...

Так, і гэты дзень - Дзень нараджэння Віктара - быў урачыста, на дзяржаўным узроўні, адзначаны ў Тэатры кінаакцёра, хаця вечар, шчыра кажучы, прайшоў не вельмі весела. Тураў быў ужо невылечна хворы, і ўсе тое ведалі. Яго прывезлі ў суправаджэнні медперсаналу. Пасадзілі ў прэзідыум, і ён стомлена, без усякага захаплення, слухаў доўгія прамовы чыноўнікаў ды калег з пажаданнямі здароўя і новых творчых поспехаў. Хаця калі яго павіншавалі з медалём Ф.Скарыны, Тураў трошкі падбадзёрыўся: усё ж першая (!) дзяржаўная ўзнагарода такога роду. Да гэтага, як ні дзіўна, ён не меў ні ордэнаў, ні медалёў... Дзяржпрэмія Беларусі яму была прысуджана пасмяротна.

Калі вечар скончыўся, на выхадзе з залы ён пабачыў мяне ў праходзе між крэсламі, падышоў, асцярожна абняў і сказаў: "Зараз руш у рэстаран гасцініцы "Кастрычніцкая". Аўтобусы - унізе... Вып'ем па чарачцы..." У рэстаране Тураў сядзеў побач з маці Марыяй Ісаеўнай ды сваякамі і мужна трымаўся за сталом пад наглядам дактароў. Людзей было шмат - тых, з кім Тураў працаваў на здымачнай пляцоўцы і кінаэкспедыцыях, хто прымаў удзел у стварэнні яго фільмаў, і проста сяброў, не звязаных з кіно. Хто б мог падумаць, што потым у гэтым жа рэстаране мы будзем памінаць і Мішу Пташука, і Валодзю Мулявіна...

Праз тыдзень, вечарам 31 кастрычніка, я прыйшоў да Віктара ў бальнічную палату. Мяне ўжо тут ведалі і таму прапусцілі без цяганіны. Ля ложка моўчкі сядзела прыбітая горам, ужо ні на што не разлічваючы, Тамара Турава, яго жонка. Віктар знаходзіўся ўжо ў непрытомным стане і на мой прыход ніяк не зрэагаваў. Прабыўшы некаторы час, я пакінуў палату. А бліжэй да поўначы Віктар Цімафеевіч сканаў... Мне патэлефанавалі, і тады, памятаю, у мяне імгненна з'явілася адчуванне пустаты. Нібыта ў наш "культурны дом" знянацку патрапіў цяжкі снарад, і там, недалёка ад нас, - пустэча, дзірка, і толькі маўклівае падзенне сумнага восеньскага лісця...

Праз колькі дзён я падрыхтаваў ліст у Парыж да Марыны Уладзі, якую, дарэчы, Тураў вельмі хацеў бачыць на сваім юбілейным вечары: усё ж яны былі добрымі сябрамі. Ліст я перадаў праз французскае пасольства, але адказу так і не дачакаўся. Відаць, у Марыны на той час былі іншыя клопаты...

Што я магу сказаць сёння, у дзень 75-годдзя Віктара Турава і праз 15 гадоў з дня яго сыходу ў іншы свет? Адно: ён годна нёс цяжар і гонар беларускай інтэлігенцыі. Сагнуты пад тым грузам, пакутаваў ад незаслужаных крыўд, часова, здаралася, замаўкаў - і ўсё ж такі нёс гэты цяжар і гэты гонар, ніводнага разу не кінуўшы іх у бруд. У мастацкім жыцці жывая прысутнасць Турава - чалавека няпростага, захопленага, імклівага - была своеасаблівым знакам высакароднасці, шчырасці, хараства і артыстызму.

Помніцца, як на памінках па ім Міхаіл Пташук сказаў: "Віктар Цімафеевіч - першы чалавек у беларускай кінематаграфіі, які вывеў "людзей з балота" на сусветны экран. Першы, праз чые карціны свет даведаўся пра маленькую краіну - Беларусь, якую Віктар так любіў, і нікуды адсюль не хацеў з'язджаць, хаця б мог..." Я ж дадам, што з сыходам Турава, а потым і Пташука адышла вялікая кінаэпоха Беларусі. І сёння адна надзея - на іхніх вучняў, на моладзь і на дзяржаву, канешне ж...

Што мог яшчэ стварыць Тураў, невядома, хаця шмат гадоў марыў зняць фільм "Фіеста45"- пра пераможцаў Вялікай Айчыннай, пра іх драмы і радасці, пра любоў і надзеі... Нават быў зроблены чарнавік сцэнарыя, але не будзем гадаць, што атрымалася б у выніку...

У сённяшні юбілей Віктара Цімафеевіча ўсё ж скажу: найлепшыя карціны яго ані не састарэлі і глядзяцца прыстойна, на вельмі высокім узроўні. Дай божа, каб ягоныя кінастужкі жылі яшчэ сто гадоў, каб іх больш глядзела наша моладзь.

 А той дыялог з Туравым, які быў надрукаваны ў дзевяці нумарах "К" у 1996 годзе, дайшоў да Масквы, да Камітэта па культуры і Дзяржаўнага культурнага цэнтрамузея У.С. Высоцкага. Мяне адшукалі і папрасілі хутка пераслаць ім яго (на рускай мове) для зборніка "Мир Высоцкого", які тады рыхтаваўся да 60-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча. Праз паўгода кніга, што адкрывалася маім матэрыялам пад назвай "Виктор Туров: "О дружбе с Высоцким я молчал шестнадцать лет...", выйшла ў свет і тут жа стала бібліяграфічнай рэдкасцю: усяго 500 экзэмпляраў на ўсю Расію! І тое - не на продаж. Але самае цікавае, што гэтую кнігу мне асабіста прывёз у Мінск Нікіта Уладзіміравіч Высоцкі - сын Паэта, Акцёра і Барда. Ён таксама вельмі паважаў Турава. І я, канешне ж, усе касеты з запісамі маіх гутарак з Віктарам падарыў Цэнтрумузею У.С. Высоцкага. Там яны знаходзяцца і па сёння...

 Тым часам

Марка Турава

Заўтра ў Магілёве завяршаецца тыднёвая праграма "Тураўская восень", прысвечаная памяці кінарэжысёра Віктара Турава - ураджэнца горада над Дняпром.

 Сярод тых асоб, што цягам тыдня дзяліліся з магіляўчанамі сваімі ўспамінамі пра слыннага рэжысёра, - яго дачка, рэжысёр і аніматар Алена Турава, яго вучні - пастаноўшчыкі Аляксандр Колбышаў, Іван Паўлаў, Аляксандр Анісімаў, Аляксандр Дзем'янкоў, Валерый Ляскоўскі, а таксама акцёр Аляксандр Кашпераў.

"Тураўская восень", што праводзіцца з 2001-га, заўжды набывае дадатковую фарбу па-за кіно. Сёлета гэта - спецгашэнне паштовай карткі з арыгінальнай маркай "75 гадоў з дня нараджэння В.Ц. Турава".

 У рамках кінатыдня адбыліся паказы стужак майстра "Людзі на балоце", "Я родам з дзяцінства", "Нядзельная ноч", "Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях"...

Пра Віктара Турава - яго сябры і калегі

Уладзімір Высоцкі, акцёр, паэт, спявак:

"Віктар Тураў - мой блізкі сябра. Не трэба ніякіх гідаў і перакладчыкаў, калі вы жадаеце паглядзець Беларусь, - трэба, каб Віця паказаў. Лепшага суправаджальніка па гэтай краіне не знайсці. Ён так любіць сваю радзіму, што можа паказаць усё. Ніхто вам не раскажа пра Беларусь так, як ён, гэты цудоўны хлопец і цудоўны рэжысёр... Пасля фільма "Я родам з дзяцінства" я працягваў пісаць для фільмаў "Вайна пад стрэхамі", "Сыны ідуць у бой". Шмат песень мной напісана, і вельмі многім я ўдзячны студыі "Беларусьфільм" і асабліва Віцю Тураву, які рызыкнуў у часы, калі да аўтарскай песні стаўленне было пустое, уставіць мае рэчы ў свае карціны. Нават калі не працаваў у фільмах Віктара, я прыязджаў да яго ў час здымак на натуры..."

Генадзь Гарбук, народны артыст Беларусі, выканаўца ролі Чарнушкі ў фільме "Людзі на балоце":

"Не магу сказаць, што з Туравым мы былі блізкімі сябрамі, хаця я ведаў пра яго многае. Ведаў, што кіно для яго было самай галоўнай справай жыцця, што ён меў сапраўдны байцоўскі характар, асабліва ў барацьбе з чыноўнікамі. Ён імкнуўся, як той Дон Кіхот, штосьці глабальна зрушыць у лепшы бок у нашым складаным кінематографе... Мне здаецца, яго кіпучая работа на пасадзе першага сакратара Саюза кінематаграфістаў не пайшла на карысць ягонай творчасці, бо занадта шмат сіл, здароўя і часу яна адняла... Але я ганаруся тым, што сыграў адну з галоўных роляў у яго бліскучым, па-сапраўднаму глыбока нацыянальным фільме "Людзі на балоце", сцэнарый якога Тураў таксама напісаў, дзе ён аказаўся таленавітым інтэрпрэтатарам Мележа. У час здымак Тураў выявіў сябе не толькі выдатным пастаноўшчыкам, але і мудрым чалавекам, сябрам для калектыву. Калі здымаўся фільм на натуры, я большую частку часу быў заняты ў тэатры - раніцай і ўвечары. І толькі ў перапынках мяне хутка забірала "кіношная" "Волга", дзе я адразу пераапранаўся, і везла мяне за Мінск, на Валовую гару, дзе была наша зімовая натура. А там ужо Тураў усё падрыхтаваў для здымак сцэны вяселля Яўхіма і Ганны. Я выходжу з "Волгі" - і... з плачам (па сцэнарыі!) адразу ж уключаюся ў ігру. Віктар задаволены: другога-трэцяга дубля гэтым разам не спатрэбілася. Наогул, мне з ім працавалася вельмі лёгка, мы разумелі адзін аднаго з паўслова..."

Алена Барзова, актрыса, выканаўца ролі Ганны ў фільме "Людзі на балоце":

"Усё, што рабіў Віктар Цімафеевіч, было бескарысліва. У яго была адкрытая душа. Ён не баяўся зайздрасці, таму што не дазваляў сабе зайздросціць. Тураў пастаянна даказваў, што цяжкай працай можна дасягаць добрых вынікаў. Яго імя- знакавае не толькі ў маім лёсе. Ён быў цудоўным сябрам і выдатным рэжысёрам. Асабіста для мяне - амаль сваяком і духоўна блізкім чалавекам. Мастацтва ягонае заўсёды будзе жыць у нашай памяці, а ён - у нашых сэрцах..."

Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Беларусі, рэжысёр:

 "Віктар Тураў адкрыў для сябе кінарэжысуру як найцікавейшую кнігу і прачытаў яе, не адрываючыся ні на імгненне. Усю, да апошняй старонкі. Ён быў і выдатным педагогам-майстрам. Самыя галоўныя яго ўрокі былі ўрокамі душы. Ён вучыў дабрыні, веры ў найлепшае ў чалавеку: любові да Радзімы, да бацькоў, да жанчыны, да дзіцяці - любові да Жыцця. Вучыў таму, што адчуваў сам..."

Уладзімір Гасцюхін, народны артыст Беларусі, выканаўца ролі Завальні ў фільме "Шляхціч Завальня...":

 "Такім сынам Белая Русь павінна ганарыцца. Ён па-сапраўднаму, аддана і шчыра, любіў сваю зямлю, кожны яе лапік. Але ягонага сэрца хапала і на большае. Гэта быў дзяржаўны чалавек. І ён ведаў, што кінематограф - гэта дзяржаўнае мастацтва. У савецкім кіно ён быў найярчэйшай зоркай..."

Яўген Дога, кампазітар, аўтар музыкі да фільма "Чорны бусел":

 "Віктар Тураў быў патрыётам Беларусі. Яго творчая платформа была дакладна акрэслена, і ўклад ягоны ў нацыянальную культуру Беларусі - велізарны. Але заўважана: творчасць такіх людзей належыць свету... Мне давялося прысутнічаць на апошнім яго юбілеі. Рэжысёр быў цяжка хворы, але ў памяці застаўся чалавекам несакрушальнай волі, які ўмеў і ў такім стане радавацца жыццю. Дзякуючы Тураву я пазнаёміўся з беларускімі народнымі інструментамі, пабываў у майстэрнях умельцаў. А яшчэ ў яго на кухні ўпершыню пакаштаваў дранікі і назаўсёды палюбіў іх..."

■ ■ ■

Аднойчы Віктар сказаў, што за свае фільмы ён ніколі не саромеўся, нават за тыя, дзе былі пралікі і няўдачы, бо "...каб у нейкай з карцін я прапаведаваў зло, бруд, антыгуманнасць - такога не было..." Сапраўды так...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"