Музыка для курсантаў і…

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Духавы канцэртны аркестр “Няміга” распачаў у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў краіны цыкл канцэртаў беларускай музыкі.

 

Ініцыятарам акцыі выступіла кафедра інструментоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Традыцыі такога супрацоўніцтва "дзвюх М" - музыкі і міліцыі - закладаліся яшчэ ў савецкія часы.

Для першага канцэрта цяперашняга цыкла аркестр "Няміга" падрыхтаваў адмысловую праграму, дзе знайшлося месца як арыгінальным партытурам для духавых, так і пералажэнням. Рыхтаваліся і кампазітары: спецыяльна для праекта яны напісалі колькі новых твораў. Публіка вітала духавую музыку Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага, Віктара Войціка, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Каральчука, Мікалая Літвіна, Сяргея Янковіча, а таксама песні Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, Валерыя Іванова ў выкананні Марыны Васілеўскай.

- Мы былі вельмі ўражаны, - распавёў галоўны дырыжор аркестра "Няміга" Аляксандр Сасноўскі, - такім прыёмам. У зале было кіраўніцтва Акадэміі МУС, афіцэрскі склад, курсанты. Прызнацца, хваляваліся, бо праграма - далёка не простая для ўспрыняцця. Але сярод слухачоў аказалася шмат аматараў, якія і самі спрабуюць сябе ў музычнай творчасці. Так узнік яшчэ адзін праект: падрыхтаваць канцэрт, дзе саліраваць з аркестрам будуць курсанты.