Крыху сонца…

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Выстаўка мастацкага тэкстылю ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва — гэта працяг беларуска-грузінскага культурнага праекта.

 

Ён з поспехам стартаваў у верасні ў Гомельскай карціннай галерэі Г.Вашчанкі. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Пасольства Грузіі ў Беларусі.

У горадзе над Сожам выстаўка называлася "Маляванка - Нахатэбі". Яна аб'яднала сем мастачак з Грузіі - Кеці Каўтарадзэ, Эка Хунцарыя, Ніно Квавілашвілі, Ірму Рака Хапёр і Ніно Рака Хапёр, Эка Осепашвілі і Така Сазеашвілі, - а таксама трох іхніх калег з Беларусі: Ганну Балаш, Вольгу Аржанухіну і Таццяну Сінкевіч. Акрамя экспанавання сваіх работ, творцы папрацавалі "ўжывую" ў Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры "Жывіца". Разам з калегамі з Беларусі грузінскія мастачкі цягам некалькіх дзён праводзілі майстар-класы і па іх выніках (дзіцячыя малюнкі на тэму "Мая мара") стварылі манументальнае пано ў падарунак Цэнтру.

У Мінску ў перыяд экспанавання выстаўкі і на яе фоне будуць праведзены асобныя мерапрыемствы для інвалідаў і два спецпасяджэнні Кінаклуба Галерэі Шчамялёва, прысвечаныя гісторыі беларуска-грузінскіх культурных сувязей і, вядома, паказам грузінскага кіно - як класікі, так і сучаснага, цяпер у нас практычна невядомага.