Эквівалент душэўнага спакою

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Страх Чапека і Макропуласа

/i/content/pi/cult/348/6568/9-2.jpg

Iснуюць драматургiчныя творы, якiя ставяцца даволi рэдка, аднак уяўляюць з сябе прывабны, смачны "кавалачак" для акцёраў i рэжысёраў. Прычыны гэтага досыць банальныя: з аднаго боку, такi твор вiдавочна дазваляе заглыбiцца ў псiхалогiю вобразаў, адчуць аўтара ды i прадэманстраваць уласныя творчыя магчымасцi, з іншага ж- трымае "за каўнер" цвёрдая перакананасць, што сучасны глядач здольны ўспрымаць адно толькi камерцыйны, забаўляльны тэатр i не ў стане адэкватна падключыцца да iнтэлектуальнай драматургii. Некаторыя з рэжысёраў спрабуюць паяднаць два гэтыя светы, як тое зрабiла Таццяна Траяновiч у новай прэм'еры "Сродак Макропуласа" Карэла Чапека ў Тэатры-студыi кiнаакцёра.

Пасля працы над сваiм папярэднiм спектаклем- "№13" паводле Рэя Кунi- Таццяна Траяновiч i ў "Сродку Макропуласа" працягвае рабiць стаўку на дэтэктыўны жанр: яна разлiчвае, што менавіта прыхаваная да пары да часу iнтрыга i станецца той "разыначкай", якая прывабiць да спектакля гледача. Ды хаця сам па сабе разлiк гэты мае пад сабой пэўныя падставы, усё ж у дачыненнi да твора Карэла Чапека ён значна збядняе тое творчае поле, на якiм акцёры дэманструюць нам уласныя прафесiйныя знаходкi.

На жаль, рэжысёр не скарыстала таго патэнцыялу, якi давала спектаклю сцэнаграфiя Дзмiтрыя Мохава. Дэкарацыi, задуманыя ў першай частцы як кабiнет адваката, а ў другой - як тэатральнае закулiссе, здавалася, iснуюць самi па сабе, у статусе нi да чаго не абавязваючага i нiякiм чынам не задзейнiчанага "афармлення". А, мiж iншым, адчуванне i абыгрыванне дакладна зададзенай прасторы-атмасферы магло б пэўным чынам арганiзаваць i абазначыць тыя ролiамплуа, якiм надзяляе сваiх персанажаў Чапек. Бо для яго кожны з герояў - не проста чалавек са сваiм характарам, а своеасаблiвы "тыпаж" светапогляду i падыходу да жыцця.

Ды, папраўдзе сказаць, "Сродак Макропуласа" ва ўсе часы ўспрымаўся рэжысёрамi як матэрыял бенефiснага характару, дзе першай скрыпкай выступае выканаўца галоўнай ролi - спявачкi Эмiлi Мiрцi. У прэм'ерным спектаклi Тэатра-студыi кiнаакцёра яе выканала Вера Палякова (у другiм складзе гледачы змогуць убачыць Валерыю Арланаву). I варта зазначыць, актрыса дала падставы для сур'ёзнай размовы пра сваю гераiню. Веры Паляковай не ўпершыню iграць "жанчын без узросту" - варта згадаць хаця б яе гераiню з фiльма "На спiне ў чорнага ката". Аднак, у адрозненне ад кiнематографа, тэатральная прафесiя падкупляе менавіта тым, што акцёры iснуюць у непасрэднай блiзкасцi ад гледача, без "пасрэднiцтва" мантажу i спецэфектаў. I часта здараецца, што кiнапоспех зусiм не адпавядае тэатральным здабыткам. Чаго, прынамсi, не скажаш пра акцёрскую iгру Веры Паляковай. З першых хвiлiн iснавання на сцэне актрыса ўдала i дакладна перадае нам не ўзрост сваёй гераiнi (якой, паводле п'есы, нягледзячы на малады выгляд, ажно 337 гадоў), а- унутраны стан душы Эмiлi Марцi, чалавека, стомленага адсутнасцю магчымых жыццёвых адкрыццяў i з гэтай прычыны толькi фармальна "iснуючай" у свеце людзей./i/content/pi/cult/348/6568/9-1.jpg

Актрыса прыадкрывае нам той факт, што гераiня Чапека - фiгура не дэтэктыўнага шэрагу, яна - трагiчная ахвяра жыцця i людзей, дзяўчына, на якой у 18 гадоў быў пастаўлены першы "эксперымент" i якая з таго самага часу стала не такая, як усе. Позiрк яе "скрозь" людзей асаблiва характэрны ў сцэнах прызнанняў у каханнi, што адно за другiм сыплюцца з вуснаў мужчын рознага ўзросту, якiя, вiдавочна, ўжо не здольныя заiнтрыгаваць або нават проста зацiкавiць Эмiлi Паляковай. Аднак дэтэктыўная спружына, "сцiснутая" рэжысёрам, у шэрагу момантаў замiнае таму, каб драматызм гэты змог раскрыцца напоўнiцу. Асаблiва ў такой важнай - першай - сцэне з'яўлення Эмiлi Марцi. Рэжысёр пераконвае нас, гледачоў, што ў кабiнет адваката зазiрнула "дзiўная" жанчына, якая ведае тое, чаго не ведае нiхто iншы. I толькi ў фiнале спектакля, калi Вера Палякова пераадольвае-такi знiжэнне iнтэлектуальна-фiласофскага гучання п'есы i прамаўляе свой фiнальны маналог, становiцца зразумела, што перад намi прайшла гiсторыя жанчыны, якая страшэнна баялася памерцi, але ў вынiку ўбачыла, што заставацца жыць сярод тых, хто яе акружае, - яшчэ страшней.

А, зрэшты, гэта мог бы быць спектакль пра тое, што, па сутнасцi, у кожнага з нас, людзей, iснуюць свае страхi i фобii. Адны з нас старанна намагаюцца iх захаваць як мага глыбей, другiя - становяцца iх ахвярамi i рабамi, трэцiя пераключаюцца на iгру пачуццямi i эмоцыямi iншых, чацвёртыя робяць выгляд, што гэта ўсяго толькi iлюзiя... I ў вынiку амаль кожны пазбаўляе сябе магчымасцi атрымлiваць радасць i асалоду ад уласнага жыцця. Ды, урэшце, iнтрыга са сродкам Макропуласа, якi абяцае амаль вечнае жыццё, адыходзiць на другi план, трапляючы ў цень iншага, больш прынцыповага, пытання: якiм павiнна быць жыццё кожнага, каб нам не было сорамна нi за адзiн пражыты дзень? Цi iснуе "эквiвалент" душэўнага спакою i чалавечнасцi? I наколькi мы сапраўды здольныя i гатовыя бачыць ды разумець людзей, якія знаходзяцца i жывуць побач з намi?

На здымках: сцэна са спектакля;

Вера Палякова ў ролі Эмілі.

Фота Аляксандра ДЗМIТРЫЕВА